Вы тут

Біблійная камісія працягвае работу


Трыццаць пяць гадоў таму па благаславенні мітрапаліта Філарэта была створана Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы, каб рыхтаваць пераклады на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання і богаслужбовых тэкстаў.

За гэты час Біблійная камісія плённа працавала і зрабіла вельмі шмат. Якраз на свята Благавешчання ў прыходскім доме мінскай Свята-Петра-Паўлаўскай царквы адбылася прэзентацыя чарговай, шостай, кнігі серыі «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста» ў перакладзе на беларускую мову Біблійнай камісіі. Гэта «Пасланні Саборныя і да Рымлян» на чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. На пачатку прэзентацыі Таццяна Матрунчык, сакратар-каардынатар камісіі, расказала пра серыю, якая плануецца ў дзевяці кнігах. У дзвюх наступных будуць пасланні апостала Паўла, у дзявятай — Апакаліпсіс Іаана Багаслова.


Стварыць царкоўнабеларускую мову

Прафесар БДУ, доктар філалагічных навук Іван Чарота расказаў пра дзейнасць камісіі цягам усёй яе гісторыі. Першапачаткова ў склад уваходзілі трыццаць пяць чалавек, вялікая колькасць людзей спараджала шмат унутраных дыскусій, часта светапоглядных. Новы склад меншы, з шасці-сямі чалавек, сфарміраваўся ў 1994 годзе. Узначальваў камісію напачатку Уладыка Філарэт, потым — айцец Георгій Гардун. Ён сфармуляваў задачу так: не толькі перакладніцкая дзейнасць, а стварэнне царкоўнабеларускай мовы.

Іван Аляксеевіч Чарота заўважыў, што беларуская мова і сёння не з’яўляецца асноўнай функцыянальнай мовай царквы: расказаў, колькі памылак давялося выпраўляць ва ўжо здзейсненых перакладах і дагэтуль працу нельга лічыць канчатковай і завершанай.

— Але беларусам ёсць чым ганарыцца. У нас на цяперашні момант васямнаццаць розных перакладаў Новага Запавету на сучасную беларускую мову, у асноўным аўтарскіх. Але няма кананічнага, прызнанага ўсімі. Гэта вынік аб’ектыўнага стану беларускай мовы і рознаканфесійнасці беларусаў.

Іван Чарота падкрэсліў, што пераклад, здзейснены Біблійнай камісіяй, усё-такі з усіх найбольш дасканалы. Недарэмна па выніках 2018 года за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове калектывы Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі сталі лаўрэатамі прэміі «За духоўнае адраджэнне». Дзякуючы падрыхтаванаму Біблійнай камісіяй «Кароткаму царкоўнаславянска-беларускаму слоўніку праваслаўнай лексікі» сродкі масавай інфармацыі і ўсе зацікаўленыя асобы маюць узоры адпаведнай тэрміналогіі, хоць і тут застаюцца спрэчкі. Напрыклад, не ўсе згодныя з тым, што прапануецца захаваць тэрміны «Благавешчанне», «боская ласка» («благадаць») і гэтак далей, бо ў беларускай мове слова «блага» мае сэнс «дрэнна».

Таццяна Матрунчык нагадала, што сёлета айцу Сергію Гардуну, які ўзначальваў камісію і памёр два гады таму, споўнілася б 65 гадоў. Ён валодаў высокай адукацыяй і як філолаг, і як багаслоў, быў у камісіі ад самага яе стварэння ў 1989 годзе і ўзначальваў яе з 1994-га, яго прынцыпы перанялі паслядоўнікі. Напрыклад, тое, што ні ў камісіі, ні ў прыхода Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, дзе ўпершыню сталі служыць па-беларуску, ніколі не было пазіцыі выцесніць царкоўнаславянскую мову, хоць некаторыя гэтага баяліся, з насцярогай ставіліся да богаслужэнняў на беларускай. З айцом Сергіем да апошняга ішла праца над перакладам псалмоў, паспелі перакласці 52 псалмы, работа будзе працягвацца.

