Вы тут

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»


У інтэрв'ю да свайго юбілею алімпійскі чэмпіён па фехтаванні Аляксандр Раманькоў на пытанне «У якім статусе вам камфортней за ўсё?» адказаў па-мужчынску: «У статусе мужа маёй жонкі». У гэтым статусе ён камфортна сябе адчувае ўжо 40 гадоў, ці, як кажа сам, «усё жыццё». За гэты час Аляксандр Раманькоў выйграў Алімпійскія гульні і яшчэ шэраг важных міжнародных стартаў, трэніраваў спартсменаў у розных краінах свету, узначальваў Беларускую федэрацыю фехтавання і рабіў шмат чаго яшчэ.


Падзеі былі розныя, але заўсёды побач з чэмпіёнам была жонка Тамара, якая сваім прыкладам даказала, што тэорыя «за кожным вялікім мужчынам стаіць вялікая жанчына» хоць і банальная, але ўсё ж праўдзівая. 40 гадоў — гэтае цэлае жыццё, якое, як калейдаскоп, рознакаляровае. Для «Сямейнай газеты» пара Раманьковых падзялілася некаторымі элементамі свайго сямейнага калейдаскопа.

Элемент першы. Спорт

Тамара Раманькова (але тады яшчэ Сянько) — майстар спорту міжнароднага класа па кулявой стральбе. Як і многія савецкія дзеці, у спорт прыйшла выпадкова: трэнер Аляксандр Маісееў, ён жа сябар сям'і, прапанаваў запісацца ў секцыю. «Прыйшла, пастраляла, так і засталася. На першых спаборніцтвах была другой з канца. Сама сабе сказала: «Чаму іншыя могуць быць першымі, а я — не?». І стала так сур'ёзна трэніравацца, што дайшла да зборнай Савецкага Саюза. Я не магу сказаць, што была бліскучай спартсменкай, але і апошняй на спаборніцтвах больш не была», — успамінае Тамара Віктараўна.

«Я, дарэчы, таксама на сваіх першых спаборніцтвах быў апошнім. Лёс», — дадае Аляксандр Анатольевіч.

Пазнаёміліся яны, як няцяжка здагадацца, дзякуючы спорту. Аднаго дня ў Школу вышэйшага спартыўнага майстэрства, дзе Аляксандр Раманькоў, да таго часу ўжо алімпійскі прызёр і прызнаны найлепшы фехтавальшчык, быў у дзяўчат нарасхват, Тамара Сянько зайшла забраць талоны на харчаванне. «Зайшла такая німфа з касой да пояса, і я адразу падумаў, што такія ўжо замужам», — успамінае Аляксандр Анатольевіч. Але яна аказалася пакуль не замужам.

«Я пачырванела, збялела, забрала свае талоны і пайшла. А ён мяне дагнаў, праводзіў да прыпынку, пасадзіў на аўтобус (хоць 
сам быў на машыне). Ну, я з’ехала і забылася. І пачалася чарада "выпадковых Сустрэч": то зноў у Школе вышэйшага спартыўнага майстэрства, то на спаборніцтвах», — успамінае Тамара Раманькова.

«Калі ён выступаў у Сеуле, я думала, пасівею. Глядзела Алімпійскія гульні і баялася, каб у мяне сэрца не выскачыла».

«Ага, выпадковых. Выпытваў ва ўсёй каманды стралкоў, якія ў яе планы, дзе яна будзе выступаць, якія ў яе спаборніцтвы», — дадае Аляксандр Раманькоў. Сустрэчы былі настолькі «выпадковымі», што для таго, каб даведацца адрас дзяўчыны, вядомаму спартсмену прыйшлося звярнуцца ў Дзяржкамспорт і нават сілавыя структуры.

