Вы тут

Мікола Маляўка: «З выраю сумнага ў вечнасці я на Зямлю пагляджу»


4 красавіка не стала выдатнага беларускага паэта Міколы Маляўкі. Зямляк народнага Песняра Якуба Коласа, ён дастойны быў яго імя і годна, з Коласавай рупнасцю працаваў у літаратуры больш за 60 гадоў. І не толькі колькасць выдадзеных ім кніг (каля паўсотні ў розных жанрах — паэзіі, прозе, дзіцячай літаратуры, публіцыстыцы, сатыры і гумару) гаворыць аб маштабе яго асобы.


Мікола Маляўка. Фота Кастуся Дробава

Праз усю творчасць Мікола Аляксандравіч высока нёс паэтычны сцяг, раўняўся на найлепшых айчынных пісьменнікаў. Прафесар, доктар філалагічных навук Алег Лойка лічыў, што паэзія Міколы Маляўкі параўнальна з творчасцю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Ён скрупулёзна ставіўся да кожнага верша, аздабляў яго рознымі выяўленчымі сродкамі, заўсёды завяршаў глыбокай думкай. Радок яго напяты, як цеціва. А як ён любіў свой родны край, наднёманскую зямлю, людзей, мову, відаць вось з гэтых кароткіх радкоў, вынесеных на апошнюю старонку вокладкі нядаўняй кнігі «Слухаю дождж»:

Нялёгка бывае — 

Трываю.

На роднай мове спяваю,

На роднай мове малюся.

«З якога ты краю, паэце?» — 

Спытаюць у лепшым свеце.

І я адкажу:

«З Беларусі».

Яму, сыну слыннай вёскі Мікалаеўшчына, усё балела ў душы, бо ён з гадамі не забыў сцежку да роднага парога, да знаёмых змалку ваколіц і людзей, удзячны ім за тую навуку і жыццёвую мудрасць, якімі яны шчодра дзяліліся з паэтам у маленстве і далёкім ужо юнацтве.

Я тут, сярод аднавяскоўцаў, рос,

Вучыўся ў іх, калі было мне туга,

Давер’ем даражыць, не падаць духам...

Ад першага зборніка вершаў «Едуць маразы» да самай апошняй кнігі «У райскім садзе і ў жыцці», якую, на вялікі жаль, Мікола Маляўка не пабачыў, а мы патрымалі ў руках у дзень пахавання паэта, прайшлі дзесяцігоддзі. У іх — не толькі біяграфія самога паэта, але і краіны. Вершы, балады, санеты, паэмы расказваюць пра наш час, жыццё, пра страшную вайну, равеснікам якой быў сам аўтар, і высокае пачуццё — каханне.

У гэтым часавым прамежку і галоўная кніга Міколы Маляўкі — «Старая зямля». Складзена яна з 450 санетаў, якія паэт любіў ствараць апошнім часам. Мікола Чарняўскі, які сябраваў з паэтам больш за паўвека, напісаў: «Паэтычнай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа дарэвалюцыйнага перыяду называюць крытыкі і літаратуразнаўцы „Новую зямлю“ Якуба Коласа. І гэта сапраўды так. А кнізе Міколы Маляўкі яшчэ не хапае па-сапраўднаму сур’ёзнай і зацікаўленай гаворкі пра яе мастацкія вартасці, глыбіню паказу падзей і людскіх лёсаў, разнастайнасць паэтычных вобразаў і літаратурных персанажаў. „Старая зямля“ — гэта кніга лёсу адной вёскі не далёкага дзесьці, а нашага часу, можна сказаць, драма яго роднай Мікалаеўшчыны. І ці толькі яе адной?!»

Радкі збіраў я сэрцам і душой,

Як кветкі, рассыпаліся санеты

Зімы і восені, вясны і лета.

Тады я спырснуў іх жывой расой,

Спавіў з любоўю светлай дзеразой,

Каб сталі для мяне і вас букетам...

Ад незабыўных радкоў з першай кнігі Міколы Маляўкі «Чую галасы, // Недзе за гародамі, // Едуць маразы // З белымі бародамі...» да вышэйпрыведзеных, можна сказаць, класічных, працягвалася яркая творчасць паэта. І, як сцвярджаюць некаторыя, не да канца ацэненая. Хоць Мікола Маляўка меў нямала ўзнагарод. Ён атрымаў Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова і «Залаты Купідон», прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Нацыянальную літаратурную прэмію, Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалямі «Францыск Скарына», «За вялікі ўклад у літаратуру».

Імкнучыся ісці ўпоравень з часам, паэт да апошніх дзён не спыняўся ў пошуку, жыў творчасцю.

Паэты-сябры, пісьменнікі-землякі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.