Вы тут

Як даглядаць за жывёламі з тэрарыума?


Ваша дзіця марыць завесці хатняга гадаванца? Гэта цудоўна! І сёння гаворка пойдзе пра адну з самых папулярных у гэтай якасці жывёл з тэрарыума — чарапаху. Што яна любіць? Дзе трымаць яе дома? Як стварыць утульныя ўмовы? Усё гэта вельмі пажадана ведаць загадзя.


Сярод чарапах, якіх у свеце налічваецца каля 335 відаў, сустракаюцца сапраўдныя чэмпіёны-доўгажыхары. Яны жывуць на Зямлі па некалькі стагоддзяў! Але і ў хатніх умовах чарапахі пры добрым доглядзе жывуць да 40-50 гадоў. Напрыклад, чырванавухая — 30-40 гадоў, еўрапейская балотная — 25-30, сярэднеазіяцкая — 30 гадоў. Сапраўды, уражвае? Таму, набываючы ўлюбёнца, трэба памятаць: гэта не проста экзатычны гадаванец, а сапраўдны член сям’і. Да таго ж гэта зусім не тая жывёла, якую можна пагладзіць і пусціць шпацыраваць па кватэры, як кошку ці сабаку. За чарапахамі лепш назіраць, чым дакранацца. Але, на жаль, бывае, што дзецям такая доўгажыхарка ў панцыры хутка надакучвае і клапаціцца аб ёй прыйдзецца дарослым. Вы гатовы?..

Для ролі гадаванцаў падыходзяць чарапахі прэснаводныя і дробныя сухапутныя. Сярод апошніх часцей выбіраюць балканскіх, міжземнаморскіх і сярэднеазіяцкіх. І зараз мы даведаемся, як даглядаць сярэднеазіяцкую (стэпавую) чарапаху, якая не вельмі патрабавальная ў доглядзе ў параўнанні з іншымі родзічамі. Яна вырастае ў даўжыню ўсяго да 20 см. Стэпавая чарапаха два разы ў год упадае ў спячку, ратуючыся тым ад спякоты, холаду і недахопу ежы. Гэта не значыць, што ў хатніх умовах ваша тарціла будзе рабіць гэтак жа — ежы ж у яе хапае, а тэмпературны рэжым знаходзіцца ў аптымальных межах.

Вельмі частка ўладальнікі гэтых жыхароў стэпаў дапускаюць адну і тую ж вялікую памылку: трымаюць гадаванца на падлозе. Такі неабдуманы варыянт катэгарычна забаронены, вы ж не хочаце, каб ваш хатні пястун прастудзіўся, падхапіў інфекцыю ці нават атрымаў траўму?

Месцажыхарства ўладальніка панцыра — тэрарыум памерамі ў межах 100×50×30 см, каб яго жыхар-гаспадар мог там актыўна перасоўвацца. Дно тэрарыума засыпаецца слоем пяску з глінай. А самы просты і надзейны варыянт — выкарыстоўваць драўнянае пілаванне, набытае ў зоамагазіне. Мяняюць яго па меры забруджвання, а пясок неабходна мяняць 1-2 разы ў месяц.

Тэмпературны рэжым у тэрарыуме падтрымліваецца лямпай напальвання магутнасцю 75Вт, замацаванай на вышыні 20-30 см ад дна. У дзённы час тэмпература ў тэрарыуме складае +28-30 °С, а каля лямпы +36-38 °С. Асвятляецца тэрарыум лямпай дзённага святла.

Чарапашцы адзін раз у тыдзень патрэбныя водныя працэдуры. Наліце ў пасудзіну ваду тэмпературай каля +25 °С, каб узровень вады даходзіў да шыі чарапахі.

У летні перыяд аснову рацыёна сухапутнай тарцілы складае зеляніна. Гэта 2/3 аб’ёму ўсяго меню. У астатнія 1/3 рацыёна ўваходзяць садавіна і агародніна. У зімовы час 2/3 аб’ёму рацыёна складае запаранае сена, а астатнія 1/3 запаўняюць свежай садавіной і агароднінай.

І яшчэ: не забывайцеся гладзіць сваю чарапашку — пяшчотна, адным пальцам праводзячы па галаве зверху пасярэдзіне, асцярожна абыходзячы вочкі і нос. Яна хутка прывыкне да вас, будзе пазнаваць і ахвотна запаўзаць на вашу нагу.

Ала ЖУР

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?