Вы тут

Максім Гарэцкі і літаратурны працэс: традыцыі, наватарскія ідэі, каштоўнасці


Першая трэць XX стагоддзя — багаты на культурныя падзеі перыяд у беларускай літаратуры. У дадзены прамежак часу вялікае значэнне набываюць айчынныя выдавецкія суполкі і часопісы. У 1920-я гады расце колькасць разнастайных адукацыйных устаноў. Паслякастрычніцкі час адзначаны ўдасканальваннем жанравых форм розных па сваіх мастацкіх якасцях і ўзроўні твораў з ліра-эпасу і малога эпасу (паэмы Я. Коласа, М. Чарота, У. Дубоўкі, апавяданні З. Бядулі і інш.). Рэалістычны падыход да рэчаіснасці вызначае характар творчасці вядомага беларускага пісьменніка, крытыка і публіцыста Максіма Гарэцкага.


Фота з адкрытых крыніц

На хвалі нацыянальнага Адраджэння карэнным чынам пачынае змяняцца і ўяўленне жыхароў замежных краін пра Беларусь: першапачаткова яна ўспрымалася як духоўна бедная краіна, з абмежаванай колькасцю адукацыйна-асветніцкіх, творчых арганізацый, дзе, як лічылася, не былі ўзнятыя на належны ўзровень мастацкая і навуковая, дакументальная і навучальная літаратура...

Сярод адметных публікацый М. Гарэцкага, якія перадаюць шматстайнасць унікальных мастацкіх ідэй пісьменнікаў і іх намер увесці ўласныя знакавыя вобразы, нацыянальныя архетыпы ў тэкст, звяртаюць на сябе ўвагу такія работы, як «Бядуля пасля Кастрычніка», «Творчасць Міхася Чарота», «Маладняк», «75 гадоў оперы „Сялянка“», «Гуртуйцеся!», «Беларуская літаратура пасля „Нашай нівы“». Акрамя таго, многія работы крытыка яднае скразная думка: у паслякастрычніцкі час на беларускіх землях не проста прапагандаваліся камуністычныя лозунгі, маніфесты, дзякуючы якім у грамадстве высока ўзносілася задума сацыяльнага і нацыянальнага Адраджэння, але і імкліва распаўсюджваліся ідэі краязнаўства, самаадукацыі, самавыхавання ў цэнтрах культурнага асяродку.

У даследаваннях пазнавальна-асветніцкага характару М. Гарэцкі грунтоўна аналізуе творчасць такіх аўтараў, як Я. Колас, М. Зарэцкі, І. Барашка, А. Моркаўка і інш. Высокаадораны філолаг асэнсоўвае ключавыя моманты ў розныя перыяды літаратуры, вытлумачвае спецыфіку сацыяльна-грамадскага, мастацка-філасофскага ўкладу творчай суполкі «Маладняк» у нацыянальную культуру.

Фактар «уключэння» мастацкага твора ў кантэкст эпохі дазволіў М. Гарэцкаму на высокім навуковым узроўні даследаваць этапы станаўлення беларускай ментальнасці і прасачыць пакручастыя шляхі культурна-гістарычнага развіцця Беларусі з акцэнтам на ідэалогію пралетарыяту. Напрыклад, у артыкуле «Развагі і думкі» М. Гарэцкі не толькі раскрывае ўласнае стаўленне да шляхоў развіцця маладой Беларусі, але і вытлумачвае сямейна-родавую пераемнасць мовы рознымі пакаленнямі, рост свядомасці моладзі, вызначае нераўнадушныя адносіны жыхароў краіны да духоўна-маральных каштоўнасцей.

Паводле слушнага меркавання М. Мушынскага, «...цікавасць М. Гарэцкага да гісторыі нацыянальнай літаратуры і бягучага літаратурнага працэсу, да сферы культурнага жыцця беларускага народа на ўсім працягу яго творчай дзейнасці была сталай, глыбокай». Аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» з пэўнай ступенню недаверу ставіўся да пісьменнікаў рамантычнага кірунку (М. Зарэцкі і інш.), надта катэгарычна ацэньваў тагачасную драматургію. Галоўным чынам, з’яўленне «хібаў» у п’есах тлумачыцца крытыкам вялікай колькасцю знешніх (зрокава ўспрынятых. — Т. М.) вобразаў і іх павярхоўным адлюстраваннем, неадпаведнасцю гістарычнага моманту і яго «адбітку» ў дзеях, сутыкненнем рэалістычнага і сімвалісцкага светабачання аўтараў, зацягнутасцю маналогаў герояў, расплывістасцю партрэтаў дзеючых асоб у самой драме.

Прынцып канкрэтнага гістарызму даў магчымасць уважліваму філолагу вызначыць найважнейшыя моманты ў станаўленні айчыннай крытыкі 1920–1930-х гадоў, абапіраючыся на паняцці «соцыум» і «гісторыя», «пазнанне» і «эвалюцыя», «культурная сітуацыя» і «маральныя каштоўнасці». Відавочна, «асоба з яе творчымі інтэнцыямі <...>, якая помніць аб сваім боскім паходжанні і боскім прызначэнні, выступае ў гістарычнай свядомасці асветнікаў, гегельянцаў і марксістаў у якасці другаснага пачатку, тады як першасным, вызначальным пачаткам у адносінах да яе выступае „асяроддзе“, сацыяльныя законы, законы прыроды і інш.».

