Вы тут

Удзельніцы тэатра моды «Спадчына» самі шыюць свае касцюмы


Паўсотні непаўторных калекцый, дзясяткі тытулаў пераможцаў конкурсаў — такое партфоліа Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ўзорнага тэатра моды «Спадчына». Каля 20 гадоў працуе тэатр моды на базе Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Апроч пашыву адзення, удзельніцы калектыву авалодваюць харэаграфічным мастацтвам.


Кіраўнік калектыву Ала Сурмінава дэманструе калекцыю «Грацыі»

— Наш калектыў незвычайны, ён не падобны на іншыя, — пачынае знаёмства з калектывам яго кіраўнік Ала Сурмінава. — Кожная ўдзельніца не толькі дэманструе сваё адзенне, але і сама яго шые. Ад мяне зыходзяць толькі ўстаноўка і нейкія эскізныя варыянты. І кожная дзяўчына пад сябе робіць сваю мадэль, але ў гармоніі з агульнай задумкай калекцыі.

Работа над калекцыяй не дапускае мітусні. Гэта працэс няспешны. Ад лякал да канчатковага выніку можа прайсці не адзін месяц. Акрамя гэтага, дзяўчаты наведваюць харэаграфічныя заняткі ў танцавальнай зале, якія вядзе Марына Рудзіеўская, харэограф тэатра. У адпаведнасці з калекцыяй падбіраецца музычны рэпертуар — альбо ў народным стылі, альбо сімфанічны, альбо эстрадны. Таксама адпрацоўваюцца і рухі. Такім чынам, глядач не толькі бачыць унікальныя мадэлі адзення, але і ўспрымае іх як тэатральнае відовішча.

— Харэаграфічная пастаноўка павінна адпавядаць стылістыцы калекцыі, таму стараюся выбраць менавіта беларускую музыку са зразумелымі словамі і вядомай мелодыяй. Карыстаемся і класічнымі творамі, але павінна быць усё гарманічна, — заўважае харэограф.

Заняткі праходзяць па дзве гадзіны два разы на тыдзень. Плюс па два заняткі ў танцавальнай студыі.

Заўважаю, што ў партфоліа студыі нямала калекцый з саламянай апрацоўкай, прытым ёсць мадэлі, дзе саломка — гэта асноўны матэрыял. Узоры падбірае кожная ўдзельніца, што надае калекцыі такі разнастайны выгляд. Дарэчы, саломка патрабуе значнай папярэдняй работы. Для тэхнікі «аплікацыя» яе трэба размачыць, выпрастаць, наклеіць на паперу, а затым у ход ідуць нажніцы і ўласная фантазія.

— Тканіна і ўсе неабходныя дэталі закупляюцца Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, на базе якога дзейнічае наш тэатр моды. На адну калекцыю ідзе да паўсотні метраў. За 20 гадоў намі створана 52 калекцыі. Усе яны захоўваюцца тут, у Цэнтры творчасці, — расказвае Ала Аляксееўна.

Асобная тэма калекцый — выцінанкі. Падступаліся да іх павольна. Пачыналі з невялікіх пано. Потым выцінанка пераносілася на тканіну, а затым ішло абпальванне. Так узніклі ўзоры з народнай тэматыкай: дрэва жыцця, пеўні, жывёлы, сонца, плыт, стог сена... Яшчэ ёсць калекцыі з прыгожымі вышыўкамі, з футравым аздабленнем, з макрамэ…

— Вы не знойдзеце ў нашых калекцыях ніводнага элемента, ніводнага аздаблення, купленага ў крамах. Усё поўнасцю зроблена ўручную, у тым ліку і галаўныя ўборы, — падкрэсліла кіраўнік студыі.

«Казкі малахітавай шкатулкі», «Каханачка», «Саламяныя карункі», «Крывічанка», «Вяснянка», «Белы сон», «Кветкі Беларусі», «Свята», «Беларускі сувенір», з апошніх — «Матулі родныя напевы». «Квецень», «Беларускія прыгажуні», «Грацыя» — далёка не ўвесь пералік калекцый тэатра моды «Спадчына». Новая калекцыя «Летуценніца» ўзяла ўдзел у міжнародным конкурсе «Творчасць без межаў» у Мінску і адзначана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гэтай калекцыі калектыў зноў звярнуўся да саломкі, прычым узоры звязаны з беларускай народнай сімволікай. Сама Ала Сурмінава — народны майстар па саломапляценні, таму многія калекцыі аздобленыя гэтым прыродным матэрыялам. А вось асновай мадэляў часта з’яўляюцца льняныя вырабы. «Вось гэта калекцыя заняла першае месца на міжнародным конкурсе „Творчасць без межаў“ у мінулым годзе, вось гэтая — была найлепшай на папярэднім конкурсе. Ужо гадоў сем, мабыць, як мы атрымліваем перамогі, — з гонарам кажа кіраўнік тэатра-студыі, гартаючы альбом-партфоліа. — У мадэлях з саломкай мы пастаянныя пераможцы, бо кожны раз прапануем новую тэхніку выканання».

Незвычайны калектыў даўно заўважылі беларускія выканаўцы. І Саша Нэма, і Тэа, і Ірына Дарафеева падчас выступлення ахвотна бяруць для суправаджэння тэатр моды «Спадчына». Выканаўца з Масквы Дзмітрый Кароль у канцэрце на 8 Сакавіка выканаў песню з удзелам ваўкавыскага калектыву. У красавіку «Спадчына» выступіць у Палацы Рэспублікі падчас справаздачнага канцэрта Гродзенскай вобласці.

«А як наконт новай калекцыі?» — цікаўлюся на заканчэнне. «Гэта сакрэт, — смяецца Ала Сурмінава. — Магу толькі паказаць частковыя элементы, але фатаграфаваць нельга. У яе яшчэ нават назвы няма». Кіраўнік дадала толькі, што новая калекцыя не падобная на ўсе папярэднія як па стылі, так і па колеры. Можна не сумнявацца, што гэта будзе чарговы дызайнерскі цуд ад удзельніц тэатра моды «Спадчына».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: І мадэлі, і дызайнеры

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.