Вы тут

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца


Песні гэтай папулярнай спявачкі «Твоя девочка», «Не услышу», «Не жди домой», «Водопадами падали», «Танцуй», «На сдачу» і іншыя займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. Маладая вакалістка пачала шлях на сцэну яшчэ ў дзяцінстве і хутка адзначыць 20-годдзе сваёй творчай дзейнасці. За гэты час яна шмат чаго дабілася ў прафесіі: працавала ў складзе ансамбля Людмілы Зыкінай «Расія», стала лаўрэатам конкурсу выканаўцаў рускага раманса «Рамансіяда», пераможцай «Песні года» ў 2019-м і 2022-м, супрацоўнічае з Прэзідэнцкім аркестрам. Сёння госця «Чырвонкі. Чырвонай змены» Вераніка Цубікава расказала, чаму жыве на два гарады, дзе яе можна сустрэць у Мінску, як стасуецца з прыхільнікамі і чаму лічыць прафесію артыста адной з самых складаных.


«ТАК, ЯК ДОМА, НІДЗЕ БОЛЬШ НЕ АДПАЧЫВАЕЦЦА»

— Вераніка, раскажыце пра сябе і пра тую частку жыцця, якая звязана з Масквой.

— Я нарадзілася ў Мінску. З гэтым горадам звязана маё творчае станаўленне. Што датычыцца Масквы, то там вучылася ў інстытуце на вакальным аддзяленні. Перыядычна езджу туды, прымаю ўдзел у шматлікіх праектах, канцэртах. У Маскве ёсць і калегі, і сябры, таму жыву на два гарады.

— Ці часта ўдаецца пабыць дома, у сямейным коле?

— Стараюся выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб сустрэцца з роднымі, абмяняцца навінамі, энергіяй, адпачыць душой і целам. Так, як дома, нідзе больш не адпачываецца. У мяне дастаткова актыўнае жыццё, але дома я лепш за ўсё сплю. Тут мае родныя, мой сабака. І, вядома, заўсёды ўцешна выкраіць адзін выхадны і хоць крыху пабыць з сям'ёй.

— Якія любімыя месцы ў Мінску?
— Цяпер такая колькасць цікавых месцаў — штосьці адно вылучыць не магу. Здаецца, была паўсюль у горадзе. Аднак заўсёды стараюся наведваць новыя месцы. Сачу за сталічным жыццём, каб быць у курсе, што ў нас адбываецца. Наведваю выставы, прэм’еры, як і многія жыхары сталіцы.

«СВОЙ ВЫБАР ЗРАБІЛА САМА, СВЯДОМА»

— Ці ёсць у вас аўтарытэт у творчасці?

— Асобна некага вылучыць не магу. Цікавяць многія артысты, адкрываю для сябе нешта новае ў іх. Напрыклад, сваім голасам падабаецца Уітні Х’юстан, Мадонна — касцюмамі, галаўнымі ўборамі, Алсу імпануе сваёй пяшчотнай энергетыкай. Назіраю і за маладымі артыстамі.

— Як у вашым жыцці з’явілася музыка?

— У мяне бабуля музыкант, таму я заўсёды знаходзілася ў творчым асяродку. Але свой выбар зрабіла сама, свядома. Разумела, што хачу быць спявачкай. Ладзіла хатнія канцэрты, рабіла квіточкі, запрашала сваіх бацькоў, бабуль, дзядуляў (смяецца). І заўсёды слухала музыку. Над ложкам стаяў магнітафон, які ўключала кожны вечар. Практыкавалася тым рэпертуарам. Патрабавала, каб мяне аддалі на музыку, і прывяла бацькоў у музычную школу за руку. На той момант мне было пяць гадоў, таму з-за ўзросту мяне не ўзялі. Сказалі: прыходзьце налета. На жаль, тады не было прыватных музычных студый, як цяпер. Вядома, прывяла туды бацькоў і на наступны год. І пачала займацца музыкай. Закруцілася-паняслося — конкурсы, канцэрты, раённыя, гарадскія мерапрыемствы, святы; потым інстытут, стварэнне аўтарскай музыкі. Усё гэта бесперапынны працэс. Адчувала, што без музыкі, без песень не змагу жыць шчасліва і паўнавартасна.

«ТВОРЧАЕ ЯРКАЕ ДЗЯЦІНСТВА — ГЭТА ПАДАРУНАК»

— Раскажыце пра сваё дзяцінства.

— У мяне яно было шчаслівае. Я не наведвала дзіцячы садок, а хадзіла з бацькамі па чарзе на працу. Бабуля, акардэаністка, брала мяне на мерапрыемствы, канцэрты. Карацей, жыла дастаткова дарослым жыццём. Ладзіла міні-канцэрцікі для мамы ці вучняў сваёй бабулі. Паўсюль старалася знайсці аўдыторыю і месца для выступленняў. Дагэтуль яшчэ не адышла ад таго шчыльнага графіка, які быў пачынаючы з першага класа. Памятаю, расклад быў падбіты секунда ў секунду. Дайсці ад гімназіі да метро займала тры хвіліны, потым чатыры хвіліны было, каб даехаць да станцыі, і яшчэ сем хвілін, каб дабегчы да музычнай школы — і так увесь тыдзень. Паспявала займацца і танцамі, і музыкай, і ў тэатральным гуртку. Творчае яркае дзяцінства — гэта падарунак. Асабліва, калі ты робіш усё добраахвотна. Часам гэта здавалася складана, а цяпер разумею, што абсалютна кайфавала.

