Вы тут

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?


Пра перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны распавёў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.


Наша краіна валодае адным з найбуйнейшых запасаў торфу ў Еўропе. Дадзены від сыравіны можа выкарыстоўвацца як у энергетычных мэтах, так і з’яўляцца асновай для вытворчасці рознай прадукцыі непаліўнага прызначэння.

Запасы ў Беларусі гэтай сыравіны і сапраўды ўражваюць. У нас налічваецца звыш 9 тысяч радовішчаў торфу з запасамі каля 2,4 мільярда тон. У распрацаваны фонд, які даступны для прамысловага асваення, уключана 99 тысяч гектараў зямель тарфяных радовішчаў з запасамі торфу больш за 302 мільёны тон (12% ад агульных запасаў тарфяной сыравіны). Да прамысловай распрацоўкі падрыхтавана 92 радовішчы з сумарнымі 172 мільёны тон. З гэтых радовішчаў сёння распрацоўваюцца 47 пляцовак.

Асобна Сяргей Лысенка адзначыў, што названых запасаў торфу пры існуючых аб’ёмах яго здабычы і перапрацоўкі будзе дастаткова для выкарыстання ў эканоміцы на найбліжэйшыя 100 і больш гадоў.

Глыбокай перапрацоўкай займаецца цэлы інстытут

Ужо досыць працяглы час торфаздабыўныя прадпрыемствы сістэмы Мінэнерга штогод здабываюць 2–2,5 мільёна тон тарфяной сыравіны, з якой вырабляецца каля 1 мільёна тон прадукцыі паліўнага прызначэння (паліўныя брыкеты і сушанка тарфяная) і больш за 100 тысяч тон прадукцыі непаліўнага прызначэння (грунты пажыўныя, верхавы кіпаваны торф).

Асноўныя запасы прыпадаюць на нізінны торф, сканцэнтраваны ў Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцях і складаюць прыкладна 77% ад усяго фонду. Верхавы торф, агульныя запасы якога менш за 20%, засяроджаны ў асноўным у Віцебскай (46%) і Магілёўскай (32%) абласцях. Пераходныя тыпы тарфяных радовішчаў маюцца ва ўсіх абласцях краіны і складаюць каля 3% ад агульнага тарфянога фонду.

Найбольш перспектыўным кірункам выкарыстання рэсурсаў з’яўляецца глыбокая тэрмахімічная перапрацоўка торфу з атрыманнем прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. У першую чаргу гаворка ідзе пра біялагічна актыўныя і ростастымуляцыйныя гумінавыя субстраты. Пасля па значнасці ідуць комплексныя грануляваныя ўгнаенні пралангаванага дзеяння. Вывучаюцца і распрацоўваюцца сарбцыйныя матэрыялы, у тым ліку нафтавыя сарбенты і актываваныя вуглі, кармавыя дабаўкі, а таксама прэпараты фунгіцыдных (для барацьбы з грыбковымі хваробамі раслін) і бактэрыяльнага дзеяння і шэраг іншых унікальных матэрыялаў.

Сяргей Лысенка ўпэўнены, што Беларусь з’яўляецца адным з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу. У структуры Нацыянальнай акадэміі навук маецца Інстытут прыродакарыстання, які з 1932 года займаецца пытаннямі вывучэння фізіка-хімічных уласцівасцяў торфу і сапрапелю і распрацоўкай на іх аснове тэхналогій вытворчасці прадуктаў рознага прызначэння. У Акадэміі навук маецца ўласны доследна-вытворчы ўчастак, дзе адпрацоўваюцца тэхналогіі стварэння ўгнаенняў і прэпаратаў на аснове торфу, стандартных мінеральных комплексаў і розных арганічных матэрыялаў.

Распрацавана доследна-эксперыментальная ўстаноўка па вытворчасці новага тыпу грануляваных угнаенняў пралангаванага дзеяння, якія забяспечваюць бесперапынную падкормку раслін на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду і даюць высокую прыбаўку ўраджайнасці ў параўнанні з выкарыстаннем стандартных мінеральных угнаенняў.

Спецыялістамі Акадэміі навук паказана, што для арганізацыі непаліўных вытворчасцяў прыдатныя 259 тарфяных радовішчаў з сукупным запасам торфу ў 500 мільёнаў тон. Распрацаваны электронны атлас тарфяных радовішчаў Беларусі, у якім з дапамогай зручнага графічнага інтэрфейсу карыстальніка можна атрымаць дэталёвую інфармацыю па кожным тарфяным радовішчы.

