Вы тут

Што ўяўляе сабой савецкае і сучаснае разуменне катэгорыі якасці?


У Год якасці ў Беларусі прадугледжваецца павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай краіны праз беражлівае і прадуманае стаўленне да рэсурсаў, рэалізацыю высокатэхналагічных і энергаёмістых праектаў, прыярытэт якасных паказчыкаў над колькаснымі... Асаблівая ўвага дзяржавы скіравана на фарміраванне ў грамадзян асабістай адказнасці за дасягненне высокай якасці жыцця. Гэтай тэме так ці інакш прысвечаны дзве выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, размешчаныя побач у кальцавой галерэі 3-га паверха. Убачыць іх можна да 30 красавіка. 


Жанна Сікора «Вышэй эфектыўнасць і якасць працы!», 1978 г

Высокая якасць

Кніжна-ілюстрацыйная выстаўка пад такой назвай прадстаўляе наведвальнікам тэматычныя выданні і плакаты з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Што ўяўляе сабой савецкае і сучаснае разуменне катэгорыі якасці? Якраз гэтаму і прысвечаны экспанаты. Між тым успрыманне тэмы і праблемы якасці ярка і арыгінальна выказана савецкімі мастакамі-плакатыстамі. «Экспазіцыя „Высокая якасць“ прыцягвае ўвагу да самой ідэі якасці і выразна падкрэслівае неабходнасць яе прысутнасці ў паўсядзённым жыцці. Прымеркаваная да Года якасці, яна распавядае пра мінулы і сённяшні дзень, пра прыкрыя і пацешныя супадзенні па-за часам, пра асаблівы каларыт савецкага побыту, які цікава ўспомніць, і пра надзённыя навуковыя і практычныя вынаходкі ў прасторы беларускай якасці. Сучасны жыхар Беларусі, як і раней савецкі грамадзянін, варты таго, каб паслугі, тавары і ўмовы вакол яго былі на належным якасным узроўні», — падкрэсліваюць арганізатары. 

Шмат увагі на выстаўцы надалі, натуральна, ключавому сімвалу — стандарту «Дзяржаўны знак якасці». Так, у экспазіцыі змешчаны выданні, у якіх расказваецца пра вытокі распрацоўкі стандарту, а таксама пра конкурс «На выяву знака якасці», які праводзіўся ў 1967 годзе ў СССР. Натуральна, тут можна знайсці літаратуру, у якой гаворыцца пра вопыт прысваення знака якасці прадпрыемствам, чыя прадукцыя адпавядала высокім патрабаванням.

Другая частка выстаўкі — выданні і дакументы, у якіх адлюстроўваюцца сучасныя падыходы да павышэння якасці жыцця беларускага народа, дэманструюцца шматграннаць і патэнцыял эканомікі Беларусі, даступнаць і якасць адукацыі, адметнасць нацыянальнай культуры. Сярод такіх — «Культура Рэспублікі Беларусь», «Якасць жыцця», «Славянскі базар у Віцебску. 30 гадоў. Аб’ядноўваючы народы...». 

Трэцяя і найбольш змястоўная частка экспазіцыі — плён савецкіх плакатыстаў 1950–1980-х гг. Яны ў адметнай манеры разважалі аб праблемах якасці жыцця, працы, узроўні якасці прадукцыі, тавараў і вытворчасці, спецыфіцы якаснага будаўніцтва, абслугоўвання, паслуг і выхавання. Так, дэманструюцца плакаты, створаныя графікамі Мікалаем Гурло, Францам Выпасам, Жаннай Сікора... Змешчаны работы з серыі «Беларускі Агітплакат», а таксама гумарыстычныя замалёўкі творчага аб’яднання «Баявы аловак» (займалася агітацыйна-прапагандысцкай работай з 1939 года). Сярод аўтараў — Віктар Травін, Уладзіслаў Кюнап, Дзмітрый Абазненка, Георгій Кавенчук, Леанід Камінскі. Чаму арганізатары звярнуліся менавіта да творчасці плакатыстаў? «Выразныя, колкія, лаканічныя, насычаныя гумарам камічныя сюжэты сатырычных плакатаў выяўляюць дармаедаў, бракаробаў, гультаёў і хамаў. Агітацыйныя плакаты на тэму якасці яркія, неардынарныя, кідкія, напоўненыя годнасцю і прынцыповасцю, фармулёўкі выяўляюць упэўненасць у неабходнасці якаснай сучаснасці. Лаканічныя назвы і нечаканыя фразы-каламбуры ў загалоўках плакатаў і назвах выданняў поўныя энергіі і натхнення, імкнення адзначыць, выявіць, выкараніць, абавязкова абараніць правую справу», — адзначаюць у бібліятэцы. 

