Вы тут

Лёс Міколы Лупсякова склаўся няпроста...


Мікола Лупсякоў нарадзіўся ў Маскве, але дзяцінства яго і большая частка сталага жыцця прайшлі на бацькоўскай радзіме на Жлобіншчыне. Лёс склаўся няпроста. Але менавіта шматлікія выпрабаванні і далі матэрыял для будучых твораў. Галоўным жыццёвым экзаменам на сталасць і чалавечнасць стала Вялікая Айчынная вайна. Артылерыстам удзельнічаў у баях за Маскву, ваяваў на Цэнтральным, Варонежскім франтах, пад Харкавам. У сакавіку 1943 года быў цяжка паранены ў галаву і пасля лячэння дэмабілізаваны. 


Мікола Лупсякоў

Тэма Вялікай Айчыннай вайны стала для Міколы Лупсякова самай блізкай. 

У ліку самых вядомых яго твораў можна згадаць апавяданне «Пераправа» (1957). Сюжэт нескладаны. Ідзе фарсіраванне вадзяной перашкоды, а потым бой за ўтрыманне захопленага плацдарма. Але сюжэт тут толькі сродак для раскрыцця ўнутранага свету герояў, іх паводзін у час экстрэмальнай сітуацыі. І зрабіў гэта пісьменнік па-майстэрску, што дазваляла крытыкам ставіць яго ў адзін рад з пісьменнікамі, якія першымі паказалі так званую акопную праўду. 

Наогул ён быў майстрам малых эпічных жанраў, адным з найлепшых беларускіх апавядальнікаў. Аб гэтым сведчаць і яго шматлікія зборнікі: «Першая атака» (1946), «Мост» (1947), «На берагах Дняпра» (1966) і іншыя. 

У 1921 годзе, калі яму было няпоўныя два гады, сям’я вярнулася на гістарычную радзіму — у вёску Папаратнае Жлобінскага раёна. Тут Мікола Лупсякоў закончыў сямігодку. Пасля вайны доўгі час жыў у пасёлку Стрэшын. У сярэдзіне 1990-х аўтар гэтых радкоў запісаў успаміны яго родзіча, былога настаўніка, таксама ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Шаўцова (1924–2008). У іх раскрываецца тая непаўторная атмасфера, у многім сёння згубленая, што панавала ў сялянскім асяроддзі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя: «На стыку двух папаратнянскіх пасёлкаў (Вішанкі і Ляды) проста на выгане, каля балота, непадалёку ад невялікага ручая, што падзяляў гэтыя два паселішчы, восенню 1933 года адразу за адзін дзень з’явіліся хата, хлеў з павеццю для дроў і нават агароджаны двор з варотамі на вуліцу і агарод. У наш час скажы: „За адзін дзень!“ —не павераць. Ды як паверыць, калі сусед з суседам, брат з братам грызуцца, днямі і гадамі не размаўляюць, развучыліся радніцца. А тады сваяцтва, нават далёкае, было ў пашане, і сусед з суседам жылі як родныя...»

«У павазе была і талака — добраахвотная праца, якая аб’ядноўвала людзей, — успамінаў Мікалай Андрэевіч. — На талаку ішлі як на свята, іншы і сарочку новую надзяваў. Народу збіралася да паўсотні, а то і больш, нават дзеці для падсобных спраў. Па ходу вызначаўся кіраўнік-галава ўсёй справы. Усе працавалі старанна і добрасумленна і, канешне ж, бясплатна. Толькі па заканчэнні работ гаспадар, калі дазваляў яго дастатак, накрываў стол. Выпівалі ж у меру і з розумам.

...Праз тыдзень-другі пасля завяршэння ўсіх работ у новую хату пераехала сям’я Радзівона Яфрэмавіча Лупсякова, якога тут абралі старшынёй толькі што ўтворанага калгаса. Радзівон Лупсякоў у недалёкім мінулым — балтыйскі матрос, з 1909 года з’яўляўся членам ленінскай партыі, удзельнічаў у штурме Зімняга палаца, быў у Маскве эмісарам ад Чырвонбалта, у Маскве і ажаніўся з худзенькай, шчупленькай Лукер’яй Сямёнаўнай — і пайшло качавое жыццё: Масква — Петраград, Петраград — Масква. 

А потым паклікала Радзівона Яфрэмавіча родная старонка, ды так больш нікуды і не адпусціла. Тым часам сям’я поўнілася дзецьмі: Міколка, Надзейка, Валодзька — менавіта так прынята было ў гэтай сям’і называць дзяцей, ды і мужа свайго, чалавека, які важыў 120 кілаграмаў, Лукер’я Сямёнаўна называла не іначай, як „мой Родзька“, а ён яе — „Луняй!“». 

«Радзівон Яфрэмавіч быў родным дзяцькам маёй маці, малодшым братам бабулі Лізы, — засведчыў мой суразмоўнік. — Я і Валодзька былі аднагодкамі, хаця ён даводзіўся мне дзяцькам. 

З першай сустрэчы паміж намі склаліся чыстыя, сяброўскія адносіны... У сям’і Лупсяковых любілі і ўмелі спяваць пад гітару, пад балалайку, хорам і ў адзіночку. Цудоўна спявалі, асабліва Надзька! І вельмі хутка па вечарах да іх стала збірацца моладзь, ды і людзі больш сталага ўзросту пацягнуліся сюды. 

