Вы тут

Эліксір маладосці Валянціны Ераньковай


Калі не ведаць, які юбілей адзначае ў красавіку рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валянціна Еранькова, то гледзячы на яе, у гэтую лічбу цяжка паверыць.

Пра што ёй хочацца сёння гаварыць з гледачом? Як удаецца заставацца цікавай? Чаму адна з першых жанчын-рэжысёраў Беларусі лічыць сваю прафесію мужчынскай? Якім бачыць сваё жыццё па-за тэатрам? Гутарым пра гэта з заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі Валянцінай Ераньковай.


«Я заўсёды гавару пра любоў»

— У канцы лютага адбылася прэм’ера Вашага спектакля «Анфіса» паводле п’есы Леаніда Андрэева. Вы, Валянціна Рыгораўна, не першы раз звяртаецеся да творчасці гэтага, на жаль, многімі забытага пісьменніка Сярэбранага веку. Чым гэта тлумачыцца?

— У кожнага часу — свой запыт. Сёння, мне здаецца, многія гледачы ідуць у тэатр не толькі пацешыцца, пасмяяцца, адпачыць, але і паразважаць аб важных для чалавека думаючага «праклятых пытаннях». Так, да творчасці пісьменніка і драматурга Леаніда Андрэева сёння рэдка звяртаюцца. З яго тэкстам складана працаваць: ён не толькі цяжка запамінаецца, але і патрабуе вельмі акуратнага абыходжання. Любая вольнасць, выпадковая перастаноўка або замена слоў рэзка мяняе закладзены ў іх сэнс. На шчасце, рэпертуарны тэатр можа «замахнуцца» на сур’ёзных аўтараў і глыбокія творы. «Анфіса» выклікала ўнутраны водгук ува мне, захацелася абмеркаваць гэтую гісторыю з гледачом, эмацыянальна яго страсянуць. Мне здаецца, гэта ўдалося. Падчас спектакля ніхто не пакідае залу, стаіць незвычайна напружаная цішыня, не чуваць гукаў тэлефонаў: публіка суперажывае героям п’есы.

— Але тэма «Анфісы» ўвогуле вечная — гэта любоў…

Я заўсёды гавару з публікай пра любоў, хоць і розную. Гэта ж вельмі аб’ёмнае, шматграннае пачуцце: не толькі каханне да прадстаўніка супрацьлеглага полу, але і клапатлівая любоў да родных, блізкіх людзей, да мастацтва, да сваёй зямлі, да ўсяго жывога. У «Анфісе» бабуля Фёдара Кастамарава пасля яго смерці прамаўляе: «Смешны хлапчук. Ён любові не прызнаваў. А што яшчэ прызнаваць? Толькі любоў адна і ёсць. Бо без любові ні жыцця няма, ні сэнсу. Любоў даражэй за жыццё». Многія людзі гэтак жа, як Фёдар Кастамараў, баяцца страціць сваю свабоду, патрабуюць любові да сябе, а самі яе не даюць, не могуць, не ўмеюць любіць, больш за тое, раняць, мучаць тых, хто імі даражыць, пакутуюць самі і выракаюць на пакуты іншых. З-за гэтага адчуваюць пякучую пустэчу жыцця, нездаволенасць, стомленасць і боль, якія разбураюць.

— Свет імкліва мяняецца, становіцца вельмі тэхнакратычным, і часам здаецца: людзі ўжо не маюць патрэбы ў пачуццях. Жыццё многіх сучаснікаў праходзіць «міма любові».

— Нейкае «жывое асяроддзе», пажыўная глеба для пачуццяў і эмоцый пад уплывам сучасных рэалій з многіх душ, бясспрэчна, знікае. Але я веру ў людзей, у будучыню. Чалавецтва пераадолее духоўны крызіс, вернецца да Бога, успомніць аб сваёй першароднай прыродзе.

Мастацтва — кісларод, неабходны для выжывання

— Складаней ці прасцей з гадамі Вам ставіць спектаклі? З аднаго боку, прыходзіць досвед, але сіл, напэўна, становіцца менш?

— Рэжысёрскага досведу, вядома, дадаецца. Але прасцей не становіцца: узрастае адказнасць за выбраны матэрыял, пастановачную групу. Тэатр сёння вымушаны фінансава сябе забяспечваць: нельга прамахнуцца з п’есамі, трэба раскрываць і прасоўваць акцёраў. А вось недахопу сіл не адчуваю. Тэатр для мяне — крыніца натхнення. На рэпетыцыях я зараджаюся энергіяй.