Важнай задачай тарфяной галіны з’яўляецца ўцягванне ў тавараабарот буйнатанажных адходаў і другаснай сыравіны (адходы торфабрыкетнага попелу, рэшткі пахаванай драўніны і іншыя). У НАН Беларусі маюцца тэхналогіі атрымання на аснове названых адходаў комплексных бетонных сумесяў, актываваных вуглёў і іншай прадукцыі.

З праблемных пытанняў варта адзначыць неабходнасць нарошчвання экспарту прадуктаў глыбокай перапрацоўкі, лічыць дырэктар інстытута. Бо на самай справе арганічныя ўгнаенні на аснове торфу і сапрапелю могуць быць запатрабаваны на сусветным рынку прадукцыі для арганічнага земляробства. Перспектыўныя такія ўгнаенні і для павышэння ўрадлівасці пясчаных глеб Беларускага Палесся. Унясенне торфу эфектыўна паляпшае баланс перагною і спрыяе павышэнню вільгацетрываласці. Гэта можа стаць эфектыўным сродкам барацьбы з засухамі ва ўмовах арыдызацыі клімату Беларускага Палесся.

Не толькі ўгнаенне, а яшчэ біялагічна актыўны і лячэбны сродак

Сяргей Лысенка лічыць, што агульныя рэсурсы сапрапелю ў Беларусі, у пераліку на 60%- вільготнасць, ацэньваюцца ў 1,6 мільярда тон, з якіх 0,9 мільярда тон засяроджана ў азёрах і 0,7 мільярда тон пад торфам на тарфяных радовішчах.

Сёння на тэрыторыі краіны пошукавымі работамі выяўлена 660 азёрных радовішчаў сапрапелю. Дэталёва разведана і падрыхтавана да распрацоўкі 95 радовішчаў з агульнымі запасамі карыснага выкапня 72,2 мільёна тон. Забяспечанасць сыравіннай базай пры цяперашніх тэмпах здабычы складае многія сотні гадоў.

Цяпер распрацоўваецца толькі 11 сапрапелевых радовішчаў і чатыры падрыхтаваны да распрацоўкі. Штогадовы аб’ём здабычы ў апошнія гады складае ад 16 да 30 тысяч тон. Прадукцыя з сапрапелю выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы ў якасці сапрапелевых угнаенняў, грунтоў-меліярантаў і кармавых дабавак. Акрамя таго, з сапрапелю вырабляюцца біялагічна актыўныя прэпараты, якія актыўна ўжываюць у курортна-аздараўленчых і лячэбных мэтах, а таксама выкарыстоўваюць як сыравіну для вытворчасці буравых раствораў.

Атрымліваецца, што сапрапель — такі каштоўны прадукт, але распрацоўваецца слаба. Чаму? На думку Сяргея Лысенкі, прычына недастатковага выкарыстання заключаецца ў значных капітальных выдатках на засваенне азёрных радовішчаў. Разлікі энергаёмістасці вытворчасці паказваюць, што варта шырэй уключаць у гаспадарчую сферу рэсурсы сапрапелю на такія тарфяныя ўчасткі, якія ўжо выбылі з эксплуатацыі, бо сабекошт здабытай сыравіны тут у 1,5–2 разы ніжэйшы, чым пры распрацоўцы азёрных радовішчаў па традыцыйнай гідрамеханізаванай тэхналогіі.

Паводле даных разведкі тарфяных радовішчаў, кожны трэці балотны масіў утварыўся на месцы возера і торф падсцілаецца азёрнымі сапрапелямі. У нашай краіне маюцца больш за 400 перспектыўных выпрацаваных тарфяных участкаў з пакладамі сапрапелю, запасы якога складаюць каля 350 мільёнаў тон, з іх 100 мільёнаў тон лічацца выманымі.

У цяперашні час у НАН Беларусі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка» распрацоўваецца новая свідравінная тэхналогія здабычы сапрапелю, які залягае пад торфам, без парушэння тарфяной залежы. Дадзеная тэхналогія значна скарачае вытворчыя выдаткі на стадыі асваення радовішча і мае важную экалагічную перавагу за кошт мінімальнага ўздзеяння на балотныя ландшафты.

Унікальныя рэсурсы

Да ліку найбольш каштоўных відаў карысных выкапняў Беларусі адносяцца гідрамінеральныя рэсурсы, якія ўключаюць прэсныя падземныя воды, мінеральныя лячэбныя воды і прамысловыя расолы, патэнцыяльна перспектыўныя для здабычы брому, ёду і рэдкіх шчолачных металаў (літый, цэзій, рубідый).

