Вы тут

Уладзімір Ясючэня: «Лёс вырашае жыццё»


Уладзімір Ясючэня — адзін з самых маладых беларускіх паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Менавіта з тых, хто больш-менш засведчыў сябе ў друку. Былі ж і тыя, пра каго амаль нічога не вядома, але яны часам выступалі ў франтавой перыёдыцы. Іх творы не заўсёды мелі высокую мастацкую якасць, аднак аўтары з’яўляліся надзіва шчырымі ў жаданні граміць ворага. Змест напісанага імі сведчыў аб высокім патрыятызме і натхняў на гэта іншых. Нямногае, што засталося пасля Уладзіміра Ясючэні, пераконвае ў тым, што ён, да ўсяго, валодаў і паэтычным талентам. Ранняя смерць не дазволіла ўсебакова раскрыцца. Ды захавалася мала напісанага. Вяртанне яго ў літаратуру адбылося дзякуючы пісьменніку Міколу Гілю і краязнаўцу Генадзю Каханоўскаму. Абедзве публікацыі з’явіліся ў «ЛіМе». Мікола Сымонавіч прадставіў яго ў нумары за 29 кастрычніка 1971 года, а Генадзь Аляксандравіч нагадаў у артыкуле «Салаўіныя гнёзды Міншчыны» 20 кастрычніка 1978-га. Пазней абодва яшчэ раз звярнуліся да аповеда пра Уладзіміра Ясючэню: Мікола Гіль з артыкулам «На дванаццатай вясне» і вершамі ў «Дні паэзіі — 80», а Генадзь Каханоўскі — у сваёй кнізе «Адчыніся, таямніца часу» (1984). Публікацыя Міколы Гіля цікавая і тым, што ў ёй змешчаны і вытрымкі з лістоў, прысланых паэтам з фронту, звесткі, якія тычацца яго біяграфіі.


Сябраваў з Аляксеем Коршакам

З матэрыяламі пра Уладзіміра Ясючэню Мікола Сымонавіч пазнаёміўся ў музеі баявой і працоўнай славы колішняга саўгаса «Доктаравічы» Капыльскага раёна. Яму адразу «кінуўся ў вочы партрэт юнака, амаль падлетка», а потым, як сведчыў ён, «пільней ужо ўзіраўся я ў прыгожы, малады, амаль дзіцячы твар: багатая, пэўна, падатлівая чупрына, высокі лоб, прамы, вастраваты нос, танкаватыя, нервовыя вусны, праніклівы, нейкі самотна-трывожны позірк». Прыцягнула ўвагу і папка з надпісам «Пісьмы з фронту». Разгарнуўшы яе, убачыў пажаўцелы ад часу лісток у лінейку. Сумнення не заставалася, што гэта старанна разгладжаны былы салдацкі трохкутнік. За ім ляжалі падобныя на яго паперкі. Усяго больш як дзесяць. Гэта былі пісьмы Уладзіміра Ясючэні, дасланыя ім маці, бацьку, сястры, брату, якія жылі ў суседняй вёсцы Станькі.

У адным з іх, датаваным 10 студзеня 1945 года, Валодзя пісаў брату: «Дарагі Ваня! Вельмі буду прасіць цябе: прагледзь харашэнька ўсе мае вершы (сшыт. “Раннія творы”, “Першыя крокі”, “Мара”, і ліст з пяццю вершамі пад псеўданімам Б. Каліна). Там ты сустрэнеш шмат чаго цікавага з літаратуры — прачытай і зноў акуратна зберагай, як і розныя дзённікі, выразкі, а таксама газеты…» 

Жанчына, якая пазнаёміла з гэтымі матэрыяламі, падказала, што Іван Ясючэня па-ранейшаму жыве ў суседніх Станьках, працуе бухгалтарам у гэтай гаспадарцы. Да яго наступным днём Мікола Гіль і завітаў. Гэтая сустрэча дазволіла яму атрымаць звесткі, якія сёння і прыводзяцца ў матэрыялах пра аднаго з тых беларускіх пісьменнікаў, які, па сутнасці, толькі знаходзіўся на подступах да вялікай літаратуры, але, безумоўна, валодаў талентам і, калі б склаліся ў яго жыцці больш спрыяльныя ўмовы, мог бы няблага заявіць аб сабе.

Спачатку Уладзімір вучыўся ў Ванелевіцкай сямігодцы, а за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у Доктаравіцкай сярэдняй школе. Не толькі любіў паэзію, але і сам пачаў пісаць вершы. Яшчэ з малых гадоў маляваў. Аднак літаратура паступова брала верх над іншымі захапленнямі. Несумненна, гэтаму паспрыяла і тое, што сябраваў з паэтам Аляксеем Коршакам. Ад сябе дадам, што даволі прыкметная розніца ў гадах гэтаму не перашкодзіла. На пяць гадоў старэйшы Аляксей, скончыўшы Доктаравіцкую сямігодку, сярэднюю адукацыю атрымліваў у Капылі. Пра яго, «свайго» паэта, канешне, добра ведалі не толькі ў школе, але і ў вёсцы. Быў знаёмы з ім і Уладзімір Ясючэня. А паколькі абодва любілі паэзію, то і пасябравалі.