— Якія моманты ў рабоце над спектаклем асабліва любіце?

— Практычна ўсе. Мне цікава шукаць п’есу для пастаноўкі, «раскладваць» ролі дзейных персанажаў на акцёраў трупы. Ёсць вельмі хвалюючы момант, калі акцёры нічога яшчэ не разумеюць, а я ўжо дакладна ведаю: спектакль складваецца, ён адбудзецца. Эпізоды «збіраюцца» ў акты, з’яўляюцца касцюмы, падключаецца святло і музыка. Нараджэнне спектакля — сапраўднае чараўніцтва. Паступова ён пачынае жыць сваім жыццём і ўжо табе не належыць. Сачыць за гісторыяй развіцця пастаноўкі, падтрымліваць жывы агонь, вяртаць акцёраў да сваіх задач, калі яны пра тое забываюцца — гэта ўжо не так займальна.

— Дзіўная справа: сёння часта чуеш аб крызісе тэатра. Але пры гэтым рашуча ніхто не сумняваецца ў яго будучыні.

— Тэатр ніколі не памрэ. Патрэба ў жывых зносінах, у тым, каб прыйсці і разам з іншымі пасмяяцца, паплакаць, падумаць над сваім жыццём застаецца нязменнай. Неабходнасць у мастацтве захоўваецца ў самыя складаныя, трагічныя перыяды гісторыі. Яно неабходна для нашага выжывання, як кісларод.

— Вам цяжка з маладымі акцёрамі? Няма праблем з таленавітай зменай служыцеляў Мельпамены?

— Моладзь — розная. Ёсць юнакі і дзяўчаты, пацалаваныя Богам: яны хутчэй знаходзяць сваё месца ў тэатры і дабіваюцца поспеху. Ёсць тыя, чый патэнцыял раскрываецца не адразу. Гэта адна з галоўных задач рэжысёра-педагога: разглядзець «жамчужынку» ў кожным акцёры і зрабіць так, каб ёю залюбаваўся глядач. Жыццё непрадказальнае. Часам вельмі таленавіты акцёр можа ярка бліснуць, але хутка згаснуць. А іншыя пачынаюць з малых роляў, заяўляюць аб сабе паступова, але з часам становяцца сапраўднымі майстрамі. Усё залежыць ад любові да прафесіі, разумення, навошта чалавек прыйшоў у тэатр, творчай гатоўнасці працаваць з драматургічным матэрыялам, рэжысёрам, калегамі.

— Ці ёсць у Вас адчуванне, што традыцыі тэатра імя М. Горкага перадаюцца ад аднаго пакалення акцёраў да іншага, і «сувязь часоў» не перарываецца?

— Так, сапраўды. Тэатр — складаны арганізм. Тут нельга без канкурэнцыі. Але яна не павінна шкодзіць рабоце. У нашай трупе падтрымліваецца здаровая атмасфера, кожнае новае пакаленне пераймае традыцыі. Мы не кідаем маладых акцёраў на волю лёсу, клапоцімся пра іх, дапамагаем стаць на ногі.

Захаваць у сабе жанчыну

— У рэжысуру прыходзіць усё больш жанчын. Ім значна лягчэй, чым было Вам у свой час?

— Вядома. Калі я пачала ставіць спектаклі, жанчын-рэжысёраў было няшмат, да нас ставіліся, як правіла, з іроніяй і недаверам. Спатрэбілася воля, цвёрдасць характару, каб пераадолець стэрэатыпы і прадузятае меркаванне тэатральнай крытыкі. Сёння жанчын-рэжысёраў успрымаюць цалкам спакойна. З’явіліся новыя імёны, цікавыя пастаноўкі. Але я заўсёды лічыла гэтую прафесію сапраўды мужчынскай, і мяне не радуе, што жанчыны выцясняюць з яе прадстаўнікоў моцнага полу.

— Чаму? З узростам Вы зразумелі, як добра быць слабай? Вас засмучае, што інь і ян у сучасным свеце мяняюцца месцамі?

