Вы тут

Як дастойна правесці ў апошні шлях надзейнага чатырохногага сябра?


Сёння амаль у кожнага з нас ёсць чатырохногія сябры, а хтосьці ідзе далей і трымае дома экзатычных змей і варанаў. Нягледзячы на шчаслівыя моманты сумеснага існавання, гаспадароў «хвастатых» праз 10–15 гадоў пачынае турбаваць пытанне: як дастойна правесці ў апошні шлях надзейнага сябра, ды так, каб па законе. Аказалася, што праблема стыхійных могілак хатніх жывёл у нашай краіне стаіць даўно і востра, ва ўсіх гарадах дагэтуль застаецца нявырашанай.


На станцыю — праз помнікі

У горадзе Віцебску, як і ва ўсёй краіне, няма афіцыйных могільнікаў хатніх жывёл. Гараджане, якія вымушаны развітвацца з любімымі сябрамі, хаваюць іх у лясных масівах. За некалькі дзесяцігоддзяў такой практыкі лес каля чыгуначнай станцыі «Лучоса» пераўтварыўся ў «ціхі прыстанак» з шыльдамі, агароджамі і нават гранітнымі помнікамі. З іх маўкліва паглядаюць кот Пасат, мопс Алік, такса Барні і іншыя, а ў некаторых месцах віднеюцца крыжы з прымацаванымі да іх фотаздымкамі гадаванцаў. Непадрыхтаванага мінака такое падарожжа праз лес можа моцна напалохаць, а мясцовыя жыхары б’юць трывогу: могілкі знаходзяцца ў водаахоўнай зоне і, верагодна, атручваюць глебу.

Гэты стыхійны могільнік гадаванцаў каля Лучосы — не адзіны ў горадзе. Падобны ёсць у парку Савецкай Арміі, дзе праходзяць культурныя мерапрыемствы і ладзяцца турыстычныя спаборніцтвы. Нягледзячы на тое што некалькі гадоў таму пахаванні жывёл ліквідавалі, людзі зноў хаваюць тут сваіх гадаванцаў. 

А яшчэ адзін пункт грамадскага рэзанансу з’явіўся ў самым цэнтры Віцебска, на ўскраіне ракі каля ЦСК. Пакуль што пахаванне адзіночнае.

Што рабіць?

Беларусы не могуць пахаваць сваіх любімцаў афіцыйна, жывёл можна толькі здаць на ўтылізацыю. На Віцебскай гарадской ветэрынарнай станцыі расказалі, што, згодна з пастановай Савета Міністраў № 834, хаваць трупы жывёл дазваляецца толькі на могільніках або ў спецыяльна адведзеных месцах. На станцыі ў асноўным працуюць з хворымі жывёламі, якіх утылізуюць у біяметрычнай яме пад Ноўкай у Віцебскім раёне. А на палігоне цвёрдых камунальных адходаў прадпрыемства «Спецаўтабаза» і дагэтуль не пабудавалі яму Бекары, размовы аб якой вяліся яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму.

Хаваць кошак і сабак на сваёй прыдамавой тэрыторыі таксама забаронена, гэта можа прывесці да распаўсюджання зоаантрапанозных захворванняў — агульных для чалавека і жывёл. Выявіць, ад чаго памёр гадаванец, можа толькі спецыяліст, узбуджальнік шаленства захоўваецца ў глебе 2-3 месяцы, сібірскай язвы — больш як 100 гадоў. Штраф за несанкцыянаванае пахаванне — да 30 базавых велічынь.

На жаль, паслугі крэмацыі для жывёл аказваюць толькі ў Мінску. Гэтым займаюцца як дзяржаўныя, так і прыватныя арганізацыі. У адной з апошніх агульная крэмацыя для жывёлы вагой да сямі кілаграмаў каштуе 65 рублёў, індывідуальная — ад 120 да 160 рублёў у залежнасці ад урны. Індывідуальная крэмацыя сабакі вагой каля 50 кілаграмаў каштуе ад 230 да 290 рублёў. 

