Вы тут

Што людзі пішуць. Адзін дзень вайны — такі страшны і такі... шчаслівы


У нашай вёсцы Кашэвічы варожыя разведчыкі з’явіліся другога жніўня 1941-га — прыехалі ціха, на веласіпедах. Для пяці савецкіх байцоў, якія неслі службу назірання за нямецкімі самалётамі, іх з’яўленне аказалася нечаканым. І ўсё ж у перастрэлцы некалькі фрыцаў загінулі.


Фота БелТА

Не дзіва, што неўзабаве на вёску, на смельчакоў ды байцоў з мясцовага атрада самаабароны, наляцела ўжо зграя фашыстаў! Завязаўся сапраўдны бой, пасля якога немцы спаганялі сваю злосць на вяскоўцах: забілі многіх ні ў чым не павінных людзей, спалілі ўсе пабудовы, усю маёмасць. Так наша сям’я апынулася ў зямлянцы, дзе пражыла проста безліч галодных, халодных, страшных дзён. Але ж найчасцей я ўспамінаю адзін.

Дата яго — не ў памяці. Таму прыкладна канец чэрвеня 1944-га. На досвітку прашумела навальніца з моцнымі грымотамі, дождж уліў — як з вядра... У нашай зямлянцы не вытрымаў дах, хоць ладзіўся, як здавалася, вельмі грунтоўна: альховыя жэрдкі высцілаліся чаротам, паверх яго выкладваўся слой дзёрну... Але ж вада знайшла сабе дзірачкі. Добра, што не там, дзе мы спалі.

Першай як заўжды прачнулася мама, патупала каля печкі, пайшла да студні па ваду. Якраз там ад суседа пачула ўсхваляванае: «Уцякай, Агапа! Вось-вось наляцяць немцы... Яны ж цяпер — як тыя сабакі... Не паглядзяць, што ў цябе малыя... Заб’юць...»

Мама прыбегла ў зямлянку. Мы, дзятва, ужо не спалі — сабраліся хутка і неўзабаве рушылі з зямлянкі, пайшлі шукаць паратунку — нейкага больш бяспечнага месца.

Пасля навальніцы ў кожнай нізінцы блішчэла вада. Нашмат папаўнела і рачулка, што цякла за нашымі агародамі. Дзве альховыя кладкі аказаліся падтопленымі, але Вася, мой старэйшы васьмігадовы брат, не пабаяўся — лёгка і смела перабег на іншы бераг. Сеня, меншы за Васю, ужо асцярожнічаў, але перашкоду таксама адолеў. А я на кладку нават ступіць не мог — баяўся...

Тады цераз рачулку перайшла мама, пасадзіла на купіну маленькага Грышу і вярнулася па мяне. Мы пайшлі далей — пад босымі нагамі хлюпала вада, сонца падымалася вышэй і вяртала нядаўнюю спёку.

Неўзабаве сцежка вывела нас да грудка, на якім мне дужа не пашчасціла — я балюча пракалоў нагу... Ішоў ззаду, кульгаў ды ціха плакаў, каб не пачула мама.

Як толькі перайшлі грэблю, паказаліся буданы (у нас іх звалі куранямі), паміж якімі мільгалі людзі. Мама зазірнула ў крайні, што туліўся да каржакаватай сасны, і паклікала нас. У паўзмроку мы адразу пазналі дзеда Аляксея, які сядзеў на хваёвых лапках. Да яго далучылася ўся наша сям’я. Мама анучкай перавязала мне рану (боль адразу прыціх) і пакарміла малога Грышу, бо ён моцна плакаў. А вось развязаць клуначак і хоць нешта даць есці нам не паспела: да вушэй даляцела гучнае «Не-е-мцы!»

Усе, хто мог — дарослыя, дзеці, — павыбягалі з куранёў і сталі разбягацца хто куды, мясілі багну так, што, здавалася, стогне балота. Уцёк і дзед Аляксей... А мама была настолькі стомленай, што ледзь паднялася. Грыша драмаў у яе на руках, побач таўкліся Вася, Сеня і я. Чулася страляніна. У нас над галовамі, над востравам праляцеў нямецкі самалёт, наваколле скалануў моцны выбух... Яшчэ некалькі бомб разарвалася за востравам. А самалёт развярнуўся, знізіўся і кулямётным агнём стаў «паліваць» курані.

Мама падвяла нас да лагчыны, пад густую разлапістую елку, памалілася і папрасіла: «Дзеткі, сядзіце ціха! Дасць бог, немцы нас тут не знойдуць!» Ад гэтых слоў у мяне па целе пабеглі дрыжыкі, страх ахапіў душу. Мы сядзелі нібы здранцвелыя, прытуліўшыся да ствала, як тыя зайчаняты...

