Вы тут

На раку Лошыцу завіталі жывёлы


Заяц схаваўся за кустом і толькі сімпатычная мыска і фірмовыя вушы праглядаліся з-за галінак. Русачок раптам злаўчыўся, зрабіў кульбіт цераз галаву і, паказаўшы хвост-пампончык, знік ў зарасніку. 


Невялікі звярок мог нарадзіцца ў канцы лютага. Зайцы рана пачынаюць размножвацца і прыносяць ад трох да пяці прыплодаў у год. Вось і бегае вушасцік вакол воднай лакацыі, размешчанай у межах вуліц Сямашкі, Каралінскай і Чурлёніса горада Мінска. Тут уздоўж ракі Лошыца, у народзе названай азярцом або балотцам, для зайца знаходзіцца гістарычная радзіма, а для гараджан — экалагічная сцежка і зона адпачынку.

У 2017 годзе прадстаўнікі УП «Зелянбуд Маскоўскага раёна», без мудрагельства, з адходаў драўніны пабудавалі інфармацыйныя стэнды, пляцоўкі, домікі для птушак, лавачкі для адпачывальнікаў. Лаў прыкметна прыбавілася ў 2021 годзе: прадпрыемствы і арганізацыі раёна змайстравалі іх на конкурснай аснове да Дня горада. Дадалося спартыўных і дзіцячых пляцовак. Сціплая экасцежка з інфармацыйнымі пнямі-калодамі (іх спецыяльна спілавалі пад вуглом у 45 градусаў, каб не выкарыстоўвалі замест закусачных столікаў) набыла яшчэ і функцыі паркавай зоны адпачынку. Побач Студэнцкая вёска, мікрараён Брылевічы, таму колькасць адпачывальнікаў у названай зоне, асабліва ў добрае надвор’е, павялічылася ў разы. Аднак лепшыя прадстаўнікі фаўны: зайцы, бабры, андатры, курапаткі, чаплі, лебедзі-шыпуны, не кажучы пра крыжанак, чаек, лысух і залётных каршуноў, не перасталі суседнічаць з людзьмі. Сарокі, вароны, галкі, шызыя галубы, шпакі, дразды, уключаючы дразда-рабінніка, вераб’і і ўжо рэдкія для гарадскога асяроддзя салаўі — таксама даўнія сябры гараджан, якія наведваюць экасцежку на Сямашка.

Цяпер на экваторыі ракі Лошыца, балотца-азярца, адноснае зацішша. Краквы, асноўныя насельнікі воднай лакацыі, адсутнічаюць, таму што хутка спусцяцца на ваду са сваімі сімпацягамі качанятамі-пушысцікамі. 

Рэдка залятае сюды на досвітку або заходзе сонца шэрая чапля — тэму дома (гнязда) і нашчадкаў яшчэ ніхто не адмяняў. З прычыны асаблівай занятасці на Сямашка часцей прылятае самец, але можа і чапля дазволіць сабе расправіць крылы і падкарміцца, бо абодва партнёры наседжваюць яйкі. 

Затое на ўсю моц актыўнічаюць на азярцы дзве пары лысух — гэта невялікія цёмныя птушкі са светлай дзюбай і белай «бляшкай» на лбе. Птушкі-воднікі займаюцца ў гэты час будаўніцтвам гнязда. Яны доўга цягнуць у дзюбе галінку, а перад самім аб’ектам будоўлі могуць яе кінуць і паплыць за іншай. Затое лысухі, ахоўваючы сваю тэрыторыю-акваторыю, у пух і прах б’юць лысух-суседзяў, ганяюць качак, андатраў і нават вялікіх лебедзяў. Невялікія птушкі — хуліганы робяць пры гэтым свае фірмовыя прабежкі па вадзе. Відовішча гэта вельмі прыгожае, як і ўся флора і фаўна экалагічнай сцежкі, якая знаходзіцца ў межах трох вышэйназваных вуліц сталіцы.

Тамара ХАМІЦЭВІЧ

Фота аўтара, зроблена 18 красавіка ў горадзе Мінску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.