— Дзе адбыўся першы сур’ёзны выхад на сцэну?

— На Прэзідэнцкай ёлцы, мне было шэсць гадоў. Усё, што памятаю, — яркае святло сафітаў і аксамітныя шторы Палаца Рэспублікі. Яшчэ там на сцэне была інсталяцыя з лёду. І ўсё гэта выглядала святочна, па-навагодняму. І той адрэналін, які адчула тады, мне здаецца, са мной да гэтай пары.

«РАБЛЮ ТОЕ, ШТО САПРАЎДЫ АДГУКАЕЦЦА Ў СЭРЦЫ»

— Вераніка, вы ведаеце сваю аўдыторыю?

— Мая аўдыторыя — гэта дзяўчаты, якія спазналі каханне. І магчыма, адносіны не заўсёды ўзаемныя, шчаслівыя. Падобныя гісторыі знаходзяць адлюстраванне ў маіх песнях. Я атрымліваю штодня паведамленні — камусьці падабаецца падфарбоўвацца пад мае песні, некаму — танцаваць, у кагосьці паляпшаецца настрой, хтосьці знайшоў у адной з маіх песень слова ў слова сваю гісторыю і зразумеў, што ўсё яшчэ наперадзе.

— У асноўным у вас аўтарскія песні. Што натхняе на напісанне новага трэка?

— Стварэннем аўтарскай музыкі займаюся з моманту заканчэння школы, бо разумела, што надышоў той рубеж, калі каверы спяваць не вельмі прыстойна. Пачала рабіць сваё, тое, што сапраўды адгукаецца ў маім сэрцы. Таксама дастатковая колькасць музыкі напісаная спецыяльна для мяне маладымі аўтарамі з Расіі, Казахстана, Малдовы, нават ёсць шведскія аўтары — геаграфія вельмі шырокая.Натхняюся жаданнем дзяліцца сваімі перажываннямі са слухачамі. Усе гісторыі, аб якіх распавядаю ў песнях, калісьці перажыла сама. Тут увесь спектр эмоцый, з якімі мы судакранаемся ў жыцці.

«РАМАНСЫ ВЫКОНВАЦЬ ЛЯГЧЭЙ, ЧЫМ ПОП-МУЗЫКУ»

— Вы выступаеце з Прэзідэнцкім аркестрам. Раскажыце, як трапілі туды?

— У 2019 годзе стала пераможцай конкурсу «Рамансіяда». Пасля гэтага мяне запрасілі на праслухоўванне. І ўжо з 2021 года супрацоўнічаю з Прэзідэнцкім аркестрам. Менавіта тады адбылася дэбютная праграма «Песні Ганны Герман» да юбілею спявачкі. Калісьці я нават была лаўрэатам конкурсу Ганны Герман, і не адзін год. Дарэчы, песні з той дэбютнай праграмы цяпер у рэпертуары аркестра і маім таксама. Наша супрацоўніцтва працягваецца.

— Вераніка, што дазваляе вам быць адначасова паспяховай і ў выкананні поп-музыкі, і класікі?

— У мяне ёсць дзве грані. Аб класічным ведае меншая частка аўдыторыі, бо ў асноўным займаюся аўтарскай музыкай. Большасць канцэртаў праходзяць у вобразе поп-дзівы — у кароткіх і яркіх сукенках, у стразах з пёрамі — класічным наборам эстраднай выканаўцы. Аднак ёсць і другі бок, які не менш блізкі мне і здзіўляе гледача. Спяваю савецкія хіты, рамансы, працую з аркестрам, і, вядома, гэта няпростая праца, абсалютна іншая энергія. Падтрымку аркестра за спінай немагчыма параўнаць ні з адным музычным бэндам. Такое выступленне патрабуе пэўнага выканальніцкага ўзроўню. І мая адукацыя дазваляе гэта рабіць. Усё жыццё займаюся сваім прафесіянальным ростам. У мяне класічная пастаноўка голасу, нават перавучвалася на эстрадную манеру. Таму рамансы блізкія мне па тэмбральнай арганіцы. Вельмі добра, што магу спалучаць дзве грані, гэта дазваляе шырока раскрыцца.

«ЗДАЕЦЦА, ШТО СПЯВАЦЬ — ДАВОЛІ ПРОСТА...»

— Што адчуваеце, калі вас пазнаюць на вуліцы?

— Заўсёды рада. З задавальненнем фатаграфуюся, раблю рэпост у сацсетках, магу пагутарыць, люблю абмяняцца станоўчымі эмоцыямі, узаемнымі кампліментамі. Калі прыхільнікі не баяцца і падыходзяць, у мяне самыя цёплыя адчуванні, хоць і нечакана, але прыемна (смяецца). Пасля гэтых сустрэч зараджаюся пазітывам не менш, чым пасля канцэртаў.

— Быць артыстам складана?

— Калі адключыць рамантызацыю прафесіі (тым, хто задумваецца аб ёй), хачу сказаць, што такая дзейнасць вельмі складаная. Гэтай працай трэба займацца з самага дзяцінства, і для яе патрэбна авалодаць вялікім наборам навыкаў. Пастаяннае самаўдасканаленне, бесперапынная адукацыя. Здаецца, што спяваць — даволі проста, душа табе падказвае, але на самай справе ўсё не так. Гэта прафесія, якая зрастаецца з табой і, у адрозненне ад іншых, яна патрабуе аддачы 24 на 7.

— Дзякуй за шчырае інтэрв’ю!

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.