Вы тут

Камандзір вядзе за сабой


Для многіх прадстаўнікоў моладзі ўступленне ў студэнцкі атрад падчас навучання становіцца яркай прыступкай у дарослае жыццё. Хтосьці знаходзіць сяброў і зарабляе першыя грошы, а хтосьці дасягае большага. Сёлета пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай Вадзім Ложачнік быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».


Да паступлення ў ПДУ малады чалавек скончыў сталічны будаўнічы ліцэй № 12 і Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж. Цяпер Вадзім асвойвае спецыяльнасць «Аўтамабільныя дарогі» і адначасова сферу прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Нягледзячы на тое што львіную долю свайго часу і сіл хлопец прысвячае вучобе, доўгія гады асаблівую палічку ў яго сэрцы займала студатрадаўская дзейнасць — ён працяглы быў камандзірам атрада «Эўрыка», які не першы год у краіне прызнаецца найлепшым.

Герой лічыць, што кожны студэнт можа выбраць сам, як правесці гады ва ўніверсітэце: напоўніць іх яркімі фарбамі або пераўтварыць у руціну. Вадзім абраў першы варыянт і не пралічыўся, бо прыкласці руку да будаўніцтва беларускай АЭС і пабываць на касмадроме ўдаецца далёка не ўсім. У складзе «Эўрыкі» сёння 20 студэнтаў з розных факультэтаў, кожны з іх валодае талентамі, якія дапамагаюць атраду пацвярджаць званне найлепшага ў краіне. І калі дзесяць гадоў таму ў будаўнічы атрад прымалі ўсіх жадаючых, то сёння ў рады полацкіх актывістаў высокі кастынг.

У летапісе студатрада, якім некалькі гадоў кіраваў Вадзім, нямала запамінальных і ганаровых старонак. Так, з 2014 года маладыя людзі пачалі працаваць на будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі. «Гэта значны і адказны аб’ект. Каб патрапіць у Астравец, мы праходзілі сур’ёзны адбор», — расказвае былы камандзір. Ветэраны «Эўрыкі», якія пачыналі будаўніцтва, яшчэ памятаюць, як выкладалі тратуарную плітку, а іх паслядоўнікі ўжо шчыравалі на аб’ектах жыллёвага фонду, маладзёжнага цэнтра, добраўпарадкаванні тэрыторыі АЭС. «За гады нашага ўдзелу ў будаўніцтве шмат чаго змянілася. Астравец стаў горадам будучыні — новым, камфортным, сучасным. Прыемна ўсведамляць, што мы, полацкія студэнты, таксама ўнеслі ўклад у гонар нашай краіны», — дзеліцца эмоцыямі Вадзім.

А ў 2022 і 2023 гадах байцы прымалі ўдзел у будаўніцтве аб’ектаў касмадрома «Усходні», што знаходзіцца ў горадзе Цыялкоўскі Амурскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У жніўні 2022-га студэнты будавалі кватэры для работнікаў касмадрома, метэастанцыі, а летась ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні стартавага корпуса «Ангара», з якога і будуць запускаць ракеты.

Летась Вадзім узначаліў штаб студэнцкіх атрадаў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Але не толькі ў летні сезон і не толькі на рабоце на буйных аб’ектах студатрадаўцы займаюцца добрымі справамі. Зімой «Эўрыка» дапамагае пажылым людзям на Гомельшчыне, займаецца з дзецьмі. Цэлы год атрады змагаюцца ў розных спартыўных і творчых конкурсах, па выніках якіх размяркоўваюцца месцы на рэспубліканскім студатрадаўскім Алімпе. Сёлета полацкі студатрад імя Героя Савецкага Саюза В. І. Еранько сёмы раз запар стаў найлепшым у краіне, у агульнай колькасці студэнты ўжо дзявяты раз прывезлі перамогу ў альма-матар. Адзін з пераходных сцягоў ужо застаўся ў ПДУ назаўсёды, мэта цяперашніх байцоў — пакінуць ва ўніверсітэце яшчэ адзін такі сцяг.

Атрыманне высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны» Вадзім лічыць агульнай перамогай усіх членаў «Эўрыкі». «Вельмі прыемна, што наш энтузіязм, намаганні і сілы былі адзначаны на ўзроўні вобласці. Гэта прымушае рухацца толькі наперад», — расказвае герой. Але такая ўзнагарода не першая ў скарбонцы камандзіра: у 2022 годзе нечакана для сябе Ложачнік па выніках гарадскога спаборніцтва «Праца. Слава. Пашана» быў удастоены звання «Чалавек года горада Наваполацка» ў намінацыі «Моладзь».

Напрыканцы пяцікурснік даў параду будучым студэнтам: уступайце ў студатрады сваіх навучальных устаноў. «Невядома, у якія класныя далечы могуць завесці гэтыя сцежкі. Вы нічога не згубіце, а пры вялікім жаданні — нават памножыце. Тады гады студэнцтва прынясуць не толькі веды, але і карысны вопыт», — дзеліцца ён.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота ПДУ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.