Вы тут

Праз тыдзень у сталіцы запрацуюць атракцыёны


Наведвальнікаў мінскіх паркаў чакае шмат новага і цікавага. 50 атракцыёнаў у парках імя Максіма Горкага, імя Чалюскінцаў, імя 900-годдзя Мінска... Да сярэдзіны лета ў Фрунзенскім раёне ў парку імя Уга Чавеса адкрыецца вялікі аб'ект для адпачынку гараджан, дзе таксама будуць працаваць атракцыёны. Цяпер усе дзейныя ўстаноўкі праходзяць неабходную праверку на бяспеку і спраўнасць — пра гэта журналістам распавёў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Мінскзелянбуду» Руслан Касевіч. Ён таксама паведаміў «бонусную» навіну: кошты на квіткі застануцца на ўзроўні мінулага года!


У крокавай даступнасці

 

Калі размова ідзе аб новай лакацыі адпачынку мінчан са спальных ускраін, то гэтае месца варта ўбачыць і захаваць для гісторыі раёна як мінімум. Жыхары каменных джунгляў у Каменнай Горцы зачакаліся топавага сацыяльна-культурнага аб’екта. І вось на пустцы вуліцы Казіміраўская з’явіліся яркія дзіцячыя горкі, гульнявыя домікі, арэлі, сценкі, лесвіцы і пясочніца — аснова дзяцінства. Усе забаўляльна-гульнявыя аб’екты ў спякотныя красавіцкія дні былі занятыя мітуслівай і вясёлай дзятвой пад традыцыйным наглядам мам. Тэму будоўлі нагадвалі самазвалы хлапчукоў, гружаныя пяском, і выкапаныя лапаткамі-ложачкамі катлаваны.

Сур’ёзная будаўнічая тэхніка працавала ў сапраўдным, вялікіх памераў катлаване (17,18 га), які знаходзіцца бліжэй да МКАД і Ждановічаў. Тут, у асноўнай частцы парку імя Уга Чавеса, гэтым летам і будзе прадоўжана тэрыторыя бесклапотнага дзяцінства — з’явяцца выдатныя месцы адпачынку для дарослых: дзве горкі для цюбінгаў, веладарожка, сцежка здароўя, пляцоўкі для заняткаў скейтбордам, варкаўтам і паркурам. 

З нецярпеннем аматары экстрыму чакаюць уводу гэтых зон, таму што асноўная гарадская пляцоўка на вуліцы Сталетава і стараватая, і замалая: часта самакатчыкі і скейтбардысты чакаюць чаргі для сваіх крутых спускаў.

Тут таксама запрацуюць стандартныя атракцыёны: «Вальс», «Лабірынт», «Аўтадром». Ужо цяпер красуецца дзіцячае гульнявое мястэчка «Казачнае каралеўства», з’явяцца арэны для правядзення мерапрыемстваў і «ціхага адпачынку» — настольных гульняў, а таксама пікнікоў. Паркавая даліна запоўніцца дымком і пахам шашлыку з барбекю. З часам высадзяць 736 дрэў і больш як тры тысячы дэкаратыўных кустоў, якія будуць мікшыраваць шумы ад атракцыёнаў і забіраць на сябе пахі «ціхага адпачынку».

Пасля працы — адпачынак!

 

Пад гукі ваеннага аркестра мужчыны ў чорных фраках, а дамы ў белых сукенках з букетамі кветак выконвалі ўрачыстую кантату. Ілюмінацыя, транспаранты, феерверк.

Так магло выглядаць сучаснае першамайскае свята ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага. Аказваецца, з такой помпай 1 мая 1805 года Захарый Карнееў, першы грамадзянскі губернатар Мінска, наватар, адкрыў гарадскі сад пейзажнага тыпу — той самы, які мы ведаем як «Парк Горкага». Над уваходам быў надпіс: «Пасля працы — адпачынак!» Выходзіць, што 1 мая 2024 года любімаму месцу мінчан і гасцей сталіцы споўніцца 219 гадоў!

Гарадскія паркі, у адрозненні ад людзей, з гадамі і праз стагоддзі становяцца прыгажэй і сучасней. Вядома, не без дапамогі чалавека.

Гэтымі вясновымі цёплымі днямі ў парку Горкага поўным ходам ідуць падрыхтоўчыя работы да адкрыцця сезона. Тэхнічныя работнікі праводзяць раскансервацыю і падрыхтоўку да эксплуатацыі 26 атракцыёнаў. «Зялёныя» (так жартам завуць мясцовых рабочых «Мінскзелянбуду») прыводзяць у парадак тэрыторыю, дрэвы (захаваліся дэкаратыўныя групы стагадовых ліп і клёнаў, хвоі веймутава, унікальныя асобнікі кедраў), фарбуюць лаўкі і іншыя архітэктурныя, садова-паркавыя аб’екты розных формаў. Працы — як да сярэдзіны агляднага кола!

Кола тое ў Мінску вышынёй 54 метры, размешчана яно на невялікім пагорку. З 32 закрытых і чатырох адкрытых кабін відаць набярэжную Свіслачы, манумент Перамогі і цэнтральную частку сталіцы. Поўнае абарачэнне кола робіць за дзевяць хвілін. У 2023 годзе брэндаваму атракцыёну споўнілася 20 гадоў. Да юбілейнай даты зрабілі падарунак — замянілі шкло на кабінах.

