Вы тут

Нарэшце дома. Чаго не хапае зімой


Першы прыезд у вёску пасля зімы — гэта заўсёды як адкрыццё. Выходзіш з машыны, кідаеш вокам на падворкі па абодва бакі вуліцы, удыхаеш паветра, якое не параўнаецца ні з якім іншым на гэтай планеце. Сам сабе гаворыш: нібы нікуды і не з’язджаў. І тут жа неяк лёгка-прасветлена дадаеш: ну дык і добра. Металічная засаўка на брамцы незадаволена вішчыць: за зіму трохі заржавела. На кветніках красуюць нарцысы — белыя з блякла-аранжавымі сярэдзінкамі, пухнатыя жоўтыя, якія аж паляглі галовамі на зямлю ад нядаўняга дажджу, пабраліся ўжо ў пукі раннія цюльпаны. Ля шпакоўні — мітусня: шпакі выганяюць вераб’ёў, якія там атабарыліся, — гвалт стаіць на ўвесь падворак. Хата ўжо ў сенцах сустракае насцярожана-халаднаватым подыхам, нібы не адразу прызнае. «Нічога-нічога, зараз», — гаворыш услых ці то сам сабе, ці то ёй, разнасцежваеш усе вокны, спяшаешся запаліць у вялікай печы, каб знік гэты вільготны нежылы дух. Урываецца з вокнаў свежы вецер, у печы весела скача полымя — і хата нібы ажывае, прачынаецца і пазнае цябе, прымае ў абдымкі. Становіцца ўтульна і хораша, хоць яшчэ і не нагрэтыя пакоі, і падлога пад нагамі ледзяная. Але раптам накрывае вось гэта такое патрэбнае кожнаму чалавеку адчуванне, і ты, крыху прыгаломшаны ім — такім заўсёдным, але кожны раз ашаламляльным, апускаешся на табурэт пасярод кухні і з палёгкай выдыхаеш: «Нарэшце дома...» А, зірнуўшы выпадкова ў люстэрка, дзівішся выразу на ўласным твары, які інакш чым дурнавата-шчаслівым не назавеш...


Фота з адкрытых крыніц

Буслоў я заўважыла яшчэ здалёк, пад’язджаючы да вёскі. Спачатку падумала, што падалося: гняздо гады тры назад зруйнавала ліпеньская бура — параскідала па зямлі і галлё, і мёртвых буслянят. Бедныя бацькі некалькі дзён кружлялі над сваёй бядой, а пасля зніклі і не з’яўляліся ні пазалетась, ні летась. Ліпу, на якой яны жылі, мінулай восенню вецер дабіў-такі, яна прылегла на суседаў склеп, давялося, каб спіліць, выклікаць альпіністаў, затое цяпер у суседкі на падворку цэлая куча жоўценькіх наколатых дроў. Дрэва, што расло побач, таксама немаладое, вырашана было абрэзаць да пня, каб не прычыніла нікому шкоды. Праўда, атрымаўся не пень, а добры слуп, вышынёй крыху большай за страху хлева — тут ужо паўплывалі пытанні кошту работ... Дык вось на гэтым слупе, на зусім невялікай вышыні, літаральна над галовамі ў людзей, буслы і пачалі майстраваць сабе жытло. Яно яшчэ не зусім дабудаванае, але сесці ўжо ёсць дзе. Бусліха, як пані, паважна сядзіць на ім і назірае, як бусел носіць новыя галінкі. Маё з’яўленне амаль з той жа мэтай — цягала галлё ад абрэзаных яблынь — стала для яго нечаканасцю, але не спалохала. Нахабна касавурачыся, ён неяк бокам падыходзіў як мага бліжэй, хапаў прама з-пад рук галінку і, цяжка махаючы крыламі, валок яе жонцы, якая, нават не ўстаючы на ногі, прыладжвала яе ў гняздо. Адна галіна аказалася занадта цяжкай, але ўпарты птах некалькі разоў браў яе ў дзюбу, спрабаваў узляцець, губляў, хапаў зноў. Давялося падабраць і крыху абламаць, зрабіць меншай. Бусел тут жа падскочыў, схапіў, панёс і ўжо на гняздзе раптам закінуў галаву і заклекатаў. Напэўна, па-свойму падзякаваў…