Засталося няшмат

Немалаважна і тое, што абодва ўвогуле з’яўляліся людзьмі начытанымі. Уладзіміра літаратурай захапіў яго старэйшы брат Міхаіл. Ён па прафесіі быў настаўнік, таксама не вярнуўся з вайны. Дарэчы, як і трэці сын з сям’і Ясючэняў — Федзя. Мікола Гіль, вядома, пацікавіўся, ці не захавалася ў Івана што-небудзь з напісанага Уладзімірам, якога той з гонарам назваў «разумным хлопцам». На жаль, адказ не суцешыў: «Няма сшыткаў. Толькі тое, што ў музеі. Было шмат папер, але ж — такое жыццё было, хай яно спрахне! Бацька і маці рана памерлі, а потым — сястра-гаротніца… Хату перацягваў на новае селішча… Каб жа тое ведаць было, што зацікавіцца хто… А мо і аддаў каму. Помніцца, пасля вайны прыязджаў да мяне адзін з газеты раённай. Мо ў яго што захавалася».

Далей у артыкуле засведчана: «У той жа дзень мне ўдалося сустрэцца з тым чалавекам, які працаваў у Капыльскай раённай газеце неўзабаве пасля вайны. Але ў адказ пачуў:

— Памятаю, быў у Ясючэні і сшыткі бачыў, нават гартаў. Але ж я нічога, ніводнага з іх, не браў…».

Чамусьці ў артыкуле не назваў «таго чалавека». А гэта быў Усевалад Гурыновіч. Не толькі пасля вайны працаваў у газеце «Калгаснік Капыльшчыны», але і тады, калі яна стала «Славай працы». 

Я — сведка той размовы. Пасля звальнення ў запас як афіцэра Забайкальскай ваеннай акругі некалькі месяцаў з’яўляўся загадчыкам аддзела пісем і масавай работы «СП». Усевалад Канстанцінавіч сам па сабе чалавек цікавы, захапляўся літаратурай. Пісаў. Пазней у газеце «Чырвоная змена» двойчы выступаў з матэрыяламі пра Уладзіміра Ясючэню.

Кажу гэта не як папрок, ды яшчэ на адлегласці. Гаворка пра тое, што толькі агульнымі намаганнямі можна дамагчыся, каб у літаратуры стала меней белых плям. У дачыненні да Уладзіміра Ясючэні гэта адбылося і дзякуючы Алесю Бельскаму. У складзенай ім анталогіі «Недаспяваныя песні», што выйшла ў серыі «Школьная бібліятэка», ёсць і кароткая, як і яго жыццё, біяграфія Уладзіміра Ясючэні.

Нарадзіўся 17 лістапада 1925 года ў вёсцы Станькі. Прызваны ў Чырвоную армію пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

У званні малодшага сяржанта загінуў 12 сакавіка 1945-га у баях на рацэ Одэр, пахаваны ў мястэчку Грапфенкаген у Германіі. З допісамі і вершамі выступаў у газеце «Піянер Беларусі», у 14 гадоў быў адзначаны Ганаровай граматай. Спачатку пісаў пераважна для дзяцей. У гады вайны, як відаць, з’явіліся новыя матывы. Аб гэтым сведчыць верш «Адпомшчу за братоў». Напісаў і апавяданне «Бацькаў сын». 

Тое, што вецер нашаптаў

З’яўляючыся прадстаўніком пакалення, якое радавалася ўсяму, што адбывалася ў роднай краіне, якое лічыла яе налепшай у свеце, і апавядаў аб гэтым 
у сваіх творах. Як у названым, магчыма, і некалькі агульна, але і шматзначна — «Краіна». Менавіта з такіх людзей, хто гэтым захапляўся і ў гэта верыў, і вырасталі сапраўдныя патрыёты Радзімы. Як быццам, нічога адметнага, але прываблівае шчырасць інтанацый. Несумненна, гэта адзін з першых яго вершаў:

Быццам сад вясною, ты цвіцеш, краіна,

Пад яскравым сонцам слаўнага Крамля,

Расцвітаюць усюды ружы, бэз, 
                                                       вяргіня, —
Пяе, весяліцца радасна зямля.

Хіба мог лірычны герой Уладзіміра Ясючэні не радавацца, калі не толькі ў аднаго яго быў настрой, калі «пяе, весяліцца радасна зямля». Народ жыў «багата, весела, шчасліва», бо «знік і праваліўся бескультур’я след». Інакш і быць не магло, калі даражылі кожнаю хвілінай: «мы расцём, мужаем, творым новы свет». Свет гэты — тыя паўсядзённыя будні, якія і юны паэт вітаў:

На заводах нашых сталь ракою льецца,

Ля станкоў работа дружная кіпіць,

Каля школы ранкам дзетвара смяецца —

Як шчасліва й добра у краіне жыць!