«Пасля спаборніцтваў у Маскве, куды Саша прыехаў мяне падтрымаць, я з’ехала да бацькоў у Мар’іну Горку. Спакойна сяджу дома. Выпадкова гляджу ў акно і бачу, як у двары мой тата размаўляе з Сашам. Я ў шоку, тата яшчэ ў большым шоку. І толькі Саша задаволены стаіць з пакетам апельсінаў», — успамінае Тамара Віктараўна. Так «чыста выпадкова» і ўтварылася сям’я, дзе муж умее абыходзіцца з халоднай зброяй, а жонка добра страляе. Менавіта таму, як яны жартуюць, і жывуць 40 гадоў душа ў душу. Жарты і выдатнае пачуццё гумару, дарэчы, — яшчэ адзін элемент іх сямейнага калейдаскопа. «Калі перад вяселлем мы прыехалі ў сваты да бацькоў Томы, яе тата адвёў мяне ў бок. У мяне душа ў пяткі сышла. А ён абсалютна сур’ёзным тонам заяўляе: "Саша, я хачу сказаць табе праўду: Тома зусім не ўмее гатаваць ежу". Але мяне тады гэта зусім не хвалявала», — гаворыць Аляксандр Анатольевіч. І дадае, што сёння жонка гатуе выдатна.

Элемент другі. Лёс

Быў у гісторыі гэтай пары выпадак, калі абсалютна апраўдана можна ўсклікнуць: гэта лёс!

«Прыехалі ў адпачынак да бацькоў Томы. Цешча папрасіла пачысціць, пафарбаваць дах дома. 

Няўжо цешчы можна адмовіць? Я працаваў на даху і адпачываў на гарышчы, каб не спускацца часта. Падымаю галаву — а паміж бэлькай і дахам ляжаць дзве складзеныя газеты. Адзін нумар "Фізкультурніка Беларусі" за 1974 год і другі нумар гэтай жа газеты за 1977 год. Здавалася б, нічога незвычайнага. Але на першых старонках гэтых газет — мая фатаграфія са спаборніцтваў, дзе я, як звычайна, перамог. Вось як дзве газеты з розніцай выхаду ў тры гады маглі апынуцца разам на адной бэльцы? Томін дзед, які іх туды паклаў, нібы ўсё ведаў. Усё ведаў дзед», — распавядае Аляксандр Анатольевіч. І як тут не паверыць у лёс?

Элемент трэці. Падтрымка і вера

У 1985 годзе Аляксандру Раманькову прапанавалі паступаць у Вышэйшую партыйную школу. Прапанова вельмі прывабная, але пагадзіцца — значыць скончыць спартыўную кар’еру. А самага запаветнага — залатога медаля Алімпійскіх гульняў — у яго калекцыі яшчэ не было. Жонка пераканала застацца ў спорце і дабіцца сваёй мэты. «Як можна сыходзіць са спорту ў самым росквіце гадоў, не дасягнуўшы галоўнай мэты?» — разважае Тамара Віктараўна.

Падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у Сеуле прымусіла Аляксандра Раманькова вельмі шмат часу праводзіць не дома: спаборніцтвы, працяглыя зборы — класіка спартыўнага жыцця. А дома маладая жонка, ужо нарадзілася дачка. «Аднойчы ў тэлефоннай размове Тома сказала: «Саша, я так стамілася, калі я цябе ўбачу?». Я ёй адказаў проста: «Калі выйграю залаты медаль, ты мяне ўбачыш па тэлевізары». І калі ў Сеуле ў мяне бралі інтэрв’ю пасля перамогі, я сказаў у камеру: «Тома, я ж абяцаў, што ты мяне ўбачыш, калі я выйграю залаты медаль. Я выйграў!» — распавядае Аляксандр Раманькоў.

«Галоўнае — гэта прыклад бацькоў. Які сэнс ад таго, што я буду чытаць дзіцяці лекцыі аб тым, як трэба сябе паводзіць, а сама зраблю роўна наадварот?»