Галоўнае — не тэкст, а сэнс

У прэзентацыі ўзяў удзел айцец Віктар Кулага, новы адказны рэдактар перакладу Біблійнай камісіі, прызначаны ў студзені Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Веніямінам. Айцец Віктар вывучаў грэчаскую мову ў Афінскім універсітэце, меў практыку богаслужэння на грэчаскай мове, загадвае кафедрай біблеістыкі і багаслоўя Мінскай духоўнай акадэміі. Айцец Віктар адзначыў, што работа ў камісіі — вялікая адказнасць. Ён бачыць два вялікія пытанні... Па-першае, пра сам тэкст — у праваслаўнай царкве няма кананічнага тэксту Свяшчэннага пісання, таму што мова развіваецца, узнікаюць не памылкі, а розныя прачытанні. Грэчаскі тэкст таксама мае варыянты, навукоўцы яшчэ з XVІІ стагоддзя пачалі параўноўваць іх, шукаць розначытанні. Другая праблема — перакладу. Бо пераклад — гэта пытанне разумення тэксту. Справа не ў тым, каб спрачацца наконт асобнага слова. Кожная кніга пішацца ў сваю эпоху, у сваіх культурных, гістарычных асаблівасцях. Праблема — у правільным разуменні, паняццях, і любы пераклад вітаецца, бо, калі пачынаеш заглыбляцца ў тэкст, гэта вельмі важная работа, якая ніколі не спыняецца. Таму ў камісіі вельмі вялікія перспектывы, тым больш усе ўмовы для працы створаны.

Кандыдат багаслоўя Алесь Кароль, выкладчык Жыровіцкай семінарыі, акрэсліў этапы гісторыі перакладаў Свяшчэннага Пісання, пачынаючы з ІІ стагоддзя. Згадаў і гісторыю перакладаў на беларускую мову, у прыватнасці Васіля Цяпінскага. Праваслаўныя святары ў той час чыталі пропаведзі на старабеларускай мове, але Свяшчэннае Пісанне цытавалі на царкоўнаславянскай, прыклад таму — пропаведзі Лявонція Карповіча, архімандрыта Віленскага. Кальвініст Васіль Цяпінскі ў 70-я гады XVІ стагоддзя, праз 50 гадоў пасля выхаду Бібліі Францыска Скарыны, ажыццявіў пераклад Евангелля на мову, максімальна набліжаную да простанароднай. Адбывалася гэта ў маёнтку Васіля Цяпінскага на Віцебшчыне, у Цяпіна, сёння — Чашніцкі раён. Побач з перакладам на старабеларускую мову, дарэчы, Цяпінскі змяшчае тэкст на царкоўнаславянскай, бо мэтай яго перакладу было — дапамагчы простым людзям зразумець Евангелле.

— Гэта ўнікальная з’ява, — сцвердзіў Алесь Кароль. — Зараз я вам зачытаю ўрывак з таго перакладу, «Прытчу пра злых вінаградараў», і вы пераканаецеся, што і 450 гадоў таму беларуская мова ўжо існавала, і нельга казаць, што «беларускую мову прыдумаў паляк Янка Купала ў пачатку ХХ стагоддзя» — выказванне, якое я на ўласныя вушы чуў.

Алесь Кароль згадаў цікавыя пераклады Святога Пісання на беларускую мову, напрыклад брата Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, чый пераклад існаваў толькі ў рукапісным варыянце, ці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага з Вішнева.

— Наша камісія працуе вельмі павольна, паступова, але затое вельмі адшліфоўвае тэксты і над кожным словам думае. Бывалі спрэчкі, калі нават на галасаванне ставілі, што прыняць. Тут нам дапамагалі пераклады на іншыя мовы. Напрыклад, вельмі актыўна, дзякуючы Івану Аляксеевічу Чароту, карысталіся сербскім богаслужэбным перакладам. Наша задача — не апярэдзіць кагосьці, а ўцаркавіць беларускую мову, зрабіць яе прыдатнай для царкоўнага праваслаўнага богаслужэння.

