Вы тут

Як бабуля захапіла сваю ўнучку вышыўкай ікон


Любоў да вышыўкі Настасся Якубовіч убірала ў сябе з дзяцінства. Прыязджаючы на канікулы да сваёй бабулі ў Баранавічы, назірала, з якім імпэтам тая «вымалёўвае» кожны новы крыжык, і сама не заўважыла, як захапілася. 85-гадовая Ніна Іванаўна зараз вышывае пераважна абразы, у Настачкі ж душа горнецца да традыцыйнага беларускага арнаменту, якім дзяўчына ў вольны час аздабляе ручнікі, сурвэткі, іншыя прадметы хатняга ўжытку. Ёсць у бабулі з унучкай і сумесная работа…


Пра блаславенне ды цудоўнае выратаванне

Нават калі б Ніна Іванаўна сціпла прамаўчала пра свае работы, не заўважыць іх у кватэры жанчыны немагчыма. Вышытыя крыжыкам і гладдзю абрусы, сурвэткі, ручнікі, абразы Божай Маці, Мікалая Цудатворца, святога Георгія Пераможцы ляжаць і вісяць на самых ганаровых месцах.

— Як так атрымалася, што вы пачалі вышываць менавіта абразы?

— Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло... У мяне два сыны. Адзін памёр вельмі маладым, у 31 год. Вярнуўся з работы дадому, сеў за стол есці і сэрца раптоўна спынілася. Не ведала, як такое гора перажыць, як справіцца з болем, куды сябе падзець. Днём і ноччу плакала. Дайшло да таго, што ледзь не пасябравала з гора з бутэлькай. Але Бог уратаваў. Памятаю, неяк хадзіла па рынку, а там жанчына прадавала схемы для вышыўкі. Мне ў вочы кінулася менавіта Божая Маці з Ісусам на руках. Спынілася і глядзела на тую схему як зачараваная. Пасля разгаварыліся з прадаўшчыцай, і яна, даведаўшыся пра мой душэўны боль, параіла пачаць вышываць абразы. Маўляў, вышыўка будзе заспакойваць нервы і хоць на нейкі час дапаможа забыцца на сваё гора. ...Перад тым, як пачаць, схадзіла у царкву і папрасіла на гэта блаславення ў святара. І, ведаеце, здарыўся цуд — я нарэшце ўбачыла прамень у канцы тунеля...

Многія людзі прасілі Ніну Іванаўну вышыць для іх абраз з выявай канкрэтнага святога. Жанчына вышывала з радасцю, грошы не брала.

Але перажыванні ўсё ж, відаць, адыгралі сваю ролю, і пасля страты сына ў жанчыны выявілі анкалогію.

— Калі я ляжала ў анкалагічным цэнтры, мне вельмі хацелася вышываць. Але чамусьці думала, што на мяне за гэта будуць сварыцца, маўляў, стэрыльныя ўмовы, а яна тут са сваімі ніткамі. Таму нейкі час хавала канву ад урачоў. Калі доктар гэта ўбачыў, сказаў: «Навошта хаваеце? Вы, наадварот, сваім прыкладам заахвочвайце людзей. Няхай і яны чымсьці займаюцца, каб не канцэнтравацца толькі на хваробе».

За час знаходжання ў бальніцы Ніна Іванаўна паспела вышыць абраз і падчас выпіскі падарыла яго анкалагічнаму цэнтру.

— Ці верыце вы ў цуды?

— А як жа! Я ж толькі дзякуючы цуду засталася жывой. Калі немцы вялі нас у хлеў, каб спаліць, мне было ўсяго чатыры гадкі. Пакуль ішлі, бабуля мяне вучыла: «Калі будуць страляць, ты хавайся за мяне». Яны хацелі спаліць нашу вёску, але штосьці ім перашкодзіла... Цудам лічу і тое, што мая малодшая ўнучка захапілася вышыўкай. Пераканана: любая бабуля на маім месцы была б шчаслівая, калі б хтосьці працягнуў яе справу. Вышыванне патрабуе вялікай уседлівасці і цярплівасці. Над адной работай часам трэба карпець месяцамі.

— У нас з бабуляй, дарэчы, ёсць адна сумесная работа, — кажа Настасся. — Калі я вучылася ў 11 класе, пачала вышываць абраз Мікалая Цудатворца. Але паспела вышыць толькі палову, бо падрыхтоўка да паступлення займала практычна ўвесь мой час. Бабуля бачыла гэта, таму і прапанавала сваю дапамогу, бо абраз не павінен ляжаць незавершаным, нядобра гэта. Цяпер ён вісіць у мяне дома.

Пра анёлаў-ахоўнікаў ды чыстыя намеры

У працоўным кабінеце Настассі вісяць выявы анёлаў-ахоўнікаў, вышытыя бабуляй.

— Я, як толькі прыйшла на работу, адразу іх прынесла сюды, каб яны мяне ахоўвалі, — усміхаецца дзяўчына.