— Гледзячы, як жанчыны ва ўсім свеце займаюць лідарскія пазіцыі, кіруюць вялікімі калектывамі, транснацыянальнымі карпарацыямі, міжнароднымі арганізацыямі і нават краінамі, чамусьці становіцца сумна. Калі прыгожая палова з галавой сыходзіць у працу, у іх не застаецца сіл і часу займацца сям’ёй, гадаваць і выхоўваць дзяцей. Ад гэтага пакутуюць усе: мужчыны, дзеці, будучыня. Захоўваць ачаг — гэта ж не толькі прыгатаваць абед і навесці чысціню (хоць у многіх сучасніц і на гэта не хапае часу). Гэта яшчэ — выслухаць роднага чалавека, пагаварыць па душах, маральна падтрымаць, прылашчыць, натхніць на стварэнне чагосьці вялікага. Бог стварыў мужчыну і жанчыну рознымі, прызначыў іх для розных мэт. І калі мы ігнаруем сваю прыроду, парушаем божую задуму, то непазбежна за гэта расплачваемся. Няўжо жанчын задавальняюць інфантыльныя бесхарактарныя мужчыны?

— Але Вам жа, Валянціна Рыгораўна, удалося рэалізавацца як жанчыне, захаваць сям’ю…

— Стаўшы рэжысёрам, я многае, безумоўна, у жыцці набыла, але шмат чаго, на жаль, і страціла, прычым незваротна. Прысвячаючы сябе рэжысуры, вучням, абдзяліла ўвагай сям’ю. Толькі з гадамі ўсвядоміла, што муж, дачка ахвяравалі часам, спакоем, інтарэсамі дзеля таго, каб я адбылася ў прафесіі.

«Зусім не адчуваю ўзросту»

— Валянціна Рыгораўна, Вы сёння ў выдатнай творчай і фізічнай форме. Гэта неяк звязана паміж сабой? Маладосць душы падтрымлівае знешнюю прывабнасць?

— Я зусім не адчуваю ўзросту. Многае тлумачыцца, безумоўна, маёй захопленасцю прафесіяй, запатрабаванасцю. Гэта тая жывая вада, якая амалоджвае знутры. Але ёсць і генетыка, спадчыннасць. Мая маці дажыла да 92 гадоў і захавала фенаменальную памяць. На сваім апошнім дні нараджэння яна спявала беларускія песні, чытала на памяць вершы — усе захапляліся ёю. Цудоўна выглядала ў вельмі сталым узросце і мая хросная Яфімія, цётка па лініі бацькі. Я тлумачыла гэта яшчэ і яе верай, глыбокай духоўнасцю. Знешнасць вельмі залежыць ад фізічнага стану і самаадчування. Для падтрымання сябе ў форме рэгулярна хаджу ў басейн, лазню, раблю зарадку. Люблю масаж, калі ёсць час, раблю маскі, з задавальненнем мяняю прычоскі.

— Ці любіце Вы адзначаць дні нараджэння? Каму даверылі б пастаноўку свайго юбілею на сцэне?

— З узростам усё менш і менш хочацца мітусні з нагоды дзён нараджэння, юбілеяў. Больш падабаецца мераць жыццё не ад адной прыгожай даты да іншай, а ад прэм’еры да прэм’еры. Я пакуль не спяшаюся падводзіць вынікі: яшчэ ёсць што сказаць.

— А калі б у Вас быў вольны час, чаму маглі б яго прысвяціць? Чым цікава было б заняцца, апроч тэатра?

— Ахвотна адправілася б падарожнічаць куды-небудзь. Напрыклад, на Алтай, Байкал, Сахалін. Марыла б пабываць у Антарктыдзе.

— За што Вы перш за ўсё хацелі б сказаць жыццю «дзякуй»?

— За людзей, з якімі мне фантастычна пашанцавала. Найперш, за бацькоў. Мой тата, Рыгор Трафімавіч Нежувака, прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Мама, Ганна Кірылаўна, была сувязной у партызанскім атрадзе Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Абое пражылі годнае, прыгожае жыццё, надзвычай даражылі адно адным. Мяне выгадавалі ў любові. Пашанцавала з мужам, дачкой, бацькамі Аляксея — цёплымі, мудрымі людзьмі. І ў прафесіі мяне вучылі і падтрымлівалі выдатныя асобы: Барыс Іванавіч Луцэнка, Марк Анатольевіч Захараў. Заўсёды буду ўдзячная культуролагу і філосафу Кіму Хадзееву за яго словы пасля спектакля «Скарпіён»: «Не сумнявайся — як рэжысёр ты адбылася».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота дадзена Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.