Вы тут

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы


У культурна-спартыўным цэнтры Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі прайшоў чарговы гарадскі кірмаш вакансій «Патрэбна работа — мы дапаможам». У ім прынялі ўдзел больш за 100 арганізацый і прадпрыемстваў. Прапановы розныя: ад прыборшчыкаў памяшканняў і рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў, дзе адукацыя не патрабуецца, да токараў і фрэзероўшчыкаў, аднак і ў гэтым выпадку нярэдка навучанне можна прайсці на вытворчасці, атрымліваючы пры гэтым не толькі спецыяльнасць, але і зарплату. На многіх прадпрыемствах не адмовяць у працаўладкаванні і пенсіянерам.


З пачатку года ў эканоміцы сталіцы было занята 1021,9 тысячы чалавек, да 60% з іх працуе ў буйных і сярэдніх арганізацыях. На пачатак красавіка на сталічных прадпрыемствах налічвалася каля 35,5 тысячы вакансій. У параўнанні з красавіком мінулага года попыт на кадры павялічыўся на 31%. Сярод вакансій 62,6% займаюць рабочыя прафесіі, у тым ліку амаль 9% вакансій некваліфікаванай працы.

Патрэбу ў кадрах маюць арганізацыі прамысловасці (27, 8%), аховы здароўя і сацыяльных паслуг (16,9%), адукацыі (9,3%), гандлю (7,8%), будаўніцтва (7,5%). У будаўніцтва самымі запатрабаванымі на рынку працы з’яўляюцца муляры, маляры, тынкоўшчыкі, абліцоўшчыкі-плітачнікі, машыністы крана, слесары-сантэхнікі, сталяры, дарожныя рабочыя, электрагазазваршчыкі. У гандлі попыт на кантралёраў-касіраў, афіцыянтаў, кухараў, прадаўцоў. У сферы транспарту не хапае кіроўцаў аўтамабіля, тралейбуса, трактарыстаў. У топе вакансій прамысловасці — аператар станкоў з праграмным кіраваннем, наладчык абсталявання, слесар механазборачных работ, слесар-зборшчык, токар, фрэзероўшчык, электраманцёр. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй сёння запатрабаваны інжынеры, бухгалтары, менеджары, медыцынскія работнікі, юрысты, кіраўнікі арганізацый, работнікі банкаўскай сферы, адукацыі і культуры.

З пачатку года ў сталічную службу занятасці звярнулася 2,1 тысячы чалавек, якія мелі патрэбу ў садзейнічанні ў пошуку работы. Амаль 70% з іх удзельнічалі ў праграмах садзейнічання занятасці і 59,6% былі працаўладкаваны. Прапаноўваецца навучанне запатрабаваным на рынку працы прафесіям, 82,4% беспрацоўных вучацца з гарантыяй будучага працаўладкавання.

— Кірмаш вакансій праводзіцца некалькі гадоў і стаў традыцыйным. Пра яго добра ведаюць як наймальнікі, так і работнікі, некаторыя з нецярпеннем чакаюць. Хоць сёння звесткі пра вакансіі размешчаны ў агульнадаступным электронным банку, нішто не заменіць асабістага кантактавання, калі ў адзін дзень можна прайсці сумоўе з дзясяткам наймальнікаў і выбраць работу па душы, — адзначае старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Пётр Шуцько.

Ён адзначае, што на кірмашы вакансій ахвотна ідуць і наймальнікі, і саіскальнікі. Прычым не толькі тыя, хто не мае работы, але і тыя, хто шукае больш высокую заработную плату.

— У мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 100 наймальнікаў, прычым не толькі з Мінска, але і Мінскай вобласці. Шукаюць работу не толькі мінчане, але і жыхары рэгіёнаў, таму кірмаш набыў міжрэгіянальны характар. Звычайна прыходзіць ад чатырох да пяці тысяч чалавек. Вынікі кірмашоў мы аналізуем, трымаем сувязь з наймальнікамі, і пасля іх правядзення цягам двух-трох тыдняў на прадпрыемствах адбываецца ўсплёск прыёму на работу. Гэта сведчыць, што кірмашы маюць станоўчы вынік, — расказаў Пётр Шуцько.

Сярод флагманаў айчыннай прамысловасці — Мінскі трактарны завод. Тут патрабуюцца машыніст маставога крана, мантажнік, слесар механазборачных работ, шліфоўшчык, токар, фрэзероўшчык, кіроўца-выпрабавальнік, кантралёр аддзела тэхнічнага кантролю, фармоўшчык машыннай фармоўкі, каваль-штампоўшчык. Па некаторых спецыяльнасцях магчымае навучанне на працоўным месцы.