У некалькіх кроках ад елкі прайшоў фашыст. Яго вялікія боты моцна шоргалі па галлі.

...З часам гамонка і страляніна сціхлі. Востраў ахапіў едкі дым — гарэлі курані.

Мы вылезлі са сваёй хованкі і пайшлі на ўсход. У той дзень на востраве было забіта і спалена больш дзесяці чалавек. Некаторых там жа і пахавалі. Але пра гэта мы даведаліся пазней, а тады нам страшэнна хацелася есці!
Кожнаму з нас мама дала па дзве вараныя бульбіны. Сама не ела нічога.

Падсілкаваўшыся, мы паціху пайшлі далей.

Каля маладога сасонніку заўважылі старога мужчыну, які, абапёршыся на кій, нешта разглядаў у нізіне і плакаў, прыгаворваючы: «За што ж мне такое гора?»

Мама падышла да яго, спытала, мо чым дапамагчы? Ён сказаў: «Не, галубка, тут ужо нічым не дапаможаш».

Мы ўсе таксама паглядзелі ў нізіну і ўбачылі, што там тварам уверх ляжыць мёртвая акрываўленая жанчына, па ёй поўзае спэцканае ў кроў, ледзь жывое дзіцятка...

Амаль тут жа побач з’явіліся дзве жанчыны. Маладзейшая рынулася да малога, падняла на рукі і загаласіла, старэйшая — апусцілася на калені каля мёртвай маладзіцы і стала нешта гаварыць.

Мама павяла нас далей ад гэтага страшнага месца.

...Сонца схавалася за гарызонтам, калі мы трапілі ў адрыну дзядзькі Аўрама. Непадалёк ад яе была наша зямлянка, але нас туды мама не павяла — пабаялася, вырашыла, што спачатку сходзіць адна.

Мы засталіся з бабуляй Марозіхай, якая таксама адпачывала ў адрыне... А мама і сапраўды вярнулася досыць хутка — праўда, моцна заплаканай. Сказала, што нашу зямлянку нехта абрабаваў: украў дзяружкі, якімі мы накрываліся, апошнюю падушку, два чыгункі і драўлянае вядро.

Нягледзячы на гэта, я і мае браты Вася, Сеня і Грышка (хоць ён наўрад ці што разумеў) былі вельмі шчаслівыя, бо ў той дзень небяспека абышла нас бокам.

Уладзімір ПУГАЧ, ветэран працы, дзіця вайны

Петрыкаўскі раён


У дарозе дай бог спадарожніка, у жыцці — сапраўднага сябра

Не раз здаралася чуць, што не бывае, маўляў, жаночай дружбы.

Шкада мне ўсіх, хто ў гэтым упэўнены: не пашчасціла ім у жыцці. А вось мне...

Мы з Сашай (цяпер ужо Аляксандрай і нават Іванаўнай) нарадзіліся і выраслі на адным Засвяціцкім хутары. Розніцы ва ўзросце ў нас не было. Хіба ў матэрыяльным становішчы?

Саша — родам з вялікай зводнай сям’і. У яе бацькоў гэта быў другі шлюб: першага мужа матулі расстралялі карнікі, першую жонку бацьк— бандыты, асіраціўшы пры гэтым шасцярых непаўналетніх дзяцей.

Згадзіцеся, не кожная жанчына адважылася б прыйсці гаспадыняй у такую вялікую сям’ю, да таго ж у старую цесную хаціну, у цяжкія пасляваенныя гады.

Вольга Тарасаўна (светлай памяці!) не пабаялася ні адказнасці, ні бясконцых клопатаў: запраглася ў цяжкі воз і ў хуткім часе на падворку ў іх (муж Іван Фёдаравіч быў загадчыкам у мясцовай краме), апроч свіней, гусей ды курэй, з’явіліся дзве каровы, свой конь, паступова стаў будавацца і новы прасторны дом... Вольга Тарасаўна нават пчол развяла! Так што Саша, досыць позняя яе дачушка, жыла не толькі ў любові ды клопаце, але і ў дастатку, які мне, чатыром маім братам ды нашай матулі нават не сніўся. Мы перабіваліся на нішчымніцы, у голадзе ды холадзе (старой дзядулевай хатцы, накрытай саломай)... З гаспадаркі мелі хіба што курэй.

...На шчасце, узровень дабрабыту зусім не перашкаджаў нашаму сяброўству. Малыя, мы пастаянна бегалі адна да адной, хадзілі ў адну школу. Саша да сёння памятае, як мяне, цяжкахворую, паклалі на покуці, як у галовах запалілі свечку, як жанчыны, сабраўшыся ў хаце, уздыхалі ды прыгаворвалі «Бог даў, Бог узяў...»

Але ж ён і сапраўды, узяў ды прыслаў у хату сваячку, якая ледзь не з парога спытала ў ачмурэлай ад гора мамы: «Што ты робіш? Яе ж трэба ў бальніцу!»

Укруціўшы мяне ў нейкія лахманы, мама з братам на саначках дацягнулі мяне да брыгаднага двара, конюх запрог каня, падаў лейцы брату.

І тут Бог яшчэ раз прыйшоў на дапамогу, бо ледзь не апоўначы мяне агледзела доктар Варвара Іванаўна Кулікоўская, прызначыла лячэнне, дзякуючы якому я пайшла на папраўку, вярнулася ў школу.

...Рэдкая беднасць, каб не казаць галеча, прымушалі мяне вучыцца, думаць пра паступленне ў інстытут, сяброўцы жыццё дазваляла пачувацца вальней. У выніку я стала настаўніцай, Сашу прыслалі працаваць піянерважатай у тую ж самую школу. Зноў цесная дружба, ізноў адны сакрэты. Яна давала чытаць мне пісьмы свайго кавалера, які служыў у войску і які, вярнуўшыся, павёў маю Сашу ў ЗАГС, у хату сваіх бацькоў.

Выйшла замуж і я.

Пра нябожчыкаў, як той казаў, альбо добра, альбо нічога... Але ж у гэтай фразы ёсць працяг: «...апроч праўды».

Дык вось, калі па ёй, па праўдзе, то з мужамі нам з Сашай, мякка кажучы, не пашчасціла. Салтыкоў-Шчадрын (гэта праверана!) вельмі правільна пісаў, што з усіх няшчасцяў, якія выпадаюць на долю чалавека, самыя страшнейшыя менавіта дамашнія. Яны не кідаюцца ў вочы, не знішчаюць чалавека адразу: яны мала-памалу атручваюць усякі міг ягон існавання, робяць нават няздольным жыць.

Але ж разводзіцца (ды ў вёсках) моды тады не было. У горы мы з Сашай гадавалі сваіх дзяцей, як маглі і чым маглі дапамагалі адна адной, выручалі, часцяком разам плакалі і... весяліліся: нашы сыны раслі здаровымі, добра вучыліся, станавіліся годнымі людзьмі. Нам з

Сашай вельмі пашчасціла на нявестак, мы прычакалі ўнукаў.

...На працягу апошніх дзесяці гадоў сяброўка зноў працавала са мной у адным экіпажы. Я — загадчыцай аддзела сацабароны райвыканкама, яна — загадчыцай аддзялення па надомным абслугоўванні састарэлых і адзінокіх. І зноў поўная падтрымка, поўнае ўзаемаразуменне.

Але ж гэта не значыць, што не здаралася нейкіх дробных спрэчак ды канфліктаў, у якіх мы абедзве цудоўна разумелі, што ідэальных людзей проста не існуе: трэба ладзіць з усімі, а найперш ні словам, ні справай не крыўдзіць тых, хто побач, — у сям’і, у суседстве, на працы, хто цягам жыцця быў з табой у бядзе і ў радасці.

Ніна БУРКО

в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Імя як брэнд...

Мемарыяльная дзейнасць бібліятэк Расіі і Беларусі

Гэтай тэме быў прысвечаны вэбінар (анлайн-сустрэча) супрацоўнікаў нашай біблітэкі з калегамі-расіянамі — бібліятэкарамі Кузнецкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Радзішчава.

Падчас яе адбыўся надзвычай плённы абмен вопытам. У прыватнасці, нашы спецыялісты расказалі пра асветніцкія праекты, якія знаёмяць жыхароў Баранавіччыны з творчай спадчынай слаўнага земляка — паэта, публіцыста, навукоўца, грамадскага дзеяча, рэвалюцыянера Валянціна Таўлая, чыё імя носіць бібліятэка... Не менш карысным і вартым пераймання аказаўся вопыт калег з Пензеншчыны аб захаванні памяці паэта, пісьменніка, філосафа Аляксандра Радзішчава.

Прафесійны форум стаў важнай падзеяй у культурным жыцці двух гарадоў, прычым далёка не апошняй: да канца года плануецца правесці яшчэ чатыры вэбінары з расійскімі калегамі. Тэмы, выбраныя для дыялогаў, носяць краязнаўча-патрыятычную накіраванасць.

Іна РУШНІЦКАЯ

г. Баранавічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.