У Лупсяковых было і шмат кніг. Заставалася толькі здзіўляцца, як гэтая сям’я, пераязджаючы з месца на месца, здолела захаваць такое багацце. Кнігі займалі добрую палову новай хаты, якая, праўда, была невялічкай, усяго на чатыры вакны. Чыталі ўсе. Трынаццацігадовы Валодзька ў нашым класе быў самым адукаваным і начытаным. З ім мы не маглі зраўняцца нават усе разам. Ён экспромтам складаў вершы і, напэўна, стаў бы добрым паэтам, але загінуў у вайну ўсяго за два месяцы да Перамогі».

«...Пасля заканчэння Папаратнянскай сямігодкі Мікола Лупсякоў надоўга знік з вёскі, — працягнуў Мікалай Шаўцоў, — а ў 1937 годзе ў газеце „Піянер Беларусі“ з’явілася яго п’еса „Каштоўны скрутак“, а хутка — і апавяданне „Каля кастра“. У нашым школьным драмгуртку гэтую п’есу адразу ж развучылі і паставілі на сцэне ў калгасным клубе, а дакладней, у былой царкве, дзе алтар прыстасавалі пад сцэну. Народу набілася шмат, і нам давялося ставіць п’есу тры суботы запар. П’еса расказвала, як піянеры адной школы, збіраючы металалом на месцы былых баёў з белапалякамі, знайшлі зарослы травой і засыпаны пяском агнявы пункт станковага кулямёта... Тут яны адкапалі металічную скрыню з-пад кулямётных лентаў, а ў ёй — чырвоны сцяг палка. Высветлілася, што гэты полк быў расфарміраваны, але, дзякуючы піянерам, часць зноў была адноўлена. Аднойчы, прыехаўшы да родных на пабыўку, на адну з нашых пастановак трапіў і сам аўтар, тады малады студэнт. Яго цёпла прадставіў гледачам наш дырэктар школы, настаўнік рускай мовы і літаратуры, кіраўнік драмгуртка Андрэй Якаўлевіч Лаковіч. Вяскоўцы дружна віталі гарачымі апладысментамі і добразычлівымі поглядамі свайго дамарослага пісьменніка».

З вайны Мікола Лупсякоў вярнуўся інвалідам першай групы з выбітым вокам і асколкам у галаве. Урачы забаранілі займацца фізічнай, разумовай працай. Але Мікалай Радзівонавіч не мог жыць і не пісаць — проста не мог. «Родныя яго — бацька, маці, сястра — у гарадскім пасёлку Стрэшын паставілі сабе невялікі драўляны домік, бо з усёй вёскі Папаратнае пасля вайны ўцалела толькі адна хата, і тая без даху, — дадаў Мікалай Шаўцоў. — Маючы кватэру ў Мінску, Мікалай Радзівонавіч па некалькі дзён жыў у Стрэшыне. Цягнуў яго сюды Днепр. А творы яго перыядычна друкаваліся ў розных выданнях, выходзілі і асобныя кнігі. ...Аднойчы ў канцы 50-х гадоў яму стала дрэнна, давялося адвезці яго ў Магілёўскую неўралагічную бальніцу, дзе ён праляжаў некалькі месяцаў. Выклікалі туды і яго маці. Урачы прапанавалі зрабіць аперацыю па выдаленні асколка, але не гарантавалі пры гэтым жыццё. Патрабавалася згода маці, на што Лукер’я Сямёнаўна не пагадзілася. „Няхай жыве такім, які ёсць“, —быў яе адказ. Пасля бальніцы ён жыў то ў Мінску, то ў Стрэшыне, але больш у Стрэшыне. Час свой праводзіў на Дняпры, на прыродзе, на кантакт з людзьмі ішоў неахвотна... Тут жа ён і пісаў свае творы. Яго зямляк вядомы беларускі паэт Хведар Жычка (1927–2007) заўважыў: „Ніхто не бачыў, калі Мікола Лупсякоў пісаў“. Сябры-пісьменнікі, асабліва Анатоль Астрэйка, імкнуліся аказаць яму дапамогу ў матэрыяльным плане, адшуквалі заказы на пераклады з рускай на беларускую мову. Ганарары для яго ў той час былі адзінай крыніцай існавання. Пенсію сваю ён пакідаў сям’і ў Мінску. Аднойчы ўзяўся за пераклад адной брашуры... аб племянных быках. Толькі пачаў працу, а тут чарговы прыступ хваробы галавы. Лукер’я Сямёнаўна прыбегла да мяне, загаласіла: „Тэрмін заказу канчаецца, а справа не зроблена“. За ноч з невялікім я зрабіў гэты пераклад. Праз некалькі тыдняў атрымаў ганарар на 1980 рублёў за суаўтарства. Грошы, канешне, аднёс Лукер’і Сямёнаўне... Так вось жыў і тварыў Мікола Лупсякоў».

У Стрэшыне захаваўся дом, дзе ён жыў. Вуліца названа ў гонар пісьменніка-земляка. У Жлобінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай і гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца шмат матэрыялаў аб жыцці і творчасці Міколы Лупсякова.

Мікалай ШУКАНАЎ 

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.