Настасся працуе ў Навасельскім дзіцячым садку. Вельмі любіць сваю работу і ўкладае ў яе душу. Але і на сваё захапленне вышыўкай не забываецца, з задавальненнем праводзіць майстар-класы для калег, дзетак і іх бацькоў. Дашкольнікам па тэхніцы бяспекі нельга даваць у рукі звычайную іголку, дык Настасся Іванаўна прыдумала іншы спосаб, як вучыць іх вышываць: падрыхтавала пластмасавыя квадраты з дзірачкамі і пластмасавыя іголкі. Падчас фестывалю «Я пазнаю свет» яна праводзіла майстар-клас па вышыўцы і загадзя прадумала для ўсіх удзельнікаў падарункі — духмяныя мяшочкі, напоўненыя пахучымі зёлкамі. Зрабіла іх больш за семдзесят і на кожным вышыла нейкі сімвал з азбукі беларускага арнаменту.

— Мне падабаецца, калі элементы беларускай народнай культуры прасочваюцца ў сучасных рэчах, — кажа Настасся. — Няхай гэта будзе брошка, закладка, сумка, майка, аздобленыя вышыўкай, — галоўнае, каб людзі карысталіся гэтым у штодзённым жыцці.

Для Настассі бабуля — дарадца, памочнік і настаўнік. Менавіта па ініцыятыве дзяўчыны ў музеі дзіцячага садка праходзіць выстава работ Ніны Іванаўны «Бабуліна казка». І ўжо вялікую іх колькасць унучка раздарыла наведвальнікам. Кажа, бабуля толькі радуецца гэтаму.

...Вышывае Ніна Іванаўна ўжо гадоў семдзесят. Згадвае, як пасля школы ішлі з сёстрамі складваць сена. Дык яна з сабой на поле брала канву, хавала яе пад кашулю. І як толькі з’яўлялася вольная хвілінка, вышывала.

— Я ж дзіця ваеннай пары, а пасля гора, што яна прынесла, усім хацелася зрабіць сваё жыццё больш светлым, радасным. Вышыўкай упрыгожвалі ручнікі, абрусы, сурвэткі, фіранкі на вокны, навалачкі, накідкі на падушкі, прадметы адзення... Прыйдзе свята, у хаце прыбярэш — і нібы сонца зайграе! Цяпер добра, можна купіць для рукадзелля ўсё, што пажадаеш. А раней ніткі мулінэ былі сапраўдным скарбам.

Да Ніны Іванаўны часам звяртаюцца з просьбамі вышыць не толькі абразы, але і вясельныя ручнікі. Майстрыца аздабляе іх кветкамі — сімвалам жаночага шчасця, парай галубкоў — сімвалам кахання і вернасці ў шлюбе... Брацца за такую працу можна толькі з чыстымі намерамі, у думках жадаючы шчасця маладым. Ніна Іванаўна пераканана, што энергетыка таго, хто вышывае, застаецца на прадмеце.

Перад тым, як пачаць, схадзіла у царкву і папрасіла на гэта блаславення ў святара. І, ведаеце, здарыўся цуд — я нарэшце ўбачыла прамень у канцы тунеля...

Пра вясельны пасаг ды добрую памяць

— Бабуля стараецца штосьці вышыць кожнаму ўнуку, — кажа Настасся. — Калі жаніліся мае браты, яна прэзентавала ім па наборы вясельных ручнікоў. Яны захоўваюць іх дома як сямейную рэліквію. Нядаўна бабулечка і мне пасаг падрыхтавала. Вось гэты ручнік з крыжамі — для складзеня (складнога парнага абраза), такімі звычайна бацькі бласлаўляюць маладых, а гэты — для вясельнага каравая.

Сказала, што, пакуль вышывала, малілася, каб я знайшла сабе добрага мужа.

Ніна Іванаўна прызналася, што без вышыўкі не ўяўляе жыцця.

— Бывае, пайду ў горад, стамлюся. Думаю, вярнуся, паляжу, адпачну. Аж не, прыходжу і саджуся вышываць. І стому як рукой здымае.

— Бабуля вышывае штодзень, акрамя нядзелі ды вялікіх святаў. Калі тэлефаную ёй у выхадны дзень, кажа: «Хутчэй бы заўтра, каб сесці вышываць». Бабуля жыве адна. Бацькі запрашалі, каб пераехала да іх у вёску. Але ж яна не пагаджаецца, кажа, што ў сваёй кватэры і сцены грэюць. Многія пажылыя людзі, калі застаюцца адны, не ведаюць, чым сябе заняць, таму ў галаву лезуць дрэнныя думкі. Бабуля часта паўтарае: «Калі б не вышыўка, наўрад ці я б столькі пражыла».

— Не люблю складзіраваць сваю вышыўку, — усміхаецца Ніна Іванаўна. — Хочацца, каб яна радавала іншых. Таму, калі збіраецца ўся радня, заўсёды прапаноўваю моладзі ўзяць тое, што падабаецца. Няхай у іх застанецца добрая памяць пра мяне.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара і з сямейнага архіва гераінь артыкула

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.