Вы тут

Неба з сабою. Пра адчуванне палёту


Заўтра, якраз Дзень касманаўтыкі, ды яшчэ такі, як ніколі адметны для нашай краіны, менавіта пра неба хочацца і пагаварыць. У кожнага яно сапраўды сваё, тут з класікам не паспрачаешся. Хтосьці ўяўляе проста блакіт, аблокі, сонца. Для кагосьці яно — чорны аксаміт з безліччу дыяментаў-зор і вялізным бліскучым гузікам поўні. Хтосьці піша і ўяўляе яго не інакш як з вялікай літары — Неба, і мае на ўвазе лёс, Бога, нейкую іншую звышнатуральную сілу, якая кіруе існаваннем усяго. А для кагосьці неба — гэта вобразнае азначэнне вышыні, мэты, мары…


Фота pexels.com

Вось, напрыклад, Марына Васілеўская. Простая беларуская дзяўчынка з простай беларускай сям’і. Марыла пра неба ў самым яго прыродным, натуральным значэнні — інакш не стала б бортправадніцай. А потым — увогуле сягнула ў касмічную вышыню, стала першай, атрымала званне Героя. Наўрад ці нават скептык скажа, што проста пашанцавала. Была мара, была мэта, да якой настойліва імкнулася. Мэта дасягнутая, мара спраўджаная. Узнагароды, павага, пашана на ўсё жыццё. А яшчэ — пачуццё палёту, якое таксама назаўсёды.

Ну, такі прыклад непаказальны, скажаце. Адзін на мільён, дакладней, на дзесяць. А вось тут я з вамі не пагаджуся. Бо справа ж не ўласна ў космасе...

Наталля з дзяцінства хацела маляваць. Але ў вясковай школе не было нават настаўніка са спецыяльнай адукацыяй — маляванне ў іх выкладаў гісторык. Да райцэнтра, дзе быў дом творчасці школьнікаў, — трыццаць кіламетраў. Дый бацькі, звычайныя калгаснікі, ставіліся да захаплення дачкі скептычна, хаця па ўсім наваколлі былі па хатах развешаныя карціны, якія маляваў на палатне і раздорваў яе прадзед-самавучка. Аб паступленні ў якое мастацкае вучылішча нават размовы не было — пайшла Наталля пасля школы ў ветэрынарны інстытут у Віцебску. Атрымала спецыяльнасць, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, дачакалася ўнукаў. Мы бачыліся час ад часу на радзіме, пакуль бацькі яе былі жывыя. Ведала, што яна пераехала не так даўно з сям’ёй у Мінск, працуе хірургам у вядомай ветэрынарнай клініцы...

А тут нядаўна на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках бачу, яна ў сябры просіцца. Пацвердзіўшы запыт, зайшла да яе 
«ў госці». І — абамлела ад здзіўлення. У галерэі — безліч карцін. Сюжэты — фантастычныя, бы падгледжаныя ў нейкім райскім садзе: казачнай прыгажосці звяры, вялікія яркія кветкі, стракатыя птушкі... Мы праз некалькі дзён сустрэліся і яна расказала, як аднойчы зразумела, што жыццё праходзіць, а мара так і не спраўдзілася. І яна сказала сям’і — мужу і дарослым ужо дзецям: як хочаце, але жыць я так больш не магу. Звольнілася з працы і пайшла на курсы ў мастацкую студыю. А пасля купіла ўсё, што трэба, і пачала маляваць. Так, як бачыла, так, як хацела ўсё жыццё. Дамашнія пакруцілі пальцам каля скроні і рашылі пачакаць, пакуль адумаецца. А яна — не адумалася і ўжо праз месяц прадала сваю першую карціну. Цяпер яе работы ёсць у многіх мастацкіх галерэях. А яшчэ яна вазіла іх на выставы ў Пецярбург і ў Маскву. І заказаў у яе — на год наперад.

Яна проста шыкоўна выглядае ў свае пяцьдзясят плюс. На кампліменты адказвае проста: «У мяне цяпер як крылы за спінай выраслі». Я замовіла ў яе карціну. «Я намалюю табе фіялетава-аранжавых катоў», — паабяцала, загадкава ўсміхнуўшыся...

У Таццяны была мара больш простая: яна хацела стаць настаўніцай. Здавалася б, у чым праблема — вучыся добра, паступай у інстытут, атрымлівай прафесію. Толькі вось... У шматдзетнай вясковай сям’і Таня была пятым дзіцем, а пасля яе было яшчэ і шостае, і сёмае. І яе, паслухаўшыся парад разумных людзей, бацькі адправілі ў спецыяльны інтэрнат — дзяўчынка кульгала, адна ножка з нараджэння была карацейшая за другую. Так будзе лепей, рашылі, бо да школы ў цэнтры калгаса было шэсць кіламетраў, прычым дарога не заасфальтаваная, з узгорка на ўзгорак. Таня прыязджала дадому толькі на канікулы, але пасля чацвёртага класа літаральна ўпала бацькам у ногі: «Не паеду!» Не вельмі разумная выкладчыца ў тым інтэрнаце, даведаўшыся, кім Таня хоча стаць, сказала: маўляў, куды табе з тваёй нагой у настаўнікі. Будзеш якой тэлефаністкай, на хлеб зарабіць зможаш. Пра гэта яна расказала бацькам ўжо пасля, як была дарослай. А тады ўсё было ўспрынята як падлеткавыя выбрыкі. Цырымоніцца з дачкой бацькі не сталі: хочаш быць як ўсе — будзь.

Але не скардзіся. І яна ўсе астатнія гады хадзіла ў школу за тыя шэсць кіламетраў. Смешна падскокваючы, старалася не адставаць ад аднакласнікаў. Не крыўдзілася на кпіны, дапамагала ўсім у вучобе — яна ж хацела быць настаўніцай. Паступіла ў інстытут, скончыла яго, сустрэла добрага чалавека, з якім і пранастаўнічалі ў вясковай школе ўсё жыццё. Выкладала фізіку і матэматыку, тлумачачы матэрыял, ніколі не сядзела на месцы, жвава рухалася па класе... Сярод яе вучняў — тры кандыдаты навук, яна адна з першых у краіне атрымала вышэйшую катэгорыю. Сотні людзей — дарослых, самавітых — і сёння згадваюць добрым словам «нашу Таццяну Іосіфаўну» і спяшаюцца павіншаваць яе з Днём настаўніка, ды з днём нараджэння, які ў яе на пачатку мая.

Летась ёй было семдзесят, і мне таксама давялося трапіць на гэты юбілей. Там і пазнаёмілася з гэтай цудоўнай жанчынай, там і даведалася ўсю яе гісторыю. Асабліва ўразіў на тым свяце адзін эпізод. Былы вучань асцярожна спытаў Таццяну Іосіфаўну: «Вам жа, напэўна, цяжка было столькі хадзіць? Вы ж перад намі ў класе толькі што не танцавалі...» «Ну што ты, Саша, — як маленькаму, адказала яна, — я ў вас у класе, дый у іншых, як на крылах заўсёды лётала»...

Дык вось, пра неба. Тое, якое, паводле класіка, кожны носіць з сабой. Гэта пра мару. І пра магчымасці. І пра сілу, аб якой мы, можа, і не здагадваемся. І пра крылы, якія надзейна хаваем, саромеючыся ці баючыся. І пра жыццё, якое часам пражываем, нібы будзе яшчэ адно, і яшчэ, і вось тады... А Неба — тое, якое з вялікай літары, — глядзіць на нас і не ўмешваецца. Свабодай выбару гэта спрадвеку завецца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.