Вы тут

Выстаўку аналагавай фатаграфіі можна ўбачыць у мінскай «A&V Art Gallery»


Выстаўку аналагавай фатаграфіі Алены Адамчык пад назвай «Art Fashion Vintage» можна ўбачыць у мінскай «A&V Art Gallery». У цэнтры ўвагі аўтара — жанчына, яе краса і веліч. «Жаночая прыгажосць — універсальная мова, зразумелая людзям розных нацыянальнасцей, саслоўяў, палітычных поглядаў, канфесій», — сказала некалі Алена Адамчык. 


«Оля і пантэра», 1991 г

Алена Адамчык з дзяцінства цікавілася фатаграфіяй — у свой час бацька нават падарыў добры нямецкі фотаапарат. Між тым доўгі час займалася навукай — зацягнула біялогія. Тэма яе кандыдацкай дысертацыі — «Структурна-функцыянальны стан сінаптычных мембран галаўнога мозгу пры старэнні». Але, у рэшце рэшт, Алена Адамчык цалкам прысвяціла сябе фотамастацтву. Выбар быў зроблены ў складаныя 1990-я гады. 

Першая персанальная выстаўка Алены Адамчык «Nude veritas» прайшла ў Варшаве ў 1992 годзе. За некалькі дзесяцігоддзяў фотамастачка стварыла шмат праектаў і прадставіла іх гледачам розных краін Еўропы. Да таго ж яна аўтар некалькіх фотаальбомаў, якія расказваюць пра жанчын розных краін. 

Дарэчы, менавіта ў пераходны перыяд — канец 1980-х — пачатак і сярэдзіна 1990-х — былі зроблены здымкі, прадстаўленыя на выстаўцы «Art Fashion Vintage». Ужо ў той час фэшн-фатаграфія перастала ўяўляць сабой проста здымкі мадэляў у прыгожым, часцей за ўсё адпаведным часу, адзенні, з тымі атрыбутамі, што адлюстроўваюць аспекты індустрыі. Фатографы, якія займаліся аўтарскай фатаграфіяй, пашырылі рамкі абмежаванага жорсткімі правіламі мастацтва. Яны рабілі, напрыклад, кінематаграфічныя кадры альбо надзялялі іх дэталямі той ці іншай гісторыі, такім чынам пазбаўляючы фотаздымкі звыклых прастаты, агрэсіўнасці, паказной абыякавасці... 

«Інга ў абажуры», 1989 г

У шэраг такіх фатографаў уваходзіць, безумоўна, і Алена Адамчык. З улікам таго, у які час рабіліся здымкі з выстаўкі «Art Fashion Vintage», іх можна лічыць эпатажнымі, аднак сёння, натуральна, яны ўспрымаюцца зусім інакш (хоць ёсць упэўненасць, што ў экспазіцыі змясцілі найбольш сціплыя, нясмелыя работы з архіва аўтара). У іх адлюстраваны няўстойлівы час і стаўленне аўтара да гэтага перыяду, да рэчаіснасці, у якой існуюць гераіні (рэдкія героі выступаюць толькі як дапаўненне сюжэта). У работах выяўлены іх характары, пяшчота і дзёрзкасць, смеласць і непрадказальнасць.

Мэдэлі пазіруюць чалавеку з камерай, але гэта не мудрагелістыя паставы, якімі стракаціла ў свой час фэшн-фатаграфія. У кожнай рабоце, своеасаблівым партрэце — унікальная прыгажосць і натуральныя пачуцці. 

Кадры лаканічныя і выразныя, а назвы работ толькі канстатуюць факты. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».