— У залежнасці ад спецыяльнасці навучанне доўжыцца ад трох месяцаў, пры гэтым выплачваецца зарплата, праўда, крыху меншая, чым з разрадам. Пасля прысвойваецца разрад, праз месяц заключаецца кантракт. У нас добры сацпакет, медыцынскае абслугоўванне — на прадпрыемстве свой медцэнтр. Ёсць магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце, — расказвае спецыяліст па кадрах ААТ «Мінскі трактарны завод» Жанна Самасейка. — Зарплата розная, залежыць ад цэха, разраду, умоў працы. Каваль-штампоўшчык, абрубшчык зарабляюць ад трох тысяч рублёў, праўда, гэта шкодныя ўмовы працы.

Патрабуюцца на завод і інжынерна-канструктарскія спецыялісты: інжынер-канструктар, майстар, інжынер-тэхнолаг, майстар участка.

— У нас можна сумяшчаць вучобу і работу — падпрацоўваць у час летніх канікул. Студэнты на дзённай форме могуць працаваць пасля абеду на палову стаўкі. Так у нас маладыя людзі зарабляюць і асвойваюць прафесію, — адзначае Жанна Самасейка.

ААТ «Смалявічы бройлер» шукае птушкаводаў, слесараў, электраманцёраў, трактарыстаў. Таксама прапаноўвае важкі сацпакет, харчаванне, дастаўку з Мінска (прадпрыемства размяшчаецца за 30 км ад сталіцы), заработную плату ад 2100 рублёў.

Яшчэ адно прадпрыемства, размешчанае побач са сталіцай, — ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне». Яно знаходзіцца ў Гатаве і займаецца вытворчасцю скуры. Тут патрабуюцца рабочыя на вытворчасць, а таксама наладчыкі, механікі, кіроўцы пагрузчыкаў, аператары ачышчальных збудаванняў. Ёсць вакансіі і для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй: спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці, маркетолаг, начальнік бюро продажаў на ўнутраным рынку, спецыяліст па якасці.

— З радасцю возьмем маладых спецыялістаў, навучым, акажам матэрыяльную дапамогу, дадзім ільготы і гарантыі ў адпаведнасці з калдагаворам. Арэнднае жыллё побач з месцам работы — гэта двухпакаёвая кватэра ў Гатаве, новае жыллё, пабудаванае па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Зарплата — 1,5-2 тысячы рублёў, на кіраўніцкіх пасадах — ад 2,5 тысячы, — расказвае Алена Кернажыцкая, кіраўнік сектара кадравай работы ААТ «Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне».

На перыяд навагодняй кампаніі набірае супрацоўнікаў на ўчастак навагодніх падарункаў кандытарская фабрыка «Камунарка». Абавязковае патрабаванне — наяўнасць санітарнай даведкі, а патрэбным навыкам навучаць. Як правіла, гэта работа з канца жніўня да канца снежня ў трохзменным рэжыме. Камплектоўшчыкам навагодніх падарункаў абяцаюць сярэдні заробак ад 1200 рублёў плюс добры сацыяльны пакет. Паводле Таццяны Курнеўскай, спецыяліста аддзела кадраў СААТ «Камунарка», такую працу выбіраюць пенсіянеркі — пасля заканчэння дачнага сезона гэта нядрэнны спосаб падзарабіць да навагодніх свят. Таксама вытворца прапаноўвае шэраг прафесій для мужчын: патрабуюцца наладчыкі абсталявання, муляры, слесары-рамонтнікі, бляхары.

Аглядчык-рамонтнік вагонаў і слесар па рамонце рухомага саставу патрабуюцца Мінскаму вагоннаму дэпо Беларускай чыгункі. Па гэтых прафесіях магчыма навучанне. Сярэдняя зарплата ў аглядчыка-рамонтніка — 1800 рублёў, навучанне займае 4,5 месяца. У якасці прыборшчыка памяшканняў, рабочага па комплексным абслугоўванні будынкаў тут таксама гатовы разглядаць людзей пенсіённага ўзросту.

56-гадовая мінчанка Юлія па адукацыі бухгалтар. Працуе на прыватным прадпрыемстве, але хацела б знайсці дадатковую падпрацоўку.
— Дапамагаю дачцэ выплачваць крэдыт, таму ў вольны час хацела б мець падпрацоўку. Пагляджу, што прапануюць, магчыма, ёсць вакансіі, якія падыходзяць мне, — кажа жанчына.

Сярод наведвальнікаў кірмашу — 59-гадовы мінчанін Юрый. Ён расказвае, што мае вялікі досвед работы кіроўцам, шмат гадоў правёў у раз’ездах удалечыні ад дому. Пару апошніх гадоў не працаваў — вырашаў праблемы са здароўем. Цяпер шукае больш спакойнае месца па сваёй прафесіі. На кірмашы запісаўся на некалькі сумоўяў і мяркуе, што знойдзе працу.

Алена КРАВЕЦ

Фота Тамары ХАМІЦЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.