Вы тут

У Мінпрацы расказалі, як прымяняць указ аб звышурочнай рабоце ў прамысловых арганізацыях


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дало рэкамендацыі па прымяненні ўказа Прэзідэнта «Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях», паведамляе БелТА.


Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2024 года нумар 105 «Аб звышурочнай рабоце і рабоце ў выхадныя дні ў прамысловых арганізацыях» набыў моц 23 сакавіка 2024 года. Мінпрацы растлумачыла, што нормамі ўказа прамысловым арганізацыям прадастаўлена права з улікам абгрунтаваных вытворчых і эканамічных неабходнасцяў павялічваць гранічную колькасць звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы звыш межаў, устаноўленых Працоўным кодэксам.

Пад прамысловымі арганізацыямі разумеюцца юрыдычныя асобы, уключаючы іх адасобленыя падраздзяленні, асноўны від дзейнасці якіх адносіцца да секцый «Горназдабыўная прамысловасць» і «Апрацоўчая прамысловасць» агульнадзяржаўнага класіфікатара Беларусі.

«На арганізацыі або іх адасобленыя падраздзяленні, асноўны від дзейнасці якіх не адносіцца да названых секцый агульнадзяржаўнага класіфікатара, дзеянне норм указа не распаўсюджваецца», — адзначылі ў ведамстве.

Так, згодна з часткай першай артыкула 122 Працоўнага кодэкса, звышурочныя работы не павінны перавышаць для кожнага работніка 10 гадзін у працоўны тыдзень і 180 гадзін у год. Часткай першай артыкула 144 Працоўнага кодэкса ўстаноўлена, што дапускаецца выкарыстанне для працы не больш за 12 выходных дзён у год. «З улікам норм указа ў прамысловых арганізацыях можа быць павялічана гранічная колькасць: звышурочнай работы ў тыдзень (звыш 10 гадзін у тыдзень для кожнага работніка) і ў каляндарным годзе (звыш 180 гадзін у год). А таксама выхадных дзён у каляндарным годзе, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы (звыш 12 каляндарных дзён за год)», — падкрэслілі ў Мінпрацы. А таксама дадалі, што пры гэтым нормамі ўказа не прадугледжваецца магчымасць павелічэння працягласці штодзённай работы з улікам звышурочнай работы. Агульны час не павінен перавышаць 12 гадзін.

Рашэнне наймальніка аб павелічэнні гранічнай колькасці звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы, прымаецца толькі па ўзгадненню з прафсаюзам, які дзейнічае ў арганізацыі, і замацоўваецца ў лакальным прававым акце. «Выбар лакальнага прававога акта, у якім будзе замацоўвацца рашэнне аб павелічэнні гранічнай колькасці звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення работнікаў да работы, ажыццяўляецца па дамоўленасці паміж наймальнікам і прафсаюзам», — адзначылі ў ведамстве.

Таксама рашэнне аб павелічэнні гранічнай колькасці звышурочнай работы і работы ў выхадныя дні павінна прымацца з улікам абгрунтаваных вытворчых і эканамічных патрэбнасцей. Прапанова наймальніка прафсаюзу аб узгадненні такога рашэння павінна суправаджацца адпаведнай інфармацыяй, тлумачэннямі, якія даюць магчымасць прыняць аб’ектыўнае і ўзважанае рашэнне. «Мэтазгодна ўстанаўліваць тэрмін дзеяння лакальнага прававога акта на адзін каляндарны год, тым самым будзе забяспечвацца актуальнасць і суразмернасць рашэнняў, што прымаюцца бакамі сацыяльнага партнёрства», — падзяліліся ў міністэрстве.

У такім выпадку пасля заканчэння года бакі могуць пацвердзіць сваё рашэнне, унесці ў яго змяненні або адмовіцца ад яго далейшага прымянення ў сілу адсутнасці аб’ектыўнай неабходнасці.

Павелічэнне гранічнай колькасці звышурочных работ і выхадных дзён можа ўстанаўлівацца ў адносінах да ўсіх работнікаў арганізацыі, канкрэтных структурных падраздзяленняў або па асобных прафесіях рабочых (пасадах служачых).

У міністэрстве падкрэслілі, што прыцягненне працаўнікоў да звышурочнай працы і працы ў выходныя дні павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам. А таксама прамысловыя арганізацыі абавязаны інфармаваць тэрытарыяльнае падраздзяленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб прынятым рашэнні ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця такога рашэння.

Інфармацыя, якая накіроўваецца ў дэпартамент, павінна змяшчаць: тэрмін (г.зн. каляндарны год), на працягу якога будуць прымяняцца павышаныя ліміты звышурочных работ і (або) работы ў выхадныя дні, а таксама ўстаноўленая лімітавая колькасць звышурочных работ і выхадных дзён, якія могуць выкарыстоўвацца для прыцягнення працаўнікоў да працы. «Непрадстаўленне інфармацыі вядзе да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па падставах, прадугледжаных артыкулам 24.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйнай адказнасці», — падкрэслілі ў ведамстве.

У выпадку адсутнасці ўзгаднення прафсаюза або адсутнасці прафсаюза прамысловая арганізацыя не мае права павялічыць устаноўленую заканадаўствам аб працы гранічную колькасць звышурочных работ. Такія арганізацыі павінны кіравацца лімітавымі нормамі, устаноўленымі артыкуламі 122 і 144 Працоўнага кодэкса.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.