Вы тут

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў


Сёлета да пачатку купальнага сезона адкрыецца 459 пляжаў. Пра гэта расказала вядучы спецыяліст РДГА АСВОД Кацярына Міхалёва. Цяпер ідзе падрыхтоўка да атрымання пашпартоў гатоўнасці на гэтыя аб’екты. «На жаль, 133 пляжы з гэтага ліку пакуль не маюць пастоў АСВОД, але работа ў гэтым кірунку таксама вядзецца. Так, у Мінскай вобласці ўжо адкрылася 16 новых пастоў, усяго іх тут будзе працаваць 42», — паведаміла Кацярына Міхалёва.


Адным з найважнейшых мерапрыемстваў перад атрыманнем пашпарта гатоўнасці на пляж з’яўляецца абследаванне вадаёма. Па словах спецыяліста, пры яго правядзенні ўлічваецца не толькі глыбіня, але і характарыстыкі спуску (не павінна быць ям або рэзкага перападу ўзроўняў адразу каля берагавой лініі). Правяраецца якасць грунту, засмечанасць дна староннімі прадметамі, у тым ліку рачнымі раслінамі, і многае іншае. Больш за ўсё вадаёмаў, на якіх купанне забаронена, знаходзіцца ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях.

Для папаўнення рыштунку выратавальных станцый і пастоў праводзіцца закупка абсталявання. Так, у распараджэнне ратавальнікаў у гэтым сезоне паступіць чатыры новыя аэралодкі. У планах — набыццё лодак-навігатараў, лодак «Беркут» і іншага абсталявання.

З вадой жартаваць не варта

Традыцыйна пляжы будуць гатовыя прыняць сваіх першых наведвальнікаў ужо ў першай палове мая, лічыць Кацярына Міхалёва. Гэта будзе, калі надвор’е нас не падвядзе і калі вада на вадаёмах канчаткова прагрэецца. Але да купальнага сезона трэба падрыхтаваць у першую чаргу маладых людзей.

А з вадой жартаваць не варта. Як заявіла Кацярына Міхалёва, з пачатку года ў краіне на вадзе загінулі 50 чалавек, з іх адно дзіця. За аналагічны перыяд мінулага года вада забрала жыцці 73 чалавек, з іх траіх дзяцей. За гэты час работнікамі выратавальных службаў станцый і пастоў былі выратаваны 32 чалавекі, чацвёра — непаўналетнія.

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання, якія перад пачаткам сезона абследуюцца спецыялістамі. Згодна з імі, дно акваторыі павінна быць роўным, шчыльным, са спадзістым спускам без уступаў глыбінёй не болей чым 1,75 метра, свабодным ад ціны і раслін, камянёў і іншародных цел. Максімальная глыбіня берагавой лініі павінна складаць 50 сантыметраў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Абавязкова правяраецца хімічны і біялагічны стан вады, бо пры купанні можна праглынуць невялікую колькасць вады.

Адкрыццё пляжа з дазволам на купанне або без таксама суправаджаецца абавязковай пашпартызацыяй аб’екта. Дакумент выдаецца, толькі калі на пляжы маецца ўсё неабходнае абсталяванне і ён адпавядае ўсім санітарным нормам. Калі купанне ў дадзеным месцы не дазволена, то пляжная зона застаецца толькі месцам для прыняцця сонечных ваннаў.

У Мядзельскім раёне, напрыклад, устаноўлена дзесяць месцаў для купання, тады як месцаў адпачынку каля вады — больш як 30. Такім чынам, не ўсе месцы адпачынку каля вады падыходзяць для купання. «Часам вадалазныя абследаванні, якія ініцыіруюцца мясцовымі органамі ўлады, паказваюць у зоне дна акваторыі наяўнасць ключоў, ям або абрываў. Зразумела, што дазволу на купанне ў дадзеным вадаёме атрымана не будзе», — адзначыў вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі АСВОД Міхаіл Фралоў.

Ён таксама падкрэсліў, што летась з агульнай колькасці патанулых у Мінскай вобласці 13 чалавек знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Больш за тое, усе яны патанулі ў месцах, якія не былі прызначаныя для купання.

Дарэчы, за купанне ў забароненых месцах у выпадку ўстанаўлення такога факта да адпачывальнікаў могуць прымяніць адміністрацыйныя меры спагнання. Як і за распіццё спіртных напояў у месцах адпачынку каля вады, якія таксама з’яўляюцца грамадскім месцам.

Падрыхтоўка да купальнага сезона ў Мінскай вобласці, які традыцыйна пачынаецца 1 мая, ажыццяўляецца на падставе рашэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, у якім прапісваюцца як АСВОДам, так і мясцовымі органамі ўлады, і службамі абавязковыя для выканання мерапрыемствы. Працэс падрыхтоўкі мае два напрамкі: праверка гатоўнасці сіл і сродкаў выратавальных станцый і ведамасных пастоў, а таксама непасрэдна пляжаў і месцаў для купання«, — распавёў Міхаіл Фралоў.

На Міншчыне з пачаткам купальнага сезона адкрыецца 110 месцаў масавага адпачынку каля вады. Пры пераходзе на летні перыяд работы на выратавальных станцыях і пастах праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне катэраў і лодак, закупляецца неабходнае абсталяванне.

«Нарошчваецца колькасць выратавальных пастоў. Усяго нашы пасты і станцыі закрываюць 99 месцаў адпачынку. Калі тры гады таму было 29 выратавальных пастоў, то ў 2024 годзе ўжо 57. Для нядаўна створаных пастоў у цяперашні час закупляецца абсталяванне, ідзе фарміраванне штата. Акрамя таго, бяспеку людзей на вадзе забяспечваюць сем выратавальных станцый Мінскай абласной арганізацыі АСВОД і дзве станцыі горада Мінска, размешчаныя ў Мінскім раёне на вадаёмах Пціч і Вяча», — адзначыў Міхаіл Фралоў.

Традыцыйна напярэдадні купальнага сезона праводзіцца тыдзень бяспекі на вадзе, які ахоплівае рабочыя калектывы і ўстановы адукацыі. У планах — узаемадзеянне з адміністрацыяй аздараўленчых лагераў, паблізу якіх ёсць вадаёмы. «Зараз мы рыхтуем каля дзесяці тысяч памятак для распаўсюджвання сярод адпачывальнікаў у лагерах. Яны таксама будуць раздавацца ў рамках рэйдаў, якія мы праводзім сумесна з МУС», — распавёў Міхаіл Фралоў.

Варта адзначыць, што ў Мінскай вобласці з пачатку года патанулі шэсць чалавек, сярод іх адзін непаўналетні, што ў два разы менш, чым за аналагічны перыяд летась.

«Калі аналізаваць больш раннюю статыстыку — у 2022 годзе на вадзе загінулі 70 чалавек, з іх трое дзяцей, — то мінулы год завяршыўся з лічбамі: 57 дарослых і адно дзіця. Нашымі ратавальнікамі-матросамі летась не дапушчана гібелі ў раёне дзеяння выратавальных пастоў і станцый. Такім чынам, работа, якая праводзіцца, у тым ліку і прафілактычная, дае свой плён», — адзначыў Міхаіл Фралоў.

Альтанкі і тапчаны

Дзіцячае і іншае спецыяльнае абсталяванне — на мінскіх пляжах да купальнага сезона абавязкова абновяць. Пра гэта расказала начальніца службы ўтрымання гарадскіх лясоў, пляжаў і МКАД УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка» Марына Макарава.

«На балансе нашай арганізацыі — 20 пляжаў, размешчаных уздоўж чатырох вадасховішчаў — Цнянскага (5 пляжаў), Заслаўскага (8), Дразды (5) і Крыніца (2). Згодна з праграмай развіцця пляжаў, якая зацвярджаецца Мінскім гарвыканкамам, гэтыя пляжныя зоны замацоўваюцца за адміністрацыямі горада. Падчас падрыхтоўкі да купальнага сезона праводзіцца комплекс мерапрыемстваў. Гэта рамонт і афарбоўка дзіцячага і спартыўнага абсталявання, дэмантаж старога, рамонт пад’язных дарог і лясной мэблі, аўтастаянак, веладарожак і пліткавага пакрыцця», — расказала Марына Макарава.

Згодна з праграмай на 2024 год месцы адпачынку абсталююць 20 новымі драўлянымі альтанкамі, дзесяццю сталамі з крэсламі, васьмю лаўкамі і інфармацыйнымі стэндамі. Усе драўляныя малыя формы выраблены сіламі Мінскай лесапаркавай гаспадаркі. Папоўніцца абсталяванне пляжаў і тапчанамі. Ужо ўстаноўлена 220 новых тапчаноў, з іх 110 на Заслаўскім вадасховішчы, бо яно нароўні з Цнянскім застаецца адным з самых папулярных месцаў адпачынку ў гараджан. Сёлета на іх з’явяцца новыя ценявыя павеці, кабінкі для пераадзявання, арэлі, урны, новыя мангалы. Часткова берагавая зона пляжаў будзе падсыпаная пяском першага класа.

Не менш важнае пытанне для месцаў масавага адпачынку каля вады — арганізацыя санітарных зон. Мінская лесапаркавая гаспадарка плануе ўстанавіць паблізу пляжаў 74 біяпрыбіральні, дзве з якіх для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

А вось адкрыццё пляжаў пройдзе з надыходам спрыяльнага для купання надвор’я. З практыкі мінулых гадоў, са слоў спецыяліста, гэта адбываецца ў другой палове мая.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Сезонныя пляжы павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.