Вы тут

Журналістка ў партызанскіх радах: што мы ведаем пра Лілію Карастаянаву?


На вуліцы імя Ліліі Карастаянавай у Мінску — утульныя жылыя дамы і шырокія дарогі. У парку Дружбы народаў шпацыруюць мамы з каляскамі. Уражвае прыгажосцю праваслаўны храм іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых». Усё навокал прасякнута спакоем і гармоніяй.


Спакойнай, сціплай і працавітай была і сама Лілія Карастаянава. У дзяцінстве не любіла вылучацца сярод іншых. Нарадзілася ў маі 1917 года ў сям’і балгарскіх рэвалюцыянераў-камуністаў і з ранніх гадоў засвоіла ідэалы роўнасці і справядлівасці. Яе дзяцінства было азмрочана рэпрэсіямі: пасля паўстання ў верасні 1923 года ў Балгарыі яе бацьку расстралялі, а маці арыштавалі. 

Праз некалькі гадоў Лілія, яе сястра і брат разам з маці з дапамогай Міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі перабраліся ў СССР, маці пазней вярнулася ў Еўропу — працягваць барацьбу. У Маскве Лілія выхоўвалася ў дзіцячым доме, затым — у сям’і вядомага савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Емяльяна Яраслаўскага. 

У СССР Лілія знайшла новыя магчымасці для рэалізацыі сваіх талентаў. Яна занялася журналісткай, пісала для выданняў, якія адстойвалі правы і свабоды працоўнага народа. У 1938 годзе пачала працаваць у газеце «Камсамольская праўда». Менавіта на працы яна сустрэла свайго каханага мужа — Аляксандра Сляпянава. 

Маладыя шчасліва пражылі год, а потым пачалася Вялікая Айчынная вайна, і муж Ліліі быў мабілізаваны. У гэты час Лілія працавала спецыяльным карэспандэнтам газеты «Камсамольская праўда». З лістапада 1942 года знаходзілася ў партызанскіх атрадах Беларусі. Пісала артыкулы пра баявыя будні і быт партызан, агітавала насельніцтва ў вёсках, дапамагала даглядаць параненых. Удзельнічала ў баявых аперацыях. 

Лілія загінула ва ўзросце 25 гадоў у баі з нямецкімі войскамі каля вёскі Будзішча Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Куля трапіла бясстрашнай гераіні ў сэрца. Яна пахавана ў горадзе Чачэрску.

Пасмяротна Лілія Карастаянава была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Яе імем названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Чачэрску. У яе гонар устаноўлены помнікі, а яе жыццё натхніла на стварэнне мастацкіх фільмаў. Барацьба Карастаянавай у складзе партызанскага атрада адлюстравана ў фільме «Подпольный обком действует» (1978), а лёсу сям’і Карастаянавых быў прысвечаны савецка-балгарскі мастацкі фільм «Карастаянавы» (1983), дзе ролю Ліліі сыграла Ірына Малышава. 

Савецкая журналістка, удзельніца партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі Лілія Аляксандраўна Карастаянава была прыкладам мужнасці, самаадданай барацьбы за свабоду супраць фашызму.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.