Што пад вокладкай?

Фрагмент экспазіцыі

Выданні, адзначаныя журы LХIII Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», дэманструюцца на выстаўцы з вычарпальнай назвай «Найлепшыя кнігі Беларусі». Мэта конкурсу, які праводзіцца з 1960 года, — вызначэнне найлепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні, павышэнне мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, папулярызацыя дасягненняў выдавецтваў рэспублікі за мінулы год. Тэма якасці, зноў жа, дарэчы... 

Выстаўку адкрывае ўладальнік Гран-пры сёлетняга конкурсу — «Прысмак каляровых рэвалюцый» С. Мусіенкі, М. Осіпава (выдавецтва «Беларусь»). Экспануюцца выданні-пераможцы намінацый «ЛІТ-фармат» (выданні літаратурна-мастацкага кірунку), «Сучасны падручнік» (выданні вучэбнага характару), «Фотапогляд» (фотаальбомы, фотакнігі), «АРТ-кніга» (выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяфільскія выданні), «Садружнасць» (сумесныя выдавецкія праекты), «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзеныя па заказе), «Беларусь памятае» (літаратура, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне)... 

Няма патрэбы пералічваць усе намінацыі і найлепшыя выданні — пра іх мы пісалі пасля ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў LХIII Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Варта хіба толькі згадаць некаторыя маляўнічыя кнігі, якія, здаецца, маюць патрэбу ў гэтым, бо могуць застацца незаўважанымі, нягледзячы на перамогу ў конкурсе. 

Так, несправядліва мала цікавасці з боку айчыннага чытача выклікала яркае выданне класікі беларускай літаратуры «Тарас на Парнасе» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»). У кнігу ўвайшла знакамітая паэма Канстанціна Вераніцына ў арыгінале і ў перакладзе на рускую мову. Выданне ўключае раздзелы з кнігі Генадзя Кісялёва пра аўтарства паэмы і пошукі гістарычнай ісціны, шматгадовую вернасць даследчыка абранай тэме... 

Яшчэ адно адметнае выданне — «Нацыянальныя паркі — жамчужыны Беларусі». Кніга, у якой гаворка вядзецца пра нацыянальныя паркі «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Белавежская пушча» і «Браслаўскія азёры», знаёміць з гісторыяй іх утварэння, а таксама з дзіўным жывёльным і раслінным светам, многія прадстаўнікі якога занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. 

Тут жа — звесткі пра турыстычныя славутасці. Упрыгажэнне выдання — фота, якія адлюстроўваюць красу і непаўторнасць беларускай прыроды. 

Адметная частка выстаўкі — альбом «Хань Юйчэнь. Жывапіс» (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Гэта каталог твораў жывапісца, фатографа, каліграфа, даследчыка Кітайскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў, ганаровага прафесара Беларускай акадэміі мастацтваў і Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў імя Ільі Рэпіна, лаўрэата шматлікіх міжнародных прэмій. Яго творчасць заслугоўвае асобнага даследавання, а змястоўны альбом — сапраўдны падарунак беларускаму чытачу, які цікавіцца сусветным жывапісам. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?