Вы тут

У Мінску прайшоў вечар памяці Махтумкулі


Адлегласці паміж культурамі і літаратурамі Беларусі і Туркменістана не такія ўжо і малыя. Але так склалася, што ў значнай ступені яднае, нават цэментуе і збліжае іх творчасць класіка сусветнай паэзіі Вялікага Фрагі — Махтумкулі. З гісторыі добра вядомы факт, як ураджэнец Беларусі, дакладней — мядзельскіх Крывічоў, паэт, фалькларыст, славіст, усходазнавец Аляксандр Ходзька збіраў у першай палове XIX стагоддзя ў Каракумскім краі запісы туркменскага эпаса пра Гёраглы, а таксама вершы Махтумкулі, Кеміне. Пераклады твораў туркменскага класіка на беларускую мову з’явіліся ўжо ў другой палове XX стагоддзя. У 1983 годзе «Мастацкая літаратура» у серыі «Паэзія народаў СССР» выдала ўкладзены Алегам Лойкам зборнік Махтумкулі «Салавей шукае ружу». Перакладчыкамі твораў Фрагі ў розныя дзесяцігоддзі выступалі Максім Танк, Алесь Звонак, Уладзімір Шахавец, Рыгор Барадулін, Васіль Жуковіч... У 2014 годзе ў Мінску пабачыла свет кніга Махтумкулі «З кубка вечнасці мёд», большасць перакладаў для якой ажыццявіў Казімір Камейша. 


Вечар, прысвечаны 300-годдзю Вялікага Фрагі, у сталічным Доме літаратара арганізавалі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Пасольства Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь. Ганаровым госцем святочнай імпрэзы ў гонар 300-годдзя асветніка, філосафа, паэта быў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Назаргулы Шагулыеў. Выступаючы перад гасцямі і ўдзельнікамі вечарыны, ён расказаў пра масштаб ушанавання паэта ў роднай краіне, пра тое, што ў 1971 годзе помнік Махтумкулі ў Ашхабадзе зрабіў скульптар з Мінска Віктар Папоў. Лічыцца, што гэты твор мастацтва з’яўляецца адным з найлепшых твораў манументальнага мастацтва Туркменістана. Тады за аснову адлюстравання быў узяты партрэт Махтумкулі, створаны жывапісцам Айханам Хаджыевым у 1947 годзе. Сваімі развагамі пра стан беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў, пра ўспрыманне паэзіі Махтумкулі ў Беларусі ў гістарычнай перспектыве падзяліўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Ён адзначыў, што ў розныя дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя ў Туркменістане жылі, працавалі і беларускія літаратары — Васіль Ткачоў, Мікола Калінковіч, Міхась Карпенка, наведваліся ў Ашхабад і іншыя гарады Каракумскай старонкі Рыгор Барадулін, Барыс Мікуліч, Аркадзь Марціновіч, Генадзь Пашкоў, Алесь Бадак, Алег Лойка, Віктар Шымук...

Вершы Вялікага Фрагі чытаў і паэт і перакладчык Казімір Камейша. Кніга «З кубка вечнасці мёд» у многім нарадзілася дзякуючы яго творчым памкненням. Беларускі творца двойчы пабываў у Туркменістане. У Ашхабадзе ён атрымаў падрадкоўнікі, якія былі падрыхтаваны ў нацыянальным інстытуце рукапісаў. Сустрэчы з дасведчанымі спецыялістамі, пранікненне ў атмасферу туркменскай культуры, туркменскага жыцця паспрыялі высокай, самаахвярнай праніклівасці, дапамаглі напоўніцу адкрыць зробленае стагоддзі назад. За працу над перакладамі паэзіі Махтумкулі на беларускую мову Казімір Камейша быў адзначаны туркменскай дзяржаўнай узнагародай — медалём Махтумкулі. 

Выступілі на вечары ў гонар 300-годдзя з дня нараджэння Махтумкулі і перакладчыкі Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч. Гучалі ва ўтульнай тэатральнай зале Дома літаратара і вершы класіка на мове арыгінала, былі і туркменскія песні і танцы. Госці вечара, сярод якіх было шмат туркменскіх студэнтаў, што вучацца ў мінскіх ВНУ, пачулі і песні на словы Міхася Пазнякова, Яўгеніі Янішчыц у выкананні ансамбля «Мінскі гармонік». 

Творча, натхнёна вяла сустрэчу з неўміручай паэзіяй Вялікага Фрагі паэт, перакладчыца Іна Фралова. 

Настрой, які панаваў у зале Доме літаратара, дапамог і нараджэнню новых ідэй, новых задум. Пра гэта гаварылі і Назаргулы Шагулыеў, і Алесь Карлюкевіч, і галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Чарота... «На старонках нашага штотыднёвіка творчай інтэлігенцыі, — зазначыў Аляксей Іванавіч, — даволі сістэмна падаецца сучасная туркменская літаратура, з году ў год друкуюцца і вершы самога Махтумкулі ў новых перакладах. Вось і ў апошнія месяцы мы надрукавалі ў "ЛіМе" творы вядомага сучаснага празаіка Джумагельды Мулкіева, вершы такіх класікаў туркменскай паэзіі мінулага стагоддзя, як Керым Курбаннепесаў, Курбаназар Эзізаў. Іх творчасць старанна прачытвае па-беларуску Рагнед Малахоўскі...У нас неблагія стасункі з туркменскімі перыядычнымі літаратурна-мастацкімі выданнямі — газетай "Эдэбіят ве сунгат" ("Літаратура і мастацтва") і часопісам "Дунья эдэбіяты" ("Сусветная літаратура"), на старонках якіх друкуюцца творы беларускіх паэтаў і празаікаў... Мяркую, што наспеў час выдаць новыя калектыўныя зборнікі, якія будуць прадстаўляць па-беларуску ўжо сучасных туркменскіх паэтаў і празаікаў...».

Падсумоўваючы ўражанні ад вечара Махтумкулі ў Доме літаратара, Алесь Карлюкевіч заўважыў, што ёсць дамоўленасць аб правядзенні беларуска-туркменскага круглага стала ў гонар 300-годдзя Махтумкулі. У фармаце анлайн удзел у ім прымуць і туркменскія пісьменнікі і навукоўцы. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА 

Фота Віктара ІВАНЧЫКАЎ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.