Вы тут

Новыя таленты — сярод першакурснікаў Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта


Калі добрае зярнятка ў зямлю пасадзіць — яно абавязкова прарасце, калі ў добрую раллю і пры добрым доглядзе — будзе і ўраджай добры.


Так вырашылі ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, адшукаўшы сярод першакурснікаў новыя таленты. Бо знайшлося нямала студэнтаў, якія пішуць у слупок і ўжо лічаць сябе паэтамі. Вырашылі дапамагчы развіцца таленту і захаваць напрацаваны Клаўдзіяй Сямёнаўнай Трысцень, якой ужо няма сярод нас, вопыт літаратурна-музычнай гасцёўні пры бібліятэцы ўніверсітэта.

Сумесна з Брэсцкім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі створана і дзейнічае студэнцкае аб’яднанне «Паэтычны партал». Аўтарам і кіраўніком праекта з’яўляецца бібліятэкар, які фантануе ідэямі, Таццяна Шчэрба.

Калі нехта думае, што за два гады студэнцкае аб’яднанне выгадавала войска вялікіх паэтаў, то памыляецца. Гэты перыяд стаў сапраўдным парталам у свет слова, своеасаблівым сітам, каб прасеяць якасці асобы, якая фарміруецца, і адшукаць здольнасць, магчымасць, жаданне, працавітасць, актыўнасць, веру ў сябе і многае-многае з таго, што дазволіць спадзявацца на станоўчы вынік. Поспех прыйшоў да тых, хто працаваў.

Навучыць пісаць вершы немагчыма, бо для гэтага мала жадання. Трэба мець і веды, і інтэлект, і лагічнае мысленне, і пачуццё рытму, і многае іншае. А яшчэ гавораць, што для гэтага трэба быць пацалаваным Богам... Можна толькі падтрымаць словам, шчырай верай у поспех, паказаць шлях і правілы.

Тым не менш «Паэтычны партал» даў магчымасць пашукаць сябе на гэтай ніве, арганізаваць студэнцкае жыццё больш цікава. Раскрыліся захопленыя і высокаарганізаваныя студэнты. Аб’ядналіся юныя сябры па пяры. Ёсць смелыя і сарамлівыя, якія яшчэ не раскрылі свой патэнцыял. Ёсць тыя, хто моўчкі і цярпліва пераадольвае творчыя прыступкі. Камусьці ўжо ўдалося паспрабаваць сябе ў ролі распрацоўшчыка сцэнарыя, нехта стаў вядучым мерапрыемства. Ахвотныя займелі пляцоўку для самаразвіцця.

Вельмі важна, што на паэтычных сустрэчах, тэматычных мерапрыемствах час ад часу запальваюцца юныя зоркі — тыя, хто дасягнуў пэўнага ўзроўню і атрымаў права несці слова ў масы.

Паступова ўдзельнікі «Паэтычнага партала» набываюць вопыт выступленняў перад аўдыторыяй, вопыт публікацый. Сябры аб’яднання ўдзельнічалі ў паэтычным конкурсе «Слёзы сясцёр Хатыні» і атрымалі падзяку за подпісам старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч. Рыхтуюцца да наступнага конкурсу.

Творы Анастасіі Трафімук і Дзмітрыя Саўчука апублікаваны ў калектыўным зборніку паэтаў і празаікаў Брэсцкай вобласці «Рознакаляровасць». Маладыя пішуць аб тым, што закранула струны іх душы, адлюстроўваюць сваё захапленне светам, прыродай, бацькамі, тым, што дорага і міла.

Вершы А. Трафімук апублікаваны і ў міжнародным калектыўным зборніку паэзіі і прозы «Сузор’е». Яе талент заўважаны аўтарам-укладальнікам многіх калектыўных зборнікаў рэспубліканскага і міжнароднага значэння Тамарай Кавальчук, якая падтрымала юны талент і разам з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі дала магчымасць апублікаваць вершы ў новым зборніку, які нараджаецца.

А нядаўна, на чарговым паэтычным свяце «Насустрач вясне», маладыя паэты разам з вопытнымі майстрамі слова чыталі вершы пра вясну вядомых рускіх аўтараў (Аляксандра Пушкіна, Івана Буніна, Фёдара Цютчава, Сяргея Ясеніна, Самуіла Маршака, Міхаіла Пляцкоўскага і інш.). Сустракаліся з маладымі і дзяліліся ўласнымі творамі аб вясновым абуджэнні прыроды і далікатных чалавечых пачуццях Юрый Мазалевіч, Раіса Раманчук, Марыя Філіпава... У ролі вядучай выступіла Анастасія Трафімук, якая таксама прачытала свае вершы.

Завяршылася мерапрыемства цёпла і сімвалічна. 

У коле сяброў-студэнтаў, калег па пяры, бібліятэкараў і педагогаў універсітэта наш «Паэтычны партал» запаліў новую зорачку ў асобе студэнта інжынернага факультэта Канстанціна Баброва.

Кожны аўтар падарыў бібліятэцы сваю кнігу. Працягам творчай сустрэчы была выстава аўтарскіх кніг гасцей-паэтаў і карункаў Марыі Філіпавай.

У планах шмат цікавага і карыснага, што дазволіць захаваць памяць аб мінулым і ўнесці свой уклад у пераўтварэнні, якія адбываюцца ў краіне, вывучыць творчасць класікаў рускай і беларускай літаратуры, аўтараў-сучаснікаў. Наперадзе — «Свята кнігі», следам — вечарына, прысвечаная Вялікай Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А паміж усімі мінулымі і будучымі мерапрыемствамі — галоўнае таінства вялікай працы над аўтарскім самаўдасканаленнем...

Ларыса АНТОНАВА, старшыня студэнцкага аб’яднання «Паэтычны партал» пры Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».