У некаторых арганізацыях прапануюць набыць набор для пасадкі дрэва і разам з прахам пасадзіць расліну ў памяць чатырохногага сябра. Па словах відавочцаў, у некаторых гарадах індывідуальныя прадпрымальнікі спрабавалі запускаць такі бізнес, але з-за высокіх цэн на паслугі ён аказаўся нерэнтабельным.

А вопыт ёсць...

У суседняй Расіі ёсць два афіцыйныя могільнікі: у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Маскоўскі быў адкрыты ў 2007 годзе пад Хімкамі на прыватныя інвестыцыі. Па словах інвестара, вырашэнне ўсіх фармальнасцяў заняло каля сямі гадоў. Цяпер тут працуе адзіны ў краіне Цэнтр рытуальных паслуг для жывёл, але пахаваць коціка або сабачку можна толькі пасля крэмацыі, такую паслугу таксама аказвае цэнтр. Гаспадары жывёл плацяць за месца ад 4,5 да 12 тысяч расійскіх рублёў у залежнасці ад месцазнаходжання. Урна з прахам можа быць размешчана ў сцяне калумбарыя, у зоне могілак або на ўчастку «Алея герояў» (ён прызначаны не толькі для тытулаваных гадаванцаў, але і для тых жывёл, памяць аб якіх гаспадары хочуць пазначыць надоўга). Тут аказваюць паслугі па вырабе надмагільных пліт і помнікаў, а работнікі сочаць за парадкам і чысцінёй.

Гарадскія могілкі жывёл у Санкт-Пецярбургу створаны пры садзейнічанні ўрада горада ў мэтах забеспячэння належнага пахавання хатніх жывёл і паляпшэння экалагічнага асяроддзя горада і вобласці. Тут таксама аказваюць паслугу індывідуальнай і агульнай крэмацыі, пахаванне праху ў зямельны ўчастак каштуе ад 7,5 тысячы расійскіх рублёў.

Могілкі хатніх жывёл становяцца папулярнымі ў Польшчы. Прадпрыемствы па крэмацыі, а таксама месцы пахавання адкрыты на ўскраінах Варшавы, Уроцлава, Быдгашча, Жэшува, Беластока і Рыбніка. Могілкі «Сабачы лёс» у горадзе Новы Конік з’яўляюцца старэйшымі і буйнейшымі ў краіне. Сярод катоў і сабак тут пахаваны папугаі, марскія свінкі, галубы і нават вуж. Месца стала настолькі папулярным, што ў 2013 годзе прыйшлося адкрыць новыя могілкі, якія знаходзяцца на адлегласці аднаго кіламетра ад старых. Сёння на двух участках пахаваны больш за 15 тысяч хатніх любімцаў. Пахаваць жывёлу ў залежнасці ад вагі каштуе ад 500 да 700 злотых.

У Латвіі дзейнічаюць чатыры афіцыйныя могільнікі для жывёл, у Літве — адзін. У многіх краінах Еўропы пахаванне чатырохногіх ператворана ў сапраўдны бізнес: у Бразіліі можна заказаць па жывёле паніхіду, у ЗША цяпер арганізоўваюць пышныя провады. 

У Францыі першы могільнік для сабак з’явіўся ў 1899 годзе, у канцы мінулага стагоддзя гэты пагост прызналі гістарычным помнікам, а на падобных могілках у Вялікабрытаніі гадзінная экскурсія для групы з шасці чалавек каштуе 60 фунтаў.

Напрыканцы

Ва ўсіх абласных гарадах нашай краіны праблема са стыхійнымі могільнікамі пакуль не вырашана. Аднак пытанне мае месца і на працягу многіх гадоў турбуе беларусаў. Людзі, чый кот ці сабака доўгія гады быў членам сям’і, не пагаджаюцца на ўтылізацыю іх астанкаў у агульнай біяметрычнай яме, і такую пазіцыю можна зразумець. Можа варта знайсці іншы законны спосаб адпраўляць на вясёлку сваіх сяброў?

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.