Ужо ў лаканічным гісторыка-аналітычным нарысе «Беларуская літаратура» М. Гарэцкі грунтоўна прааналізаваў дынаміку літаратурнага працэсу, вызначыў ролю асветы, друку, перыёдыкі ў айчыннай культуры Беларусі. Крытык папулярызуе нацыянальныя матывы ў паэзіі і прозе, падкрэслівае адрознасць паняццяў «новая» і «найноўшая» літаратура. Даследчык называе найбольш яркія падзеі, факты, абставіны і сітуацыі ў летапісах, газетах, саміх мастацкіх творах пра літаратурнае жыццё з часоў росквіту Полацкага княства і да часоў дзяржаўнага замацавання пралетарскай ідэалогіі на тэрыторыі сваёй краіны. Вялікае значэнне мае тое, што Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Янка Купала паказаны крытыкам як нацыянальныя геніі старажытнай, новай і найноўшай літаратуры.

Цікава, што творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, А. Гаруна разглядаецца М. Гарэцкім у кантэксце «адраджанізму» і яго вядучых ідэй. Да таго ж крытыку важна было сфарміраваць уласнае цэласнае ўяўленне пра спецыфіку твораў малой жанравай формы і асэнсаваць прычыны таго, што ў беларускай літаратуры «адчуваўся некаторы ўплыў сімвалізму ці імпрэсіянізму, але ў цэлым усе нашаніўцы амаль не выходзілі з межаў здаровага рэалізму <...>». Трэба памятаць і аб тым, што менавіта імпрэсіянізм спрычыніўся да ўзнікнення і замацавання ў літаратуры такіх жанравых форм, як лірычны верш у прозе, абразок, імпрэсія, замалёўка. Тыповы таму прыклад — творчасць З. Бядулі. Сімвалізм жа здаўна ў жанравай скіраванасці быў звязаны з легендамі, казкамі, прыпавесцямі. У поўнай меры яго стрыжнявыя ідэі распрацаваныя і ў мастацкай форме ўвасобленыя ў мастацкай спадчыне В. Ластоўскага. 

У прыватнасці, яго выдавецкая дзейнасць аналізуецца М. Гарэцкім у лагічным працягу нарыса «Беларуская літаратура» — агульным аглядзе «Беларуская літаратура пасля „Нашай нівы“».

Як гісторык М. Гарэцкі выяўляе тут вядучыя фактары і перадумовы, якія карэнным чынам паўплывалі на павелічэнне колькасці публікацый беларусаў за мяжой, узнікненне ўстаноў, адказных за папулярызацыю беларускага слова. Філолаг размяжоўвае такія этнонімы, як латвійскія беларусы, сібірскія беларусы, амерыканскія беларусы і ковенскія беларусы, што дае яму магчымасць казаць пра некаторыя адметныя рысы характару прадстаўнікоў сваёй нацыі і ўмовы іх пражывання па-за Радзімай. Так, у Латвіі беларусы былі найперш занятыя публікацыйнай дзейнасцю (Пётр Масальскі), у Сібіры засяроджвалі ўвагу на адукацыі, а ў Амерыцы займелі ўласныя арганізацыі, арыентаваныя на распаўсюджванне беларускай мовы ў шырокіх колах грамадства і павышэнне ролі перыёдыкі. Што ж датычыцца дзейнасці ковенскіх беларусаў, то М. Гарэцкі асэнсоўвае яе значэнне на прыкладзе работ і значных грамадскіх дасягненняў В. Ластоўскага. Крытык канстатуе наступнае: «З літаратурнага жыцця ковенскіх беларусаў трэба адзначыць працу Ластоўскага. Яго стараннямі выходзіў часопіс „Крывіч“ з багатым, як кажуць, літаратурным і крытычным аддзелам. Апрача таго, Ластоўскі выдаў у Коўне аграмадную „Гісторыю крыўскай (беларускай) кнігі“ (1926 г.), у якой давёў апісанне беларускай літаратурна-выдавецкай работы да канца 18-га веку. У Коўне ж выйшаў беларускі слоўнік Ластоўскага». Важна і тое, што на старонках «Крывіча» разглядаліся разнастайныя пытанні беларусазнаўства: пад вокладкай часопіса змяшчаліся не толькі мовазнаўчыя і літаратуразнаўчыя матэрыялы, але і звесткі па гісторыі, культуралогіі і іншых дысцыплінах.

Гісторыка-літаратурны працэс першай трэці XX ст. адметны тым, што ўвага айчынных навукоўцаў і літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў і крытыкаў канцэнтравалася на рэалістычных і нерэалістычных формах адлюстравання рэчаіснасці, дзе канкрэтны і сакральна-ідэалістычны вобразы, нацыянальны архетып і сімвал, старадаўні міф і непаўторная імпрэсія выяўлялі гераічны, мужны і адначасова чулы характар лірычнага героя ці персанажа, а беларуская культура разнастайна перадавала агульнанародныя ўяўленні пра «славянства», «этнас», «нацыю». М. Гарэцкі, які ў сваёй творчасці сыходзіў з прынцыпаў рэалістычнага мастацтва (аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці, канкрэтызацыя, тыповыя характары ў тыповых абставінах і інш.), рупліва клапаціўся пра тое, каб нацыянальная традыцыя ні на хвіліну не перарывалася ў айчынным літаратуразнаўстве.

Таццяна МАЦЮХІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.