Вы тут

Традыцыя — быць пераможцамі


Працавітасць, актыўная грамадзянская пазіцыя і ініцыятыўнасць. Здаецца, іншымі словамі і не апісаць студэнтаў і педагогаў, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці экалагічнага студэнцкага атрада «Буравеснік» імя В. П. Пуганава, створанага на базе Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. У чым яго ўнікальнасць? А ў тым, што з моманту свайго з’яўлення байцы штогод станавіліся найлепшымі на ўзроўні краіны ў сваёй намінацыі. Мы вырашылі даведацца, у чым сакрэт такога поспеху.


Камандзір экалагічнага атрада «Буравеснік» Дзмітрый Гарбачэнка

Са студэнтамі і педагогамі сустрэліся ў канферэнц-зале каледжа, паліцы якога ўпрыгожаны шматлікімі ўзнагародамі.

— У 2019 годзе нам прапанавалі прыняць удзел у працы студэнцкага атрада на базе Кобрынскага вопытнага лясгаса. Мы вырашылі, што ідэя цікавая, трэба спрабаваць, — дзеліцца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Ірына Гулюта.

Навучэнцы працуюць на тэрыторыі Засімаўскага базіснага лесагадавальніка на працягу двух тыдняў. Там яны займаюцца падрыхтоўкай грунту пад пасадкі ў гаршчкі, праполкай, перасадкай укаранелых чаранкоў і г. д. На ўвесь гэты час ім даюцца інтэрнат і транспарт да месца працы. А ўвечары пасля плённага працоўнага дня байцоў чакаюць забаўляльныя мерапрыемствы. Дарэчы, экалагічны атрад карыстаецца вялікім попытам сярод навучэнцаў.

Навучэнцы працуюць на тэрыторыі Засімаўскага базіснага лесагадавальніка

— Праца цікавая і на свежым паветры. Да таго ж, у адрозненне ад будаўнічага атрада, у экалагічны могуць ісці яшчэ і дзяўчынкі, а не толькі хлопчыкі, — дадае Ірына Гулюта. — Наогул пасля працы ў экалагічным атрадзе многія навучэнцы вельмі моцна здружваюцца і далей падтрымліваюць цёплыя адносіны.

Безумоўна, для многіх студэнтаў такая праца — гэта магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Зарплата добрая, і ўсё афіцыйна — па дамове і з запісам у працоўнай кніжцы. Таксама, паводле слоў камандзіра тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Кобрынскай раённай арганізацыі ГА БРСМ Марыны Мартынюк, вельмі важна падтрымліваць студатрадаўскі рух на ўсіх узроўнях. Таму для дадатковай матывацыі найлепшых студэнтаў мясцовая арганізацыя БРСМ традыцыйна заахвочвае рознымі сертыфікатамі, ганаровымі граматамі. І пра кіраўнікоў, вядома, таксама не забываюцца, бо вялікая доля адказнасці за поспех экалагічнага атрада «Буравеснік» ляжыць на камандзіры і камісары.

Так, Дзмітрый Гарбачэнка ўжо двойчы быў на пасадзе камандзіра. Сам ён — майстар вытворчага навучання ў каледжы, таму знайсці агульную мову з больш чым дваццаццю падапечнымі для яго нескладана.

— На час працы атрада ты для студэнтаў як «другі бацька». Працуеш нараўне з імі, каб быць прыкладам, — распавядае Дзмітрый Гарбачэнка.

Для самога маладога чалавека гэты кіраўнічы досвед быў вельмі карысным. Ён сур’ёзна задумаўся аб тым, каб развівацца і ў будучыні стаць кіраўніком.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, праца ў якасці камандзіра і камісара можа быць добрым штуршком у плане асобаснага росту.

— Узяць хоць прыклад нашага камісара Валерыі Чарапанавай. Яна літаральна раскрылася на гэтай пасадзе. Стала больш упэўненай у сабе, пачала настаўніцтвам займацца. Думаю, яна шмат дасягне, не выключана, што і на кіраўніцкай пасадзе, — дадае Ірына Васільеўна.

Дык у чым жа сакрэт таго, што ўжо пяты год запар экалагічны атрад «Буравеснік» імя У. П. Пуганава становіцца пераможцам Рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр»? У зладжанай рабоце студатрадаўцаў і педагогаў, якія дапамагаюць у прыгожым выглядзе прыпаднесці вынікі праведзенай работы.

— Калі вы паглядзіце часопіс студатрада, то ўбачыце сухія лічбы. Таму для ўдзелу ў конкурсе абавязкова патрэбен творчы падыход, — распавядае Ірына Гулюта.

Яны кампануюць усю інфармацыю і робяць з яе сапраўдны арт-аб’ект. Напрыклад, у 2023 годзе гэта была зялёная кніга. Важная ўмова заключаецца ў тым, што ўсё павінна быць зроблена з прыродных матэрыялаў, максімальна набліжаных да працы экалагічнага атрада.

— Поспех залежыць ад працы каманды. Кожны чалавек — вельмі адказны, ніхто не падводзіць, — дадае Ірына Васільеўна.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара і з архіва каледжа

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.