Вы тут

Скульптура на фасадзе Нацыянальнага мастацкага музея набыла імя


Сёлета Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 85-годдзе. Але ёсць і яшчэ адзін юбілей, менш значны і важны і для музейшчыкаў, і для аматараў мінскай архітэктуры. 

15 студзеня 1949 года выйшаў загад Савета Міністраў БССР аб будаўніцтве Дзяржаўнай карціннай галерэі.


Участак пад галерэю

Карцінная галерэя павінна была асвоіць будынак у Падгорным завулку (недалёка ад вул. Першамайскай), на што вылучалася 800 000 рублёў. Але дырэктар галерэі Алена Васільеўна Аладава не пагадзілася: яна дабілася рашэння пабудаваць новы музейны будынак у зруйнаваным Мінску па арыгінальным праекце архітэктара Міхаіла Бакланава, вучня знакамітага Іосіфа Лангбарда. Па задуме аўтара, галерэя павінна была размясціцца на вольным ад забудовы ўчастку з актыўным рэльефам, як мяркуецца, у раёне скрыжавання вул. Леніна і Першамайскай, насупраць бальнічнага комплексу. Гэта быў класіцыстычны будынак-сядзіба з сыходнымі тэрасамі і фантанамі, музей-сядзіба, храм мастацтваў.

Гэты першапачатковы рамантычны праект, створаны Бакланавым, не быў прыняты з-за высокага кошту і аддаленасці ад галоўнай сталічнай магістралі — праспекта Сталіна. Шкада, што не ўдалося адваяваць гэты ўчастак, маляўнічы куток гарадскога асяроддзя. Пад будаўніцтва Мінскі гарадскі савет адвёў невялікую пляцоўку па вуліцы Леніна паміж тагачаснымі будынкамі Міністэрства сувязі і «Белпрампраектам». Гэта адразу абмежавала магчымасці для павелічэння росту і маштабу музея, пазбавіла яго прасторы, прыгожых падыходаў. Але вузкая ў гэтай частцы вуліца Леніна і суседні бульвар з маладымі ліпамі пасля канчатковай забудовы аказаліся вельмі гарадскімі і ўтульнымі, а найбліжэйшыя станцыі метро, пабудаваныя ў сярэдзіне 1980-х, вырашылі ўсе праблемы сувязі з далёкімі гарадскімі раёнамі.

Тэхнічны праект другога варыянта будынка галерэі быў распрацаваны «Белдзяржпраектам» і зацверджаны 1 верасня 1951 года. 28 сакавіка 1952 года Дзяржаўная камісія адзначыла высокі мастацкі ўзровень распрацаванага архітэктурнага рашэння музея і асабліва падкрэсліла яго эканамічнасць. Будаўніцтва працягвалася бурнымі тэмпамі пяць гадоў.

Кіраваў будаўніцтвам сам аўтар праекта, малады архітэктар-франтавік, былы партызан Міхаіл Бакланаў. Гэта была яго першая буйная самастойная праца і, дарэчы, першы прыклад будаўніцтва музейнага будынка ў СССР, таму нядзіўна, што Міхаіл Іванавіч адчуваў вялікую адказнасць. Галіна Бакланава, удава архітэктара, успамінала, як на іх невялікай кухні ў папяросным дыме (Аладава тады курыла моцны «Беламор») абмяркоўвалася кожная дэталь праекта.

Скульптуры на фасадзе

Асаблівая ўвага ўдзялялася фасаду і яго манументальна-дэкаратыўнаму строю. У нішах і на франтоне будынка планавалася ўстанавіць скульптурныя кампазіцыі, а на фасадзе за калонамі змясціць скульптурны фрыз. Архітэктар прапанаваў устанавіць у нішах шматфігурныя скульптурныя групы рамантычнага рэвалюцыйнага характару. Такое рашэнне перагружала фасад, парушала сэнсавую нагрузку будынка, і мастацкі савет Саюза мастакоў і архітэктараў скарэкціраваў іх, наблізіўшы да прызначэння і функцыі будынка як карціннай галерэі. Вырашана было паставіць у нішах алегарычныя фігуры «Жывапісу» і «Скульптуры», а на франтоне, як у Ленінградскай акадэміі мастацтваў, замест статуі Мінервы ўсталяваць алегарычную постаць Славы, якая вянчае лаўровым вянком усіх мастакоў, што ўваходзяць сюды.

Заказ на выкананне бетонных скульптур даручылі скульптарам — народнаму мастаку БССР Андрэю Бембелю, скульптарам Сяргею Адашкевічу, Паўлу Белавусаву («Скульптура»), Льву Раберману («Жывапіс»).

Нямала цікавых гісторый пра гэтыя скульптуры захавала памяць найстарэйшых супрацоўнікаў і тых людзей, якія былі сведкамі будаўніцтва. Многія ўспаміны больш нагадваюць легенды, але некаторыя падмацаваны дакументальна.

