Вы тут

У Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі расце захапленне спартыўным турызмам


Спартыўная зала ніколі тут не пустуе. Асаблівы наплыў назіраецца ў другой палове дня, калі школьнікі пасля заняткаў спяшаюцца на трэніроўкі. Турысцка-прыкладное мнагаборства ахоплівае даволі значнае кола аматараў. У аб’яднаннях па інтарэсах цэнтра займаюцца 375 чалавек. У скарбонцы юных турыстаў — перамогі ў абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтвах.


Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Юныя скалалазы» падчас заняткаў

Між тым педагогі не ставяць канкрэтнай задачы выхаваць прафесіянальных спартсменаў. Вядома, тытул чэмпіёнаў таксама не здымаецца з павесткі дня. Разам з тым тут імкнуцца падрыхтаваць дзяцей да будучага жыцця, зрабіць іх вынослівымі, фізічна актыўнымі, навучыць пераадольваць цяжкасці. Таму прыйсці сюды могуць хлопчыкі і дзяўчынкі любога школьнага ўзросту.

Спартыўная зала абсталявана адпаведна. Па ўсёй плошчы размешчаны вяровачны парк, а сцяна прыстасавана пад скаладром. Педагог дадатковай адукацыі Павел Махамет зазначае, што кожны школьнік можа выбраць сабе заняткі па гусце. Хтосьці больш увагі аддае спартыўнаму скалалажанню (якое, дарэчы, з’яўляецца алімпійскім відам спорту), а хтосьці засяроджаны на асваенні навыкаў турысцка-прыкладнога мнагаборства. Многіх прыцягвае менавіта той факт, што спаборніцтвы праходзяць на прыродзе. Гэта яшчэ адна асаблівасць і саміх заняткаў — на трэніроўкі ўдзельнікі гуртка адпраўляюцца з палаткамі ў лясныя пушчы.

— Мы стараемся трымаць спартыўны кірунак. Таксама дзеці атрымліваюць навыкі пражывання ў палявых умовах, у тым ліку вучацца, як гатаваць ежу. Агульная фізічная падрыхтоўка цяпер вельмі важная для падлеткаў, гэта іх загартоўвае, аздараўлівае, — упэўнены Павел.

Педагог лічыць важным, калі спартыўныя намаганні прыносяць плён. Гэта дадатковы стымул для станаўлення і развіцця асобы сённяшніх падлеткаў. Выяўляюцца лідарскія якасці, уменне працаваць у камандзе, стойкасць у дасягненні мэты. Так, летась на абласных спаборніцтвах каманда Ваўкавыскага раёна 32 разы займала першае месца, больш як 40 разоў была ў ліку прызёраў. На рэспубліканскіх спаборніцтвах былі першымі 11 разоў, яшчэ 13 — займалі другое і трэцяе месцы. У злёце Саюзнай дзяржавы былі другімі па спартыўным арыентаванні.

Адным з самых запатрабаваных відаў з’яўляецца спартыўнае скалалажанне. А як наконт страху вышыні? Многім даволі складана справіцца з гэтым пачуццём. Павел Махамет не пагаджаецца. Аказваецца, гэта не самае складанае ў пад’ёме ўгору. Дастаткова некалькі разоў паспрабаваць, і страх сам сабой праходзіць. Тут важна размеркаваць сілы. Пачынаць на скаладроме трэба з невялікай вышыні, аглянуцца, потым падцягнуцца яшчэ на паўметра. І так паступова дасягнуць вяршыні. Літаральна праз месяц многія ўжо не памятаюць аб сваіх былых страхах.

Па словах дырэктара Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Іны Кулак, скаладром карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей. Калі яго ўладкавалі, колькасць аб’яднанняў значна павялічылася. Дарэчы, існы скаладром можна разабраць і перанесці, напрыклад, на сцяну будынка, што робіцца падчас гарадскіх свят. Такой канструкцыі няма больш ні ў адным раёне вобласці.

Развіваецца ў цэнтры творчасці і велатурызм. Гэта вельмі малады кірунак — гурток працуе толькі трэці год, але ўжо заявіў аб сабе як перспектыўны. Велапаходы захапляюць падлеткаў. Як расказаў педагог дадатковай адукацыі Яўген Бусловіч, летась яго выхаванцы праехалі 170 кіламетраў, а сёлета за восем дзён «накруцілі» ажно 300. Маршрут распрацоўваецца загадзя. Тут улічваецца і культурная праграма: наведваюцца музеі, помнікі, розныя славутасці. Сёлета, напрыклад, у паходзе пабывалі 18 школьнікаў — сярэдняга і старэйшага ўзросту. Дарэчы, усе яны павінны самі везці свае палаткі, рыштунак, умець спраўляцца з тэхнічнымі непаладкамі, зрабіць мелкі рамонт свайго веласіпеда. Улетку школьнікаў таксама чакаюць новыя паездкі і спартыўныя спаборніцтвы. А неабходную тэхнічную падрыхтоўку забяспечвае адукацыйная ўстанова па арганізацыі вольнага часу. Прычым абсалютна бясплатна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.