Другі год будзе дзейнічаць у дзіцячым парку інтэрактыўная пляцоўка «Лукамор’е». Тут хлопчыкі і дзяўчаты праходзяць квэсты з удзелам Дрэва, якое гаворыць, Бабы Ягі, Рыцара. Змей Гарыныч кідае з вачэй агонь і маланкі. Хатка на курыных ножках паварочваецца, рэагуючы на адказы дзяцей. Немалаважна, што 20–25 хвілін бацькі могуць адпачываць, пакуль з іх нашчадкамі займаюцца аніматары.

Гэтую цікавую, казачна-пазнавальную лакацыю паказала Лідзія Вежнавец — сапраўдны прафесіянал сваёй справы, яна выконвае абавязкі дырэктара Цэнтральнага дзіцячага парку імя Горкага. Пра зоны адпачынку любімага горада Лідзія Георгіеўна можа гаварыць гадзінамі, але злоўжываць яе дэфіцытным часам у такую «гарачую» пару было б справай нясціплай.

Камароўскі лес

 

Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў з’яўляецца стварэннем сацыялістычнай эпохі, ён быў пабудаваны з 1928 да 1932 года. Імя прысвоена парку ў 1934 годзе ў гонар удзельнікаў экспедыцыі на параходзе «Чалюскін».

Раней на месцы гэтага парку размяшчаўся лясны масіў, вядомы як Камароўскі лес. Прахалоду, пах вільгаці, трошкі містыкі захоўвае ён у сабе і цяпер. Тут адчуваецца дух Камароўскіх балот. Але калі запрацуюць усе атракцыёны і адкрыецца танцавальная пляцоўка, дзе збіраюцца народжаныя ў СССР, шуму і крэатыву будзе шмат. Чалюскінскі — любімае месца для праменаду людзей старэйшага ўзросту і, вядома ж, бацькоў з дзецьмі. Яшчэ ён служыць транзітнай зонай для многіх супрацоўнікаў завода імя Вавілава і студэнтак з педкаледжа.

Цяпер тут таксама ідзе падрыхтоўка да адкрыцця сезона. Па паху фарбы чуваць, што прыярытэтнымі работамі, пакуль няма дажджоў, сталі малярныя. Уладальнікі пунктаў грамадскага харчавання (яны здаюцца пагабарытней, чым у парку Горкага з-за цемнаватага лесу) на ўсю моц імкнуцца адпавядаць сітуацыі: мыюць, чысцяць, удасканальваюць прылаўкі, каб наладзіць гандаль і быць у прыбытку. У іх, як і ў прадстаўнікоў усёй забаўляльна-пар­ка­вай ін­дуст­рыі, лет­ні дзень год кор­міць.

Та­ма­ра ХАМІЦЭВІЧ

Фо­та аў­та­ра


У тэму

І нават марское паляванне

Чым сёлета будуць здзіўляць наведвальнікаў магілёўскія каруселі

Хутка ў Магілёве пачнецца паркавы сезон. Гэта адбудзецца адразу ж пасля таго, як Дзяжпрамнагляд здзейсніць іх тэхнічны агляд на трываласць і дасць адпаведнае заключэнне.

На асноўнай пляцоўцы каля Палаца культуры вобласці будуць працаваць 22 атракцыёны з улікам надзіманых. Летась іх было 19. Пераедзе з гандлёвага цэнтра «Е-сіці» 5-D + VR кінатэатр, які будзе працаваць тут да заканчэння сезона. Замест былога атракцыёна «Лавіца», які выпрацаваў свой рэсурс, па просьбах магіляўчан закуплены аналагічны новы. На наступным тыдні ён ужо прыбудзе з Расіі і будзе зманціраваны. Яшчэ адзін — «Марское паляванне», так званы марскі цір, — ужо практычна сабраны.

— Мы арыентуемся на попыт нашых наведвальнікаў і бяром на заметку ўсе іх прапановы, — кажа дырэктар ААТ «Магілёўатракцыёны» Юрый Мышэйка. — Новыя атракцыёны расійскага вытворцы надзейныя і адпавядаюць нашым тэхнічным патрабаванням. Вядзём перамовы і па набыцці кола агляду, але гэта не хуткі працэс. Ёсць цікавая задумка ўстанавіць на галоўнай пляцоўцы так званую асвяжальную арку, якая будзе пырскаць вадой. Летам у спякоту гэтага вельмі не хапае. Сёлета мы таксама набылі гандлёвы павільён, дзе, акрамя папкорна і салодкай ваты, будзе яшчэ прапаноўвацца ганконгская вафля з рознымі напаўняльнікамі.

Некалькі пляцовак з атракцыёнамі ад гэтага ж прадпрыемства будуць працаваць у мікрараёне «Восьмы цагляны» каля гандлёвага цэнтра «Гіпа», у гарадскім парку адпачынку «Падміколле» і ў раёне вуліц Цярохіна і Златавустоўскага каля папулярнага ФАКа «Н2О».
Што датычыцца цэн, то яны, па словах дырэктара, істотна не зменяцца. Летась кошт быў у межах 2,5-5,5 рубля, прычым самы высокі — на «Суперробата» з дыстанцыйным кіраваннем. Юрый Мышэйка ўдакладняе, што ўсе атракцыёны ўтрымліваюцца і набываюцца выключна за кошт уласных даходаў прадпрыемства, і заклікае беражліва ставіцца да карусельнага абсталявання.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.