Вы тут

Васіль Шаранговіч паўплываў на фарміраванне айчыннай графічнай школы


Калі пачаць шукаць адказ на пытанне: «Як становяцца народнымі мастакамі Беларусі?», то найлепшым адказам на яго будзе зварот да постаці Васіля Шаранговіча. Таму што ён выявіўся як таленавіты і плённы мастак-графік, як настаўнік і кіраўнік: шмат гадоў узначальваў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, пасля — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (стаяў ля вытокаў яго стварэння), шмат працаваў з моладдзю ў Беларускім саюзе мастакоў, сам выкладаў на кафедры графікі — паўплываў на фарміраванне айчыннай графічнай школы... Сёлета 85 гадоў з Дня нараджэння Васіля Пятровіча Шаранговіча, і яго згадваюць з удзячнасцю і вучні, і аматары мастацтва. Ды і тыя, хто любіць чытаць: як мастак ён ствараў ілюстрацыі да кніг пісьменнікаў, якіх мы называем класікамі беларускай літаратуры.


Фота: БелТА

Здаецца — уся біяграфія як на далоні. Але часам нейкая, здавалася б, нязначная рэч, можа змяніць адчуванне чалавека. Напрыклад, дакумент «Асабістая справа Васіля Пятровіча Шаранговіча», які быў пачаты ў 1955 годзе ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. Тонкая папка, без нейкіх асаблівых дакументаў за перыяд навучання, што сведчыць: усё было выдатна, без нейкіх нечаканасцяў ці эксцэсаў.

— Мне здаецца, што ён па жыцці быў выдатнік. Пра гэта сведчыць і адзін з дакументаў — школьнае пасведчанне, дзе ўсе адзнакі — «пяцёркі». Уступныя экзамены ў вучылішча — усё «выдатна». На мой погляд, гэта выхаваныя бацькамі адказныя адносіны да ўсіх спраў, якія б ён ні рабіў. Што дало яму магчымасць стаць не толькі народным мастаком, але і цудоўным арганізатарам. Для мяне гэта паказчык таго, як можна сумяшчаць абсалютна розныя рэчы: творчы парыў, працу ў майстэрні і даволі жорсткую рэгламентаваную адміністратыўную работу. Толькі гэта дазваляе стварыць у навучальнай установе ўмовы, у якіх будуць вырастаць значныя творчыя асобы, — тлумачыць Аляксандр Шантаровіч, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа імя А. Глебава, які скончыў Васіