Вы тут

На рэспубліканскім семінары разглядалі актуальныя пытанні дзейнасці службы «адно акно»


На семінар, які праходзіў у Брэсце, сабраліся каля 80 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. У ходзе нарады падкрэслівалася важнасць аператыўнага і якаснага аказання паслуг, а таксама добрых адносінаў да грамадзяніна, які звярнуўся ў дзяржаўную структуру. Бо калі ва ўстанове сустрэлі з усмешкай, падрабязна растлумачылі, дапамаглі, то чалавек выйдзе з добрым настроем і панясе яго ў сям'ю, калектыў, у асяродак суседзяў. Апошняе паспрыяе адсутнасці сацыяльнай напружанасці, вядзе да згоды ў грамадстве. Вось у такім ключы і вялася размова па актуальнай тэме.


Прадстаўнікі розных рэгіёнаў падзяліліся вопытам, абмеркавалі праблемныя пытанні. Варта сказаць, чаму менавіта Брэст быў выбраны месцам правядзення падобнага мерапрыемства.

Яшчэ ў канцы лютага па вуліцы Маякоўскага, 6 у абласным цэнтры адкрылася гарадская служба «адно акно». Тут аб’ядналіся адразу тры службы пад адпаведнай назвай — Брэсцкага гарвыканкама, а таксама Маскоўскай і Ленінскай адміністрацый. Наведвальнікаў прымаюць па адміністратыўных працэдурах незалежна ад таго, у якім раёне яны хочуць іх ажыццявіць. Зручнасць заключаецца ў тым, што па некалькіх адміністрацыйных працэдурах цяпер можна звяртацца ў адно месца. Раней бывалі выпадкі, калі чалавеку даводзілася ісці ў гарвыканкам і раённую адміністрацыю — пытанне адносілася да кампетэнцыі розных дзяржаўных органаў. Цяпер неабходнасць перамяшчэнняў адпала.

Паводле інфармацыі начальніка службы Веры Бухта, адначасова яны прымаюць да 20 чалавек, для зручнасці зроблена электронная чарга. У будынку створана безбар’ернае асяроддзе, устаноўлены інтэрактыўны стэнд для інфармавання наведвальнікаў. Грамадзяне могуць чакаць сваю чаргу на зручных канапах, за столікам ёсць магчымасць аформіць патрэбны дакумент. Паклапаціліся і аб малых наведвальніках, якія прыходзяць разам з бацькамі. Для іх уладкаваны дзіцячы куток. Акрамя таго, зона чакання крыху аддзелена ад зоны прыёму, каб было камфортна і супрацоўнікам, і грамадзянам.

Часцей за ўсё людзі звяртаюцца па пытаннях жыллёвай палітыкі: пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, арэнднае жыллё, выдача даведак аб стане на ўліку тых, хто мае патрэбу. Людзі ідуць па дазвол на ўстаноўку кандыцыянераў на шматкватэрных жылых дамах, паставіць дзяцей у чаргу на атрыманне месца ў садку, па атрыманне дазволу на будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю. Суб’екты гаспадарання звяртаюцца па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва, гандлю і грамадскага харчавання.

Яшчэ падчас адкрыцця семінара адзначалі, што практыка канцэнтрацыі службы «адно акно» ў краіне першая. За дзень сюды прыходзіць да 500 чалавек. Падчас семінара старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі паведаміў, што будынак для службы падбіралі з улікам лагістыкі.

— У цэнтры Брэста было памяшканне, якое трэба было прыцягваць у гаспадарчы зварот. На ім і спынілі свой выбар найперш таму, што размешчана яно ў самым цэнтры горада. І ўжо цяпер можам канстатаваць, што аб’яднанне некалькіх службаў дало станоўчы эфект у справе прасоўвання электроннага дакументаабароту, магчымасці вырашэння шэрагу пытанняў у адным месцы. Цяпер не трэба хадзіць па розных інстанцыях. Мы назіраем дакладную адладжаную работу спецыялістаў. Былі дні, калі службу наведвалі 700–800 чалавек за дзень. Але работнікі справіліся і з такім наплывам. Наяўны штат супрацоўнікаў аптымальны. Работа з насельніцтвам — адна з асноўных на сёння. Ад спецыялістаў патрабуецца кампетэнтнасць, прыстойнасць, уважлівасць, каб выслухаць кожнага чалавека і аператыўна вырашыць яго праблему, — падсумаваў кіраўнік горада.

Пра важнасць службы ў справе дзяржаўнай і грамадскай бяспекі падрабязна гаварыў Сяргей Хаменка, які падчас правядзення семінара займаў пасаду міністра юстыцыі, а цяпер абраны намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі. Сваю думку Сяргей Мікалаевіч падмацаваў прыкладам: «Нейкі ўмоўны грамадзянін звярнуўся ў службу "адно акно". Яго ўважліва выслухалі, аператыўна вырашылі пытанне. Ён выходзіць з будынка з добрым настроем, ідзе дадому, дзеліцца гэтым настроем з жонкай, іншымі сямейнікамі, расказвае пра свой вопыт наведвання службы калегам на рабоце, таварышам па рыбалцы, суседзям па кватэры і гаражы. Ад названых людзей інфармацыя ідзе далей. Пры іншым раскладзе негатыўная ацэнка і адпаведны настрой таксама распаўсюджваюцца вельмі хутка. У кожнага патэнцыяльнага наведвальніка ёсць сваякі і знаёмыя. Такім чынам ствараецца недавер, які з’яўляецца складнікам сацыяльнай напружанасці. Такога ні ў якім разе нельга дапускаць».

Падкрэслівалася таксама, што для супрацоўніка названай службы недапушчальнай з’яўляецца парада тыпу: «Прайдзіце на трэці паверх у кабінет нумар...» Чалавек звярнуўся да спецыяліста і павінен атрымаць адказ на месцы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Валянціна Якімовіч сказала, што семінар у Брэсце стаў добрай пляцоўкай для абмену вопытам работы службаў «адно акно»: «Мы ўбачылі, што асноўныя падыходы ў рабоце з насельніцтвам — гэта аператыўнасць, якасць і камфорт грамадзян пры атрыманні паслуг, у тым ліку пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Апошняе вельмі важна, супрацоўнік службы знаходзіцца на перадавой узаемадзеяння з грамадзянамі».

На семінары таксама абмеркавалі актуальныя карэкціроўкі заканадаўства і практычныя аспекты работы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота ZARYA.BY

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.