Вы тут

Кветкавыя матывы, пастэльныя колеры і банцікі — які манікюр модны ў гэтым сезоне?


Вясна — сапраўды чароўная пара года, калі любой жанчыне хочацца выглядаць каралевай. Які манікюр у модзе? Сабралі для вас свежыя трэнды сезона.


Фота з адкрытых крыніц

Даўно адышлі ў Лету часы, калі палітру манікюру падбіралі пад колер губной памады. Сёння нейл-дызайн — поле для фантазіі, і яе палёт часам імклівы і нястрымны.

Далікатная пастэль — сярод актуальных трэндаў. Натуральны бэжавы і ўсе адценні ружовага — неўміручая класіка, базавыя колеры вясновага сезона, такі манікюр глядзіцца рамантычна і па-жаноцку ў любым выкананні. Белы і жамчужны падкрэсляць вашу элегантнасць. Сярод папулярных адценняў вясны-2024 — класічны чырвоны, бірузовы, колеры мяты і лаванды, цытрынава-жоўты. Манікюр у фіялетавых і цёмна-сініх адценнях нагадае пра зорнае неба. Парадуюцца і аматаркі чорнага, кававага манікюру — гэтыя колеры па-ранейшаму ў модзе. Дарэчы, глыбокія цёмныя тоны лепш за ўсё глядзяцца на кароткіх пазногцях, а дызайн прапануецца не перагружаць дэталямі.

І, вядома, у трэндзе прызнаны экспертамі колерам сезона персікавы — модніцы ўжо выкарыстоўваюць яго ў манікюры. Не сышоў з нейл-палітры залаты і сярэбраны металік.

У гэтым сезоне ў ногцевым дызайне вітаецца эксперымент. Напрыклад, майстры прапануюць кожны пазногаць пафарбаваць у асобны колер. Кідка выглядае эфект фарбаў, змешаных на палітры мастака: каляровыя плямы розных адценняў. Вырашыўшы выкарыстоўваць пазногці замест палатна, можаце намаляваць абстрактныя ці геаметрычныя ўзоры, надпісы — гэта сучасна і стыльна. Палоскі на адным пазногці — варыянт для тых, хто любіць мінімалізм. Модная разыначка — банцікі і стужачкі. Па-ранейшаму актуальная анімалістычная тэматыка; леапардавы, тыгровы, змяіны прынты даўно не лічацца вульгарнымі ні ў адзенні і аксесуарах, ні ў манікюры.

І, вядома, кветкавыя матывы — «наша ўсё» менавіта вясной! Бутоны, пялёсткі і галінкі, выкананыя ў розных тэхніках, абавязкова паднімуць вам настрой. Фларыстыка стане галоўным упрыгожаннем сезона для пазногцяў любой даўжыні. Для доўгіх майстры нейл-дызайну рэкамендуюць выбіраць складаныя малюнкі, для кароткіх — простыя і лаканічныя.

Гэтай вясной дазволены любыя ўпрыгожванні: стразы, крышталі, бліскаўкі, паеткі, ляпніна, дэкаратыўныя каменьчыкі. Падобныя «празмернасці» наўрад ці будуць выкарыстоўвацца на кожны дзень, але створаць эфектны вобраз да ўрачыстасці або рамантычнага спаткання. Актуальным з’яўляецца спалучэнне розных лакаў для пазногцяў — глянцавага і матавага, а таксама манікюр з градыентам.

Што тычыцца формы, мода прапануе выбіраць на свой густ «мяккі квадрат», завостраныя, міндалепадобныя або авальныя пазногці. А каб ваш манікюр глядзеўся ідэальна, не забывайце даглядаць скуру рук.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.