Адна з іх датычыцца «Славы» Андрэя Бембеля, устаноўленай у верхняй частцы будынка. Галоўны інжынер праекта С. Атаеў успамінаў: «Калі прывезлі скульптуру Бембеля, мне здалося, што шыя яе занадта доўгая. З уласцівай маладосці паспешлівасцю я загадаў выклікаць майстра, каб падкараціць яе на некалькі сантыметраў. На шчасце, гэта зрабіць не паспелі. На наступны дзень я застаў ляжачую на зямлі статую і групу людзей, якія ўзбуджана жэстыкулявалі. Гэта былі дырэктар, вытанчаная, інтэлігентная Аладава, архітэктар Бакланаў і адзін з кіраўнікоў горада. Пасля не вельмі прыемных фраз яны даходліва патлумачылі, што скульптар спецыяльна зрабіў так: калі глядзець знізу пасля ўстаноўкі, то шыя будзе выглядаць нармальнай».

Натуршчыца Алена Аляксеева

Удава архітэктара Галіна Бакланава згадвала, што мужчынскі вобраз «Скульптуры» вельмі нагадваў ёй мужа, самога архітэктара Міхаіла Бакланава, які быў прыгожы і меў мужную знешнасць. Яму было толькі 35 гадоў, калі ён пачаў будаўніцтва галерэі.

У музейным архіве захаваўся цікавы дакумент з гісторыі будаўніцтва музея. Ён датычыцца менавіта манументальных скульптур.

За паўгода да заканчэння будаўніцтва высветлілася, што ўжо адфармаваныя фігуры «Жывапіс» і «Скульптура» не адпавядаюць патрабаванням зацверджанага праекта з-за неадпаведнасці памераў скульптур і вышыні ніш. «Кампазіцыйнае рашэнне адзначаных постацяў з’яўляецца слабым, — пісаў засмучаны Бакланаў у лісце да старшыні Джзяржбуда Караля, — асабліва гэта датычыцца жаночай постаці, якая выканана на нізкім мастацкім узроўні. У 1956 годзе я як аўтар праекта патрабаваў склікання Мастацкага савета, які таксама адзначыў нізкі мастацкі ўзровень выкананай работы, аднак адзначаная скульптура без змен невядома па якім загадзе была адфармаваная. Катэгарычна пратэстую супраць пастаноўкі гэтых скульптур. Прашу садзейнічаць».

«Давайце неадкладна паглядзім і вырашым», — напісаў рэзалюцыю старшыня Дзяржбуда Уладзімір Кароль. Ён спачуваў Бакланаву, але ляпіць і фармаваць новыя скульптурныя групы не было калі. Тэрміны здачы аб’екта былі жорсткія. Так алегарычныя «Жывапіс» і «Скульптура» аўтарства і Рабермана, і Адашкевіча, і Белавусава назаўсёды засталіся на фасадзе музея. Усе гэтыя і іншыя трывогі прывялі да таго, што Міхась Іванавіч трапіў у шпіталь з абвастрэннем старой язвы і не быў на ўрачыстым адкрыцці свайго стварэння. А мінчанам адразу ж спадабаліся гэтыя скульптуры: колькі фотаздымкаў і сэлфі зроблена на іх фоне!

Алегорыя «жывапісу» па імені Алена

Зусім нечакана ў сакавіку 2024 года гісторыя з адной са скульптур — алегорыяй «Жывапісу» атрымала развіццё. У Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь прыйшоў ліст ад дзвюх мінчанак. Яны сцвярджалі, што валодаюць дакументальнымі сведчаннямі таго, што для скульптуры-алегорыі «Жывапіс» пазіравала іх бабуля Алена Аляксеева (1920–2007), і прасілі ўвесці яе імя ў гісторыю музея.

Кожная лішняя рысачка з гісторыі музея, тым больш у год яго юбілею, важная і цікавая не толькі музейшчыкам, але і ўсім аматарам Мінска і яго архітэктуры, і я звязалася з адпраўшчыцамі ліста.

Архітэктар Міхаіл Бакланаў

Што ж удалося даведацца ад Алены Аляксеевай і Святланы Свідуновіч? Яны перадалі занатаваныя са слоў сваёй бабулі ўспаміны і фотаздымак, які паказвае дэкаратыўна-манументальную скульптуру «Жывапіс» у некалькі іншым выглядзе, чым тую, якую ўсе прывыклі бачыць у правай нішы фасада музея. Фотаздымак гэты быў надрукаваны ў манаграфічным буклеце 1959 года з подпісам «Жывапіс. (Эскіз)» і паказвае працэс работы над скульптурай. Верагодна, гэта быў першапачатковы гіпсавы варыянт скульптуры, дастаткова падрабязны, па якім яшчэ адгадвалася падабенства з канкрэтнай мадэллю.

