Вы тут

Навука любові праз музыку


Калі творы сучасных кампазітараў Беларусі гучаць на філарманічнай сцэне, то гэта кожны раз нагода для таго, каб пайсці знаёміцца з аўтарам (калі пра яго дагэтуль не ведалі, бо юнакі і маладыя людзі могуць адкрываць для сябе імёны тых, хто стварае даўно), слухаць і разумець лепш сваю радзіму. Канцэрт 17 красавіка ў зале імя Рыгора Шырмы ансамбль салістаў «Класік-Авангард» прысвяціў кампазітару Вячаславу Кузняцову. 


Вячаслаў Кузняцоў

Гэта адзін з тых творцаў, якія ў наш час актыўна пішуць музыку, а таксама вучаць гэтаму іншых — прафесар Кузняцоў шмат гадоў выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі розныя дысцыпліны, цяпер з’яўляецца загадчыкам кафедры аркестравага дырыжыравання і інструментоўкі. Ведае: гэтая прафесія пачынаецца тут, бо талент, дадзены чалавеку ад прыроды, трэба ўзбагаціць адпаведнымі ведамі пра музыку і законы яе існавання ў свеце і ў часе. Сам Вячаслаў Уладзіміравіч гэтую навуку асвойваў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі дзякуючы цудоўнаму меладысту і аднаму з яскравых кампазітараў Беларусі ХХ стагоддзя Яўгену Глебаву, прайшоў пад яго кіраўніцтвам асістэнтуру-стажыроўку. Навуку асвоіў цудоўна, бо акрамя выкладання музыкі піша яе шмат. Беларускія меламаны маглі чуць яго творы розных жанраў: камерныя, харавыя, сімфоніі (іх у кампазітара сем!), оперы, балеты. Кузняцова нельга назваць аўтарам, які піша ў стол, бо яго творы запатрабаваныя. Напрыклад, балеты Кузняцова значацца ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі. І гэта нацыянальныя балеты «Вітаўт» і «Анастасія», што высока адзначаны на дзяржаўным узроўні і ў тэатры. Але яшчэ сярод напісаных балетаў чакаюць увагі «Крэслы», «Цар Саламон»; «Макбет», «Знак Белабога». Таму што «Клеапатра» гучала ў канцэртным выкананні, таксама як яшчэ раней гучаў «Паланэз», створаны паводле тэм Міхала Клеафаса Агінскага. І паэзія беларуская Кузняцова натхняла: так з’явілася опера «Сумныя сны» паводле Багдановіча. Наогул, літаратуру Кузняцоў успрымае глыбока і бачыць у ёй патэнцыял для твораў: так узнікла опера «Нататкі вар’ята» паводле Гогаля, а яшчэ напісаны і чакаюць увагі пастаноўшчыкаў «Запрашэнне на смяротнае пакаранне» і «Гумберт Гумберт» (паводле Набокава), «Галава прафесара Д.» (паводле Бяляева)... 

Але не толькі па маштабных творах вызначаецца талент кампазітара, адметныя і яго інструментальныя сачыненні, больш камерныя. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузняцоў мае свой почырк, у падмурку якога — народныя мелодыі, на іх аўтар разгортвае розныя музычныя формы. Як тут ні згадаць традыцыі беларускай кампазітарскай школы? І тое, як іх можна развіваць у наш час, ён таксама паказвае. У канцэрце «Музыка беларускіх кампазітараў: Вячаслаў Кузняцоў» ансамбль «Класік-Авангард» выканаў творы, якія гучалі раней, і зусім новыя, напісаныя спецыяльна для гэтай праграмы. Шмат што патрабуе тлумачэння, таму мастацкі кіраўнік калектыву і дырыжор Людміла Каліноўская стала яшчэ і вядучай, якая ўводзіць слухачоў у кантэкст і творчы свет, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Вячаслава Кузняцова. У межах музычнага цыкла ансамбль ужо выканаў праграмы з твораў Дзмітрыя Смольскага і Галіны Гарэлавай. Насамрэч цыкл «Ад вытокаў да сучаснасці» мае мэту — прадставіць музыку розных эпох, што стваралася і на нашай зямлі асобамі, якія яе любілі, услаўлялі і працягваюць гэта рабіць цяпер. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.