«Ленка, здароў!» — гукае з-за плота сусед, які таксама толькі прыехаў і ходзіць па сваім участку з гэткім самым дурнавата-шчаслівым выразам на твары. Ён таксама адчыніў у хаце вокны і дзверы, каб яна ажыла і прыняла. Выглядвае з-за аблокаў сонца, і ў яго ззянні на нейкі міг здаецца, што не самавіты дзядзька ўсміхаецца з-за плота, а хлапчук, сусед па парце, хаўруснік ва ўсіх гульнях і ва ўсякай шкодзе, у якую мы на пару ўбіваліся пастаянна, прыводзячы ў шок бацькоў і не даючы ні хвіліны адпачынку сваім анёлам-ахоўнікам... Размаўляем па-дзелавому, пра надзённыя клопаты: што дзе будзем садзіць, што трэба падрамантаваць ды падправіць. Мы ж цяпер — гаспадары, няма каму ўжо параіць, заступіць сцежку. Гаспадары... Здаецца, нядаўна бегалі басанож, стары ясень, які расце на мяжы, ні на каліва не падрос... Менавіта тут, ля таўшчэзнага дрэва, углядаючыся ў зморшчынкі ля вачэй і ўжо пасівелыя скроні сябра-аднакласніка, разумееш нарэшце і ўласны ўзрост, і хуткаплыннасць жыцця, і вось гэта, узвышана-філасофскае — пра тое, што мы драбнюткія пясчынкі Вечнасці.

Тут увогуле ўсё больш блізка, да ўсяго можна калі не дакрануцца, дык падысці і разгледзець дэталёва. Таму многае з таго, што ў горадзе не заўважаеш, становіцца зразумелым і відавочным. Ідзеш па знаёмай вуліцы, углядаешся ў падворкі. Усе больш ці менш дагледжаныя — участак з домам за нейкія сорак кіламетраў ад сталіцы — добры набытак, ніхто не адмаўляецца ад такой маёмасці. Вось толькі на адным, там, дзе калісьці жыла наша першая настаўніца, калыхаецца леташні быльнёг ды ляпае вецер рэшткамі полікарбанату на вялізнай цяпліцы. Новыя гаспадары, якія купілі гэты ўчастак, з самага пачатку, нават толкам не пазнаёміўшыся з суседзямі, пачалі наводзіць свае парадкі. Перамералі межы, высветлілі, што з паўметра ў іх «забралі» (хаця да гэтага вяскоўцы жылі з гэтымі платамі па некалькі дзесяцігоддзяў), паставілі новую агароджу. Прымусілі ў чэрвені бабулю-суседку выкапаць пасаджаны ўвосень зімовы часнок — градка была занадта блізка да новага плота. Яшчэ нават не пачаўшы, перасталі з усімі вітацца. Паставілі цяпліцу на ўвесь двор, навезлі будаўнічых матэрыялаў, хадзілі па ўчастку з надзвычай важным выглядам... А налета не прыехалі. Хтосьці казаў: захварэлі моцна, хтосьці — прагарэлі з бізнесам і падаліся за мяжу на заробкі. Зрэшты, пагаварылі і хутка перасталі. 

У вёсцы ўсё проста — цябе або памятаюць доўга, або забываюцца хутка. Усё па справах тваіх.

У Мінск, дамоў, прыехала позна ўвечары. З дому — дамоў — вось гэтага дзівоснага кругавароту так не хапае зімой. Стомленая, шчаслівая, піла нагбом прама са слоіка кіславаты бярозавы квас, які кожны год стаўлю на сваім гарадскім балконе па спрадвечным вясковым рэцэпце. Калісьці бабуля, кідаючы ў вялікую бутлю з бярозавікам сушаныя яблыкі, прыгаворвала: «Глядзі, запамінай, каб не забылася...»

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.