Аўтар гэтай скульптуры Леў Раберман (1923–1988) — скульптар-самародак, які не меў спецыяльнай скульптурнай адукацыі. Інфармацыя аб ім вельмі абмежаваная. Ні ён, ні яго брат Марк не ўвайшлі ў даведнікі Саюза мастакоў Беларусі, хоць у зборы Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца пяць выдатных скульптурных партрэтаў работы Марка і адзін — Льва Рабермана. З манаграфічнага буклета аб скульптары 1959 года і каталога скульптуры Мастацкага музея вядома, што абодва браты родам з Чачэрска Гомельскай вобласці, былі вучнямі (ці, як яны пісалі, «карысталіся парадамі») найвядомейшага народнага скульптара Беларусі Заіра Азгура. Тры гады Леў Раберман працаваў у майстэрні Азгура. 20 гадоў жыў і працаваў у Мінску, у 1966-м браты пераехалі ў Кіславодск, а адтуль эмігрыравалі ў Ізраіль ці ЗША.

Работа з натурай для творчасці Заіра Азгура — скульптара-рэаліста — была абавязковай і прынцыповай, усе яго творы (нават гістарычныя персанажы без вядомай іканаграфіі) ляпіліся толькі з канкрэтнага натуршчыка. Так працавалі і яго вучні — скульптары Раберманы. Атрымаўшы замову на ўвасабленне дэкаратыўна-манументальнай скульптуры «Жывапіс», Леў Раберман стаў шукаць натуршчыц—мадэляў.

Паводле сямейнай легенды Аляксеевых, Алену, якая ішла па справах, спыніў на вуліцы (яна жыла тады ў раёне плошчы Перамогі) нейкі скульптар (засталося невядомым, ці быў гэта Леў Раберман, ці сам Заір Азгур) і прапанаваў пазіраваць. «Хачу Вас ляпіць», — сказаў ён. Родныя кажуць, што Алена была такая яркая і прыгожая, са станам, што на вуліцы на яе абарочваліся мінакі. Акрамя таго, у яе знешнасці ўвасабляўся той неабходны для савецкай скульптуры ідэал — тыпаж моцнай, велічнай і гарманічнай фігуры сталай жанчыны.

Алена, ураджэнка Бабруйска, у свае 36 гадоў — маці чацвярых дзяцей, хатняя гаспадыня, жонка кадравага ваеннага, намесніка начальніка Генштаба Беларускай ваеннай акругі, пагадзілася, калі даведалася, што сеансы будуць праходзіць у майстэрні Заіра Азгура, тады ўжо вельмі вядомага скульптара.

Азгур, які, верагодна, рэкамендаваў свайго вучня для выканання гэтай скульптуры, курыраваў яго работу і гарантаваў яе якаснае выкананне.

Гэты фотаздымак, безумоўна, адлюстроўвае манументальную алегорыю «Жывапіс» у першапачатковым варыянце ў гіпсе, выкананую вельмі прафесійна і рэалістычна, з захаваннем натуры. Ці ёсць там партрэтнае падабенства з маладой А. Аляксеевай, устанавіць сёння цяжка, тым больш што скульптура дапрацоўвалася з цягам часу. Скульптар мог выкарыстоўваць некалькі натуршчыц у якасці прататыпа алегорыі «Жывапісу» асобна для лепкі фігуры і асобна — для твару.

Пры далейшай рабоце над выявай пластычная жаночая фігура змянілася ў бок большай суровасці і манументалізацыі і стала больш абагульненай. Гэта адбылося галоўным чынам з-за матэрыялу, у якім яна павінна была быць выканана, а менавіта бетону, які не вытрымліваў залішняй дэталізацыі першапачатковага эскіза. Аўтар прыбраў жыццёвую канкрэтыку — гузікі, складкі адзення, завітыя валасы на лбе, адкладны каўнер сукенкі, адмовіўся ад ручкі на вазе і дадаў беларускі арнамент на адзенні, увёў атрыбут жывапісу за спінай мадэлі — падрамнік на мальберце з драпіроўкай.

Спрошчаны і твар жанчыны, прыбрана партрэтнае падабенства з канкрэтнай мадэллю. Скульптура стала больш абагульненай, класіцыстычнай, з фігурай маладзейшай жанчыны. І, трэба сказаць, страціла ў эфектнасці і пафаснасці першапачатковай задумы.

Натуршчыцы Алене Аляксеевай пасля заканчэння сеансаў дасталася на памяць ад удзячнага скульптара фатаграфія з першапачатковым эскізам — варыянтам скульптуры. Ужо пажылой жанчынай яна любіла расказваць пра гэты эпізод свайго жыцця. А фатаграфія стала сямейным рарытэтам.

Надзея УСАВА, мастацтвазнаўца

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.