Вы тут

Што адбываецца з чалавекам сёння?


Выданне серыі «Сучасная беларуская літаратура» працягвае вядомае адукацыйнае выдавецтва «Аверсэв». Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Новая кніга (дзявятая па ліку) «Игла в квадрате» — зборнік прозы сучасных беларускіх літаратараў, якія пішуць на рускай мове: Алег Ждан-Пушкін, Сяргей Трахімёнак, Алесь Кажадуб (праўда, якраз ён піша і выдае кнігі і па-беларуску), Вера Зелянко, Анатоль Матвіенка, Валянціна Драбышэўская. 

Па храналогіі падзей, у якіх удзельнічаюць героі апавяданняў, творы прывязаны да розных часін. Найболей — да нашых дзён. Але тэматычна мастацкія вышукі згаданых аўтараў вельмі блізкія — пісьменнікі праяўляюць жаданне адказаць на пытанне, што адбываецца з чалавекам сёння, як ён рэагуе на рэчаіснасць, на зносіны з роднымі і блізкімі, пра што ён думае, што яго ўзвышае, а што, наадварот, прызямляе. 

Алег Ждан-Пушкін, які нарадзіўся ў 1938 годзе ў Смаленску, а дзяцінства і юнацтва правёў у Мсціславе, на Магілёўшчыне, знаёміць чытача з апавяданнем «Вызваленне». Вось канцоўка твора, які вядзе чытача ў далёкі 1943 год (якраз у верасні 1943-га вызвалілі ад фашысцкай акупацыі Мсціслаў): «Сёння на тым месцы, дзе былі пажарышчы Максімкі і Евеля, стаіць шматкватэрны дом. У парку выраслі іншыя дрэвы. Брацкай магілы тут даўно няма: байцоў перапахавалі на старых гарадскіх могілках. Не плачце, маці, не плачце, сёстры, цяпер у вашых сыноў і братоў у гэтым горадзе свой вечны, аплаканы вамі, прытулак. Тое месца на зямлі, дзе ляжаў хлопец у белай кашулі з ярка-чырвонай плямай пад левай рукою і дзе Максімка ўпершыню пабачыў смерць, тысячу разоў абмыта дажджамі, і цяпер ужо ніхто не ведае, дзе і як гэта адбылося. На другім баку парку доўгі час дзейнічала танцавальная пляцоўка з духавым аркестрам, але і яна сышла ў мінулае. Сышлі людзі, якія тут, на плошчы, славілі перамогу і гаравалі. Але непакоіць жыхароў генетычная памяць: уяўляецца часам далёкі 43-ці год, сонечны верасень, малады афіцэр з залатымі пагонамі: „Не плачце!..“» А што ж было на пачатку? З якімі пачуццямі, у якіх трывогах перажылі жыхары невялікага гарадка час вызвалення... Пра гэта — у творы Алега Ждана-Пушкіна «Вызваленне». Знаёмства з ваенным апавяданнем найстарэйшага беларускага празаіка падштурхоўвае да рэалізацыі і такой кніжнай ідэі: наспела патрэба выдаць класічныя і сучасныя беларускія апавяданні на тэму Вялікай Айчыннай вайны ў адной кнізе. Падаецца, што такога характару паяднанне будзе добрым мастацкім урокам выхавання для чытачоў розных пакаленняў, найперш — для нашай моладзі. 

Сярод іншых твораў кнігі вылучаецца апавяданне «Игла в квадрате», якое і дало назву зборніку. Аўтар — Сяргей Трахімёнак. Пісьменнік расказвае пра звычайную, але толькі на першы погляд, медыцынскую сястру, якая па-майстэрску робіць уколы, змену якой з надзвычайнымі спадзяваннямі чакаюць хворыя. Але, што ўласціва ўвогуле ўсёй прозе вядомага літаратара, аўтара многіх кніг, у жыццё вопытнай медсястры ўмешваюцца падзеі дэтэктыўнага характару. Напружанне, якім утрымлівае Сяргей Трахімёнак увагу чытача, робіць і галоўнага героя, і сам твор рэльефнымі, дынамічнымі. Перад намі — гатовы сцэнарый кінафільма. 

Інтрыга, псіхалагічнасць, шматаблічная вобразнасць — усё гэта прысутнічае і ў творах Алеся Кажадуба, Веры Зелянко, Анатоля Матвіенкі, Валянціны Драбышэўскай. 

Нагадаем, што раней у серыі «Сучасная беларуская літаратура» выйшлі кнігі прозы «Дараванне», «Душа твая светлая», «Чароўная скарбніца», «Цені дзікага палявання» і іншыя. Набыць кнігі можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» ў Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.