Вы тут

Пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прайшло заключнае пасяджэнне 11-й сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання


Падчас пасяджэння была прынята Заява да міжнароднай супольнасці аб процідзеянні тэрарызму і адобраны два законапраекты: «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» і «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь».


Фота БелТА

Пачалося пасяджэнне з прамовы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Яна адзначыла, што ў нашы дні на вачах адбываюцца вельмі няпростыя трансфармацыі ў гісторыі ўсяго чалавецтва. «Сёння як ніколі відавочна, які далікатны наш свет, наколькі ўразлівыя чалавечае жыццё, бяспека і спакой падчас агоніі адыёзных геапалітычных амбіцый і пошуку хуткай нажывы.

У арсенале інструментаў для дасягнення ганебных мэт, на жаль, усё часцей выкарыстоўваюцца тэрарызм і экстрэмізм. Акрамя таго, іх формы з кожным разам становяцца больш дасканалымі, беспрынцыповымі, варварскімі», — зазначыла Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што ніводнага чалавека з цвярозым розумам не пакінуў абыякавым жахлівы тэракт, які адбыўся 22 сакавіка ў брацкай Расіі. Для беларусаў гэты дзень асаблівы: больш за восем дзесяцігоддзяў таму адбылася трагедыя Хатыні — незагойная рана нашай краіны. Зразумела, што падзеі ў Падмаскоўі ўвесь беларускі народ успрыняў з глыбокім болем і горыччу.

«Падобным злачынствам супраць чалавецтва і чалавечнасці няма і не можа быць ніякага апраўдання. Ім няма тэрмінаў даўніны. Мы катэгарычна асуджаем любыя праявы тэрарызму і экстрэмізму, выказваем прыхільнасць да каштоўнасцяў усеагульнага міру і глабальнай бяспекі, імкненне да цывілізаванага дыялогу і ў гэтых мэтах прапануем прыняць Заяву Савета Рэспублікі да міжнароднай супольнасці», — агучыла агульную думку членаў Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Заява была прынята аднагалосна.

Наступныя пытанні датычыліся абмеркавання і прыняцця праектаў законаў. Міністр эканомікі Юрый Чабатар прадставіў на разгляд Савета Рэспублікі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Неабходнасць прыняцця дакумента абгрунтавана тым, што на сёння значна змяніліся ўмовы і сутнасць дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Многія з іх настолькі пашырылі сваю справу, што ўжо аніяк не адпавядаюць самому тэрміну «індывідуальны прадпрымальнік». Новы закон павінен устараніць такую сітуацыю праз дзяржаўны пералік відаў дзейнасці прадпрымальнікаў. Ён таксама прадугледжвае бясшвовы пераход апошніх у катэгорыю юрыдычных асоб па спрошчанай працэдуры, дзень у дзень. Таксама ў ім прадугледжаны дадатковыя стымулы для развіцця бізнесу.

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец адзначыла, што законапраект упарадкуе сістэму малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў краіне і дасць штуршок для далейшага развіцця МСП. Гэтаму ў значнай ступені паспрыяе і пашырэнне дзяржаўнай падтрымкі суб’ектам малога і сярэдняга бізнесу. Законапраект адобраны Саветам Рэспублікі.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі выступіў з характарыстыкай законапраекта «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь». Ён акрэсліў асноўныя змяненні, прадугледжаныя праектам закона. У прыватнасці, дакументам рэгламентаваны поўны пераход да электроннага дакументаабароту і прадстаўленне магчымасці фізічным асобам-дэкларантам бясплатна карыстацца паслугамі дзяржаўнай АІС, скарачэнне тэрмінаў прыняцця рашэнняў мытнымі органамі.

Праект закона таксама прадугледжвае скарачэнне інфармацыі, якая прадстаўляецца мытным органам, і пашырэнне паўнамоцтваў урада ў частцы рэгулявання парадку прымянення і ставак мытных пошлін, збораў і іншых аналагічных плацяжоў. Гэтыя і іншыя навацыі, як, напрыклад, растэрміноўка (адтэрміноўка) платы вывазных пошлін, станоўча паўплываюць на фінансавае становішча суб’ектаў гаспадарання і дазволяць больш гнутка рэагаваць на сучасныя эканамічныя ўмовы і патрэбы бюджэту.

У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч адзначыў, што праект закона распрацаваны з мэтай забеспячэння стабільнага функцыянавання нацыянальнай эканомікі ва ўмовах санкцый, зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі на асоб, якія ажыццяўляюць знешнеэканамічную дзейнасць, а таксама гарманізацыі падатковага і мытнага заканадаўстваў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Законапраект адобраны Саветам Рэспублікі.

Як згадвалася вышэй, гэтая сесія стала заключнай. Падводзячы вынікі работы Савета Рэспублікі, Наталля Качанава зазначыла, што гэта быў асаблівы перыяд не толькі ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, але і ўвогуле ў гісторыі развіцця цывілізацыі. Час змены геапалітычных эпох: заняпаду аднапалярнай сістэмы міжнародных каардынат і фарміравання новага, больш справядлівага і збалансаванага, шматпалярнага парадку, які заснаваны на ўзаемнай павазе, даверы і супрацоўніцтве раўнапраўных незалежных дзяржаў.

«Час выбраў нас: тут і цяпер трэба было ствараць рэальнасць, у якой парламентарыі прызваныя быць магутнай грамадска-палітычнай сілай і адыгрываць важную ролю ў самых розных абласцях.

Мы дастойна прайшлі гэты шлях. Высокую ацэнку нашай рабоце падчас сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І гэта вельмі дарагога варта», — падкрэсліла Наталля Качанава. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што сёлета адзначаецца 30-годдзе Канстытуцыі. За гэты час у нашай краіне былі сфарміраваны стабільныя палітычныя інстытуты, пабудавана сучасная эканоміка, выбудавана магутная сістэма сацыяльнай падтрымкі грамадзян. «Беларусь стала ўпэўненай у сабе суверэннай дзяржавай, якая развіваецца перш за ўсё на аснове інтарэсаў сваіх грамадзян, сваіх традыцый, сваёй гісторыі», — зазначыла Старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава акрэсліла асноўныя моманты і кірункі дзейнасці верхняй палаты парламента, яе дасягненні і ўнёсак у дзяржаўнае развіццё. Таксама яна выказала словы падзякі міністэрствам і ведамствам краіны, органам мясцовай улады, усім, з кім было наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва. Асобным радком падзяка Прэзідэнту — без яго падтрымкі немагчыма было б дасягнуць тых добрых рэзультатаў.

«Без усялякага сумнення, самае галоўнае дасягненне беларускага народа — гэта тое, што ў такія рэкордна кароткія па гістарычных мерках тэрміны мы змаглі пабудаваць сваю суверэнную, па-сапраўднаму народную дзяржаву. Краіну магчымасцяў для кожнага чалавека, для дастойнай сучаснасці і шчаслівай, бяспечнай і камфортнай будучыні. У гэтым ёсць і наша з вамі заслуга, тых, каму народ даверыў права прадстаўляць свае інтарэсы, прымаць рашэнні, вызначаць лёс Айчыны», — такімі словамі завяршыла свой зварот, прачытаць які цалкам можна на сайце нашай газеты zviazda.by, да членаў Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.