Вы тут

«Цень алігарха» — раман, заснаваны на рэальных падзеях нашай нядаўняй гісторыі


Сёння цяжка кагосьці здзівіць дэтэктыўнымі навінкамі. Аўтараў, якія працуюць на гэтай ніве, даволі шмат. Нават занадта. Ствараецца ўражанне, што толькі гультай не піша раманы з закручанымі крымінальнымі сюжэтамі. А іранічныя, драматычныя прыгодніцкія гісторыі з крывавымі забойствамі, таямнічымі крадзяжамі, інтрыгамі і расследаваннямі запоўнілі кніжныя прылаўкі...


Разам з тым якасную прозу ў гэтым захапляльным жанры, на жаль, сустрэнеш нячаста. У гэтым і заключаецца праўда быцця чытача, схільнага да хоць трохі крытычнага погляду на тэкст. Дамарослыя, канапавыя аўтары пачынаюць буксаваць літаральна на другой-трэцяй старонцы, дэманструючы поўную адсутнасць разумення як самога прадмета, так і псіхалогіі тых, на каго яны замахнуліся. Таму і героі атрымліваюцца ў іх плоскія, васковыя, нежывыя, а сюжэты заезджаныя і наіўныя...

Добра, калі павярхоўнае разуменне сутнасці крыміналу і яго адвечнага антыподу — праваахоўных структур — кампенсуецца лёгкасцю і вытанчанасцю літаратурнага слова, віртуозным валоданнем ім або ўменнем ліха сплятаць мудрагелістыя сюжэты, не паглыбляючыся ні ў псіхааналіз злодзеяў, ні ў тонкасць метадаў тых, хто ім супрацьстаіць.

Пакідаючы ў цені дэталі адвечнага супрацьборства цемры і святла, такія аўтары, плёскаючыся ў цёплых водах літаратурнага плыткаводдзя, прыпраўляюць свой аповед россыпам запамінальных выразаў, выяў, сюжэтных віражоў, нечаканых паваротаў. Гэткая лёгкая, нібыта пустая завея. Паветранае, як безэ, чытво, якое, не будзем хітраваць, таксама мае месца быць і даволі запатрабаванае.

Аднак калі вы, узяўшы ў рукі кнігу, жадаеце зразумець глыбінныя прычынна-выніковыя сувязі ва ўчынках герояў, іх матывацыю... Калі вы з’едліва ці ледзь не пад лупай пачынаеце вывучаць псіхалагічныя партрэты дзеючых асоб, прыдзіраючыся да рыс, старанна аналізуючы дэталі, і пры гэтым працягваеце верыць аўтару... Калі вы пры паглыбленні ў тэкст аддаяце перавагу разумоваму працэсу, а не жаданню адпачыць, то тут патрэбна кніга, напісаная сапраўдным знаўцам.

Гэта ўжо прэрагатыва пісьменніка, які выдатна арыентуецца ў тэме і здольны стварыць якасны, шматслаёвы сюжэт. У гэтым кантэксце прыемна,што на небасхіле беларускай дэтэктыўнай прозы запалілася, з аднаго боку, новае, з другога — добра вядомае імя Ксеніі Бахаравай.

Не так даўно ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшаў яе чарговы, заснаваны на рэальных падзеях нашай нядаўняй гісторыі, раман «Цень алігарха». Што прываблівае ў новай кнізе пісьменніцы, якая ўпэўнена заявіла пра сябе? Перш за ўсе багацце мовы і цудоўнае валоданне словам. Душэўны, вытанчаны і просты стыль. Цікавы сюжэт і кампетэнтнасць. Яна ведае і разумее, аб чым піша.

Гэта глыбокі, разумны аповед аўтара, які валодае тэмай, ведае не па чутках прадмет свайго пісьменніцкага даследавання. Дэталі апісанага аўтарам злачынства маюць пад сабой дакументальную аснову. Хаця імёны і некаторыя абставіны зменены, што цалкам дапушчальна, калі гаворка ідзе пра мастацкі твор. Гэта суб’ектыўнае, аўтарскае бачанне падзей. Арыгінальная версія.

Раман напоўнены падрабязнасцямі, якія інтрыгуюць і кажуць аб дасведчанасці аўтара, што павышае градус даверу.

Версіі расследавання, цікавыя дэталі, чарада невыпадковых выпадковасцей, рашэнняў, якія прымаюцца ў патрэбны момант, збег акалічнасцей і мноства нечаканых паваротаў лёсаў на зломе эпох выстройваюцца ў мудрагелістую арабеску захапляльных падзей, якія трымаюць у напружанні. Гэты вострасюжэтны ланцужок вядзе нас да лагічнага справядлівага фіналу... Якога? Не буду раскрываць інтрыгу. Пакідаю за кожным права даведацца пра развязку самастойна.

Ларыса КУЧАРАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?