Цывілізацыйны выбар беларусаў

Эльвіра Ярмоленка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, заўважыла, што беларуская рэлігійная тэрміналогія мае вельмі працяглую гісторыю. Рэлігійная лексіка ўжываецца ўжо ў старабеларускай мове вельмі шырока, побач з грамадзянскай, ваеннай, побытавай. Яна фіксуецца ў нашых самых старажытных рукапісных тэкстах: летапісах, хроніках, статутах, граматах. Іншая справа, што спачатку на беларускіх землях была царкоўнаславянская рэлігійная лексіка, але з цягам часу яна пачала перакладацца, і ўжо ў 1489 годзе з’явілася «Чэцця», мова якой была сінкрэтычнай: у ёй царкоўнаславянізмы цесна пераплецены з уласна беларускай рэлігійнай лексікай. У 1596 годзе выйшаў царкоўнаславянска-старабеларускі слоўнік Лаўрэнція Зізанія, дзе ўся царкоўнаславянская лексіка перакладалася на старабеларускую мову.

Эльвіра Валер’еўна падкрэсліла, што рэлігійная лексіка ў Беларусі стваралася не толькі ў праваслаўі, але і ў іншых веравызнаннях, і адлюстроўвала паняцці ўсіх вераванняў. У праваслаўі было больш грэчаскіх запазычанняў, у каталіцызме — лацінскіх; і там, і там была і спрадвечная беларуская лексіка. Навукоўцы вылучаюць тры этапы развіцця рэлігійнай тэрміналогіі ў Беларусі ХХ стагоддзя: першы — з 1910 года, ад выхаду часопіса «Праваслаўны братчык», і заканчваючы 1933 годам. Час уздыму, калі навукоўцы, выдаўцы шукалі беларускія адпаведнікі. У гэты час «атэізм» перакладаўся як «бязвернасць», а «акафіст» — як «хваласпеў». Спрабавалі ўтварыць рэлігійныя тэрміны, у якіх выкарыстоўваліся ўласна беларускія сродкі: «несмяротлівасць», «неўмірушчасць», назіралася таксама выкарыстанне паланізмаў і русізмаў, наватвораў, якія не прыжыліся. Другі этап — з 1933-га да сярэдзіны 1980-х, час, калі царква была адасобленая ад дзяржавы, у слоўніках не адлюстроўвалася рэлігійная лексіка, і пераклады Свяшчэннага Пісання з’яўляліся часцей за ўсё не на тэрыторыі Беларусі. Рэлігійная лексіка ў слоўніках таго часу характарызуецца варыянтнасцю: можна знайсці і «ангел», і «анёл», і «Збавіцель», і «Збаўца». Трэці этап — з 1980-х — да нашага часу, калі актывізавалася работа па стварэнні і нармалізацыі рэлігійнай лексікі. Вельмі шмат зроблена, напрыклад, у Акадэміі навук створаны «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы», дзе ўтрымліваецца каля чатырох тысяч слоўнікавых артыкулаў, Рэлігійны корпус беларускай мовы, які пастаянна папаўняецца, вядзецца фундаментальнае даследаванне рэлігійнай лексікі беларускай мовы. Эльвіра Ярмоленка асабліва адзначыла ролю ў гэтых працэсах Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы. Зазначыла, што вельмі добра, калі ў працэсе выпрацоўкі тэрміналогіі захоўваецца варыянтнасць — толькі час пакажа, якое слова прыжывецца, якое знікне з мовы.

Людзі ў Біблійнай камісіі працуюць вельмі карпатліва, вельмі адказна, дыскутуюць, шукаюць рашэнне, — зазначыла Эльвіра Ярмоленка. — Што мне асабіста спадабалася — у іх ёсць пераемнасць. Таму на заканчэнне ўспомню словы айца Сергія Гардуна: «Распрацоўка багаслоўскай тэрміналогіі, пераклад сакральных тэкстаў — гэта важная справа, у якой беларусы павінны зрабіць свой цывілізацыйны выбар».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Беларускімі словамі — пра святое

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.