Як аказалася, наша краіна валодае велізарнымі запасамі прэсных падземных вод, якія адносяцца да катэгорыі аднаўляльных прыродных рэсурсаў (ацэньваюцца ў расходных адзінках м3 (метраў кубічных/суткі). Натуральныя рэсурсы прэсных падземных вод ацэньваюцца велічынёй 43,6 мільёна м3/суткі, разведаныя эксплуатацыйныя запасы складаюць каля 6,4 мільёна м3/суткі, тады як спажыванне (водаадбор падземных вод) складае ўсяго 2,5 мільёна м3/суткі. Атрымліваецца, што мы выкарыстоўваем толькі 5% ад аб’ёму пастаянна аднаўляльных натуральных рэсурсаў прэсных падземных вод.

У цяперашні час у адпаведнасці з Водным кодэксам Рэспублікі Беларусь прэсныя падземныя воды рэкамендуецца выкарыстоўваць у асноўным для задавальнення гаспадарча-пітных патрэб і абмежавана — у прамысловасці (галоўным чынам у харчовай). Разам з тым наяўнасць у краіне вялікай колькасці аднаўляльных рэсурсаў прэсных вод дазваляе ставіць пытанне аб магчымасці іх больш шырокага выкарыстання і ў іншых галінах народнай гаспадаркі, у прыватнасці ў сельскай гаспадарцы для патрэб арашэння ва ўмовах зменлівага клімату.

Вельмі каштоўнай разнавіднасцю гідрамінеральных рэсурсаў Беларусі з’яўляюцца мінеральныя лячэбныя воды. На тэрыторыі краіны выяўлена 245 участкаў радовішчаў мінеральных падземных вод. Яны размешчаны ў асноўным у Віцебскай (35,8% усіх радовішчаў), Гомельскай (23,6%) і Мінскай (23,3%) абласцях. Агульныя разведаныя запасы мінеральных лячэбных вод ацэньваюцца велічынёй 61,5 тысячы м3/суткі. Аднак, нягледзячы на гэта, аб’ём імпарту мінеральных вод у Беларусь у 2021 годзе складаў 19,7 мільёна долараў. За перыяд 2006–2021 гады экспарт мінеральнай вады вырас з 2,4 да 7,3 мільёна долараў (у 3 разы), а імпарт — з 2,5 да 19,7 мільёна долараў (амаль у 8 разоў). Такім чынам, назіраецца істотны гандлёвы дысбаланс не на карысць нашай краіны.

Сяргей Лысенка лічыць, што павелічэнне экспарту беларускіх мінеральных вод можа быць дасягнута уцягваннем у выкарыстанне новых відаў мінеральных лячэбных вод. У прыватнасці, на тэрыторыі краіны ўстаноўлена наяўнасць, але не ацэнены запасы борных вод, жалезістых вод тыпу Марцыяльных вод Карэліі. У нас ёсць гідракарбанатныя воды з высокім утрыманнем арганічных рэчываў бітумнага характару тыпу вод «Нафтуся» (Украіна) і ўльтрапрэсныя падземныя воды тыпу SPA (Бельгія) і VOSS (Нарвегія).

Неабходнай папярэдняй умовай з’яўляецца правядзенне ў належным аб’ёме геолагаразведачных работ для ацэнкі эксплуатацыйных запасаў вод на радовішчах. Гэта дазволіць весці пошук інвестараў як для арганізацыі вытворчасці бутыляваных вод гэтых тыпаў, так і для будаўніцтва на іх базе санаторна-курортных устаноў.

Адным з відаў гідрамінеральных рэсурсаў становяцца прамысловыя расолы, перспектыўныя для здабычы з іх шэрагу каштоўных элементаў. Яны прымеркаваны да геалагічнай структуры — Прыпяцкага прагіну, у межах якога вылучаецца Прыпяцкі басейн прамысловых расолаў, які па ўтрыманні брому, ёду і рэдкіх шчолачных металаў займае адно з вядучых месцаў у свеце.

Аднак цяпер у Беларусі адсутнічаюць рэнтабельныя тэхналогіі, прыдатныя для здабывання каштоўных элементаў з прамысловых расолаў. Акрамя таго, яны вельмі зменлівыя па сваім складзе, што абцяжарвае ўкараненне якой-небудзь уніфікаванай тэхналогіі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.