«Калі ён выступаў у Сеуле, я думала, пасівею. Глядзела Алімпійскія гульні і баялася, каб у мяне сэрца не выскачыла. Лепш самому выступаць, чым перажываць за кагосьці, асабліва за каханага чалавека», — адзначае Тамара Віктараўна.

Чамусьці аб ахвярах, на якія ідуць жонкі спартсменаў дзеля медалёў мужоў, кажуць мала. А было б, напрыклад, у Аляксандра Раманькова алімпійскае «золата», калі б яго жонка не пагадзілася адна спраўляцца з маленькай дачкой? А да гэтага правесці цяжарнасць у адзіноце, пакуль муж на зборах і спаборніцтвах?

«Першыя гады сямейнага жыцця не былі бясхмарныя. Саша пастаянна ў раз’ездах, як правіла, 21 дзень на зборах, тыдзень — дома. А я цяжарная, у чужой, яшчэ нязвыклай кватэры. Мне 20 гадоў, мне хочацца, каб муж пра мяне клапаціўся... Я прывыкла да руху, трэніровак, спаборніцтваў, а спорт з майго жыцця забралі. І я засталася, па сутнасці, адна. Так цяжка было, што выць хацелася», — успамінае Тамара Віктараўна. Але гэтыя складанасці перакрываюцца больш светлымі момантамі. «Тамары нараджаць з дня на дзень. А я з’язджаю на чэмпіянат свету ў Іспанію. Там усе ведалі, што ў мяне вось-вось павінна нарадзіцца дзіця. Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі фехтавання асабіста кожны дзень тэлефанаваў у Мінск і даведваўся, ці не нарадзіла Раманькова. І кожны дзень мне даваў справаздачу, што не нарадзіла. А як толькі я вярнуўся — у нас нарадзілася Лена. Вось гэта было шчасце, найважнейшае за ўсе медалі», — успамінае Аляксандр Анатольевіч.

Элемент чацвёрты. Дзеці, унукі і... каты

У Аляксандра і Тамары Раманьковых двое дзяцей — Алена і Андрэй. У іх ужо свае сем’і. Падрастаюць дзве ўнучкі. І жывуць два каты. «У нас некалі быў кот Кузьма рускай блакітнай пароды, якога называлі гаспадаром двара. Мы хадзілі з ім гуляць на вуліцу, і ён не даваў спуску ніводнаму сабаку, — успамінае Тамара Раманькова. — Лічу, у доме абавязкова павінен быць гадаванец. А калі ёсць дзеці — дык сам бог загадаў. Тады дзеці вучацца клапаціцца аб блізкім, набіраюцца адказнасці, і самае галоўнае — вучацца аддаваць любоў».

Як адзначаюць бацькі, сваім знакамітым прозвішчам Алена і Андрэй ніколі не карысталіся. І гэта была іх уласная пазіцыя. Хоць ніякіх асаблівых сакрэтаў выхавання малодшага пакалення ў сям’і Раманьковых няма. «Галоўнае — гэта прыклад бацькоў. Які сэнс ад таго, што я буду чытаць дзіцяці лекцыі аб тым, як трэба сябе паводзіць, а сама зраблю роўна наадварот? Мы ніяк асабліва не выхоўвалі дзяцей.

Проста жылі — спакойна, мірна. Здараліся праблемы — разам іх вырашалі. Дзеці спатыкаліся — мы з імі размаўлялі, дапамагалі знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Вось і ўсё выхаванне. Многае ім дазвалялі. Напрыклад, аднойчы, незадоўга да запланаванага рамонту, дазволілі маляваць на шпалерах. Усё роўна іх хутка мяняць, дык чаму б і не? Гэта было такое шчасце, не перадаць! Нам удалося выбудаваць даверлівыя адносіны з дзецьмі і з іх сябрамі. Яны любілі прыходзіць да нас у госці, некаторыя нават жылі ў нас, калі была такая неабходнасць. Вось і ўсё выхаванне — быць сабой і не мучыць дзяцей натацыямі», — дзеліцца Тамара Віктараўна.

І цяпер старэйшую ўнучку Мію, у якой не характар, а ўраган, ніхто не «перарабляе». «Унучак я вельмі люблю, але ўсё ж гэта не мае дзеці.

І многія рашэнні, напрыклад, як іх лячыць, як апранаць, на якія секцыі аддаваць, — гэта зона адказнасці іх бацькоў. Я ў гэта не ўмешваюся. Дзяцей павінны выхоўваць бацькі, а не бабуля з дзядулем. А мы выдатна бавім час з унучкамі ў сваё задавальненне. Праўда, да задавальнення дадаецца і каласальная адказнасць», — расказвае Тамара Віктараўна.

Элемент пяты. Рамантыка

«Перад Алімпійскімі гульнямі ў Сеуле Саша кожны дзень пісаў мне лісты. І кожны ліст быў напісаны асаблівым чынам: у вершах, катрэнам, малаком (прасам па паперы праводзіш і чытаеш), у люстраным адлюстраванні, нават азбукай Морзэ. Кожны дзень правярала паштовую скрыню і гадала, як будзе напісаны чарговы ліст», — успамінае Тамара Віктараўна.

«Нават праз 40 год сямейнага жыцця рамантыка застаецца. Але яна мяняецца, бо сям’я — не раўно рамантыка. Сям’я — гэта каханне, вядома, ёсць месца і звычцы, сям’я — гэта разуменне і давер. Я ўжо не ўяўляю, як без яго жыць, ён не ўяўляе, як без мяне. Далёка не ўсе сітуацыі, якія мы перажывалі, былі прыемнымі і рамантычнымі, а сям’я і каханне засталіся. Дзеці ўжо выраслі, жывуць асобна, мы цяпер удваіх. Можна больш часу прысвяціць сабе і адно аднаму. Мы ходзім на шпацыры, у кіно, на выставы, у рэстараны, ездзім за горад, вандруем, увосень ездзілі ва Уганду. І што гэта, калі не рамантыка праз 40 гадоў сямейнага жыцця? Другі цукерачна-букетны перыяд», — усміхаецца Тамара Раманькова.

Элемент шосты, ён жа самы галоўны. Каханне

Вядома, нічога б гэтага не было без кахання. На якім яшчэ падмурку зможа 40 гадоў пратрымацца сям’я двух людзей з няпростымі характарамі, скарпіёнаў па знаку задыяка? І што яшчэ можа прымусіць поўнасцю змяніць жыццё і не пашкадаваць аб гэтым? «Вядома, не буду хітраваць, калі я зацяжарала Ленай, пакінуць спорт мне было вельмі нялёгка. Пасля родаў нават пачала трэніравацца, два разы на тыдзень з дачкой сядзела свякроў. Але трэніроўкі два разы на тыдзень — гэта нішто. І я зразумела, што трэба выбіраць: ці спорт, ці сям’я. Выбар быў відавочны. Прыйшлося пакінуць спорт. Так, былі шкадаванні, і гэта нармальна, — разважае Тамара Віктараўна. — Але я перакананая: сям’я для жанчыны важнейшая, чым алімпійскі медаль. Я зразумела: калі я выйшла замуж за такога чалавека, калі я сама далей у спорце не пайшла, значыць, так таму і быць. І ўсё склалася як нельга лепш. Сёння я цалкам задаволеная сваім жыццём, яно атрымалася. Я заўсёды зайздросціла сваім дзецям, таму што ў іх выдатны тата. А ў мяне цудоўны муж, які разумее, што жанчыну трэба слухаць і чуць».

«А ў маёй жонкі толькі адзін недахоп — яна замужам», — устаўляе апошняе «шкельца» ў гэты калейдаскоп Аляксандр Анатольевіч.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.