Вы тут

Прырода аб'яднала тураўчан


На Гомельшчыне адным з пераможцаў адкрытага конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў стаў праект актывістаў з Жыткавіцкага раёна. Іх ідэя — правесці ў іх родным Тураве азеляненне і добраўпарадкаванне рэкрэацыйных зон урочышча П’явачнік. Справа ўжо зрушылася з месца. Жыхары аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі вельмі актыўна падтрымалі гэту грамадзянскую ініцыятыву.


З гонарам за землякоў расказвае аб тым, як у горадзе прыступілі да рэалізацыі праекта, старшыня Тураўскага гарадскога Савета дэпутатаў Ігар Міцюрыч. Па словах Ігара Леанідавіча, ва ўрочышчы, што на ўскраіне горада каля новенькіх шматпавярховікаў, некалі было невялікае возера, аблюбаванае рыбакамі і мясцовай дзятвой. З часам возера змялела, зарасло вербалозам, практычна здзічэла.

— Даўно марылі добраўпарадкаваць гэты прыродны куток, каб было чыста і ўтульна, — падкрэслівае старшыня Тураўскага гарсавета.

Летась непадалёку ад урочышча быў узведзены шматпавярховы дом для работнікаў Тураўскага малочнага камбіната. Тарэц новенькага пяціпавярховіка ўпрыгожвае мурал з выявай Кірылы Тураўскага.

— Стала відавочна, тэрыторыя ўрочышча, што побач з домам, павінна таксама адпавядаць і быць добраўпарадкаванай, — тлумачыць Ігар Міцюрыч. — Яшчэ з мінулай восені звярнуліся па дапамогу да прадпрыемстваў і арганізацый горада, каб пачаць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Жыхары дамоў, што побач з урочышчам, таксама вельмі актыўна адгукнуліся, прапанавалі сваю дапамогу ў ачыстцы тэрыторыі ад вербалозу. Узнікла ідэя ўдыхнуць жыццё ў стары П’явачнік і зрабіць каля возера гарадскую зону сямейнага адпачынку. Вырашылі прапанаваць праект азелянення і добраўпарадкавання рэкрэацыйных зон урочышча П’явачнік для ўдзелу у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Мы былі вельмі рады, калі даведаліся, што наш праект стаў адным з пераможцаў конкурсу.

Згодна з праектам, у выніку комплекснага добраўпарадкавання ўрочышча тут з’явіцца камфортная рэкрэацыйная зона з эколага-асветніцкім патэнцыялам. Будзе добраўпарадкавана больш чым два з паловай гектара тэрыторыі.

Фінансаванне грамадзянскай ініцыятывы прадугледжана на парытэтных пачатках. На рэканструкцыю ўрочышча П’явачнік неабходна 30 тысяч рублёў, 27 з якіх вылучана з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, і тры тысячы (згодна з умовамі не менш за 10 %) сабралі жыхары горада.

Дарэчы, праект актыўна падтрымалі працоўныя калектывы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, проста неабыякавыя жыхары Турава.

Акрамя грашовай дапамогі, людзі прапанавалі паўдзельнічаць у ініцыятыве і фізічна. Цяпер, як толькі дазволіла надвор’е, на тэрыторыі правялі суботнік. Прыйшло папрацаваць сюды каля сарака чалавек: работнікі ўстаноў адукацыі і культуры, прадпрыемстваў і арганізацый горада, працаўнікі камунальнай службы. На прыбярэжнай паласе прыбіралі смецце, леташнюю траву і лісце, выразалі хмызняк.

— Мы не толькі выступаем з ініцыятывай, але і самі прыкладаем намаганні для развіцця нашага горада. Падтрымліваць яго ў чысціні і парадку, па-мойму, абавязак кожнага, хто тут жыве, — падзяліўся настаўнік сярэдняй школы № 1 Турава Уладзіслаў Рабікаў.

— Прыемна мець пад акном прыгожую зялёную зону. На суботнік з радасцю выйшлі ў свой выхадны, — расказалі супрацоўнікі Тураўскага малочнага камбіната Сяргей і Вольга Стампкоўскія, якія ў мінулым годзе атрымалі кватэру ў новым доме якраз каля П’явачніка.

Папрацаваць на суботніку на ўрочышчы выйшаў і настаўнік сярэдняй школы № 2 Турава Аляксей Мароз. Аляксей Уладзіміравіч перакананы, што так дарослыя асабістым укладам паказваюць дзецям прыклад актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

— Нашы дзеці ўжо цікавіліся, калі і ім можна будзе паўдзельнічаць у праекце, — расказаў настаўнік .

Пакуль актыўныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўрочышча стрымлівае высокі ўзровень грунтовых вод. Як толькі будзе магчыма, на аб’екце пачнецца паглыбленне дна вадаёма, будзе працаваць землярыйная тэхніка. На ўрочышчы давядзецца яшчэ выкарчаваць пустазелле — драўняна-хмызняковую расліннасць, умацаваць берагавую лінію.

— Далей па плане — добраўпарадкаванне пешаходных і веласіпедных дарожак, зон адпачынку, спартыўнага і дзіцячага гульнявога гарадкоў, стварэнне малых архітэктурных форм, клумбаў. Прадугледжаны сістэма дэкаратыўнага і функцыянальнага асвятлення, паркоўка, — дадаў старшыня 

Тураўскага гарасавета Ігар Міцюрыч. — Лічу, што конкурс грамадзянскіх ініцыятыў — магчымасць для жыхароў населеных пунктаў у партнёрстве з дзяржавай увасобіць у жыццё сацыяльна значныя праекты на карысць сваёй малой 
радзімы.

Дарэчы, як заўважыў Ігар Леанідавіч, тураўская прырода, здаецца, таксама адгукаецца на актыўнасць людзей на тэрыторыі ўрочышча.

Ужо цяпер пасля добраўпарадкавання на вадаём прыляцелі вадаплаўныя птушкі. Тураў — вядомы пункт прыцягнення ўдзельнікаў акцыі па назіранні за птушкамі і папулярызацыі аднаго з самых займальных навуковых хобі — бёрдвотчынгу. Падчас сезонных міграцый у наваколлі старажытнага горада на адпачынак спыняюцца мільёны пералётных птушак, мноства з іх гняздуюцца тут. Таму добраўпарадкаваны стары П’явачнік, магчыма, стане новай любімай лакацыяй для бёрдвотчараў з розных куткоў краіны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Жыткавіцкай раённай газеты «Новае Палессе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.