Думкі, несумненна, выказаны правільныя. Канешне, у духу свайго часу. Аднак не трэба забываць, што гэта і быў такі час, які настройваў менавіта на такое ўспрыманне рэчаіснасці. Іншая справа, што пакуль Уладзімір Ясючэня з свайго юнага ўзросту, а ў асноўным з-за адсутнасці творчага вопыту, быў не ў стане перадаць гэта такім чынам, каб замест пэўнай апісальнасці канкрэтызаваць паэтычны малюнак якой-небудзь яркай дэталлю. А такое жаданне ў яго жыло. 

У гэтым, у прыватнасці, пераконвае верш «Ноч на рэчцы».

Поспеху спрыяе ўжо тое, што ў адлюстраванні паэтычнага малюнка ён пайшоў не ад сваёй аўтарскай фантазіі, хоць, безумоўна, для паэта гэта таксама важна. Вобразы яшчэ больш уражальныя, бо ўзяты з самога жыцця, падгледжаны на ўлонні прыроды з надыходам вечара. Лірычны герой, які сузірае змены ў наваколлі, сам апавядальнік. Гэта ён бачыць, як:

Кінуў месяц на рэчку святло.

Зблішчала, бы люстра, вада.

Каля поплава спала сяло,

Над вадою драмала вада.

Малюнак, праўда, пакуль яшчэ не разгорнуты. Прычына гэтаму ранейшая. У нечым недасканалае валоданне словам не дазваляла засяродзіцца на галоўным. Правільней, уражвае многае, але яно, наталяючы позірк, няздатнае спыніцца на чымсьці адным, каб, адштурхоўваючыся ад яго, падаць іншае. Малюнак уражвае, але ў нечым і скоўвае ўспрыманне:

Кучаравы славіў вербалоз

Бераг рэчкі — круглы, як абрыў…

Спала ўсё. Толькі вецер між лоз

Безумоўку шаптаў-гаварыў.

Тым не менш яго «шэпт-гаворка» не ў стане парушыць начны спакой прыроды. 

Палёт іскраў-метэораў

Як бы працяг твора — верш «На начлезе». Настрой лірычнага героя ў нечым блізкі самому спавядальніку, які любуецца начной цішынёй над рэчкай. Дзеліцца асацыяцымі, што найбольш уразілі яго. Але, відавочна, напісаўся пазней папярэдняга. Падставы для падобнага сцвярджэння — узбуйненне вобразаў, прытым яны ўжо не толькі зямныя ў сваёй аснове, а яшчэ больш сягаюць за межы нашай планеты:

Рассыпаліся ў небе зоры,

Нібы сярэбраны пясок.

Ўзлятаюць іскры-метэоры

І дрэмле месяц-каласок.

Толькі гэтая касмічнасць ніколькі не зацямняе тое зямное, што нязменна застаецца самым любым сэрцу і прымушае ўзірацца ў яго так, быццам усё гэта бачыш упершыню. Адсюль і асаблівая метафарычнасць: «туман валокны разаслаў», «на бабкі ў полі адзела пацеркі раса», «алешнік стыне над ракою», «звіняць музыкі-камары». А заключная страфа верша «На начлезе» — не толькі свайго роду водгулле ўбачанага на схіле ночы, якая ўжо хоча саступіць месца чарговаму дню, але і адчутага на завяршэнні начлегу. Гэта сведчанне назіральнасці Уладзіміра Ясючэні, што, як вядома, таксама важна для паэта:

Усход ружовасцю палае, 

І песню драч сваю вядзе…

Чакаць нядоўга — рассвітае,

Настане новы ў шчасці дзень.

Як і кожны ў яго ўзросце, ён не мог не пісаць і пра каханне. Можна здагадвацца, што верш «Прыйдзі на мілае спатканне», які захаваўся, не адзіны на гэтую тэматыку. Па ім відаць, што Уладзімір Ясючэня па-свойму выказваў тое, што на сэрцы, калі чакаеш спаткання з любай дзяўчынай:

Рака дыміцца ў тумане,

Шуміць над ветрам вербалоз.

Дзяўчынка, сэрца не трывож —

Прыйдзі на мілае спатканне.

У сваім аповедзе пра гэтага таленавітага юнака Мікола Гіль засведчыў: «Тая настойлівасць, з якой Валодзя наказваў у пісьмах з фронту берагчы яго сшыткі, — сведчанне, што пісанне вершаў было яго душэўнай патрэбай, што ён вельмі даражыў сваімі спробамі пяра і звязваў свой лёс з будучай сур’ёзнай літаратурнай працай. Хочацца думаць, што, каб не тая фашысцкая міна, якая абарвала яго жыццё на дваццатай вясне, сярод імён сённяшніх нашых паэтаў было б і імя паэта Уладзіміра Ясючэні — юнака (ён назаўсёды застаўся юнаком) з чыстай душой, гарачым сэрцам патрыёта і светлымі, высокімі помысламі».


У першым з захаваных лістоў Уладзіміра Ясючэні, напісаным родным 29 снежня 1944 года, ёсць і такія радкі: «Лёс вырашае жыццё. Хай загіну і я ў будучых рашаючых бітвах, але за кроў любімых братоў я клянуся сурова адпомсціць праклятым фрыцам…» 

Ён і адпомсціў. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.