Вы тут

Правілы ўдалага пікніка


Калі цеплыня (але без камароў), зеляніна (без пылу, крапівы і калючак) — хочацца хутчэй на прыроду. Наперадзе нас чакае шмат выхадных дзён, а значыць, надышла пара спланаваць вольны час. Майскія святы — традыцыйны час пікнікоў на прыродзе і выдатная магчымасць пабыць разам з усёй сям’ёй. Гульні з мячом, шашлыкі, запечаная ў прыску бульбачка — у дарослых і дзяцей абавязкова павінны быць такія ўражанні ад вясны. Для стварэння максімальна камфортных умоў для адпачынку некалькі карысных парад дала памочнік урача-гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Гоціна.


Калі ў сям’і ёсць маленькія дзеці, арганізоўваць адпачынак на прыродзе лепш пачынаючы з трох-чатырохгадовага ўзросту.

Загадзя вызначце месца для пікніка. Лепш абраць спецыяльна абсталяванае месца, схаванае ад прамых сонечных прамянёў, дзе дазволена ўсталёўваць мангал, разводзіць агонь. Калі будзеце дабірацца грамадскім транспартам, то маршрут павінен быць максімальна простым і кароткім, інакш дзеці стомяцца ад дарогі, асабліва калі іх закалыхвае ў транспарце.

Выбірайце максімальна зручнае адзенне з натуральных матэрыялаў: доўгія штаны, футболку ці кашулю, галаўны ўбор, абавязкова вятроўку на выпадак непагадзі. Па магчымасці прадугледзьце камплект зменнага адзення.

Не забывайце, што ў лесе можна сустрэцца з камарамі і кляшчамі, так што адзенне павінна быць максімальна закрытым. Адкрытыя ўчасткі цела апрацуйце рэпелентамі ў адпаведнасці з інструкцыяй і ўзростам.

На прыродзе дзеці асабліва актыўныя, таму могуць атрымаць нязначныя траўмы. 

Для такіх выпадкаў вазьміце з сабой пластыры, бінт, сродак для першаснай апрацоўкі раны.

Не забудзьцеся аб сродках гігіены. У вашым багажы павінен быць дастатковы запас вільготных і сухіх сурвэтак, антысептыку і чыстай вады для мыцця рук.

І, вядома, галоўнае пытанне: чым накарміць дзяцей на пікніку? Абавязкова паклапаціцеся пра чыстую пітную ваду — лепш узяць яе з запасам. Таксама вазьміце сок ці морс, не перашкодзіць і тэрмас з гарачай гарбатай. Для шашлыку лепш абраць курыцу ў нявострым марынадзе, рыбныя стэйкі. Можна таксама запячы нанізаныя на шампуры сасіскі і бульбу ў фальзе. Вазьміце свежую гародніну — палачкі морквы і сельдэрэю, салодкі перац, агуркі, розную садавіну. На дэсерт выдатна падыдзе смажаны на вогнішчы зефір або маршмэлоу.

Важна! Не бярыце з сабой прадукты, якія могуць сапсавацца ў дарозе ці на спякоце. Дэсерты з крэмам, малочную прадукцыю лепш пакінуць дома.

Вядома, не забывайце аб правілах гігіены — на прыродзе іх нельга ігнараваць. Перад ежай бацькі і дзеці павінны памыць рукі!

Паклапаціцеся і аб забавах. Дзецям цікавы ўвесь працэс адпачынку на свежым паветры, і гэтым трэба карыстацца. Гуляйце на прыродзе. Вазьміце мяч, паветранага змея, мыльныя пузыры, ракеткі і валан для бадмінтона.

Што пакласці ў аптэчку?

Па статыстыцы, падчас майскіх свят у траўмапунктах і бальніцах пачынаецца ледзь не аўральны рэжым — траўмы павялічваюцца ў разы. Прычым выяўляецца практычна поўны спіс вядомых пашкоджанняў. Што ўзяць з сабой на пікнік проста на ўсялякі выпадак?

Ахоўныя акуляры. Каб засцерагчы вочы ад іскраў вогнішча, ад трэсак, якія адскокваюць, ад лятучых па ветры парушынак, галінак, якія хвошчуць па твары, і хвойных іголак, якія нахабна лезуць у вочы, абавязкова вазьміце на пікнік ахоўныя акуляры.

Ёд, зялёнка, перакіс вадароду. Хто ні разу не рэзаўся вастрыём шампураў? Абеззаражвальныя сродкі трэба браць абавязкова.

Стэрыльныя перавязачныя матэрыялы. Гэта практычна ўсе забываюць браць з сабой на прыроду, і калі здарыцца рана, перавязваюць майкамі, футболкамі, а часам і кухоннымі анучамі.

Антыбактэрыяльнае мыла. Вельмі карысная і патрэбная рэч на прыродзе. Здарыцца неабходнасць памыць рукі ў рэчцы — рабіце гэта з яго дапамогай.

Антыгістамінныя прэпараты. Укусы насякомых у некаторых выклікаюць алергію. Таму супрацьалергічныя сродкі абавязкова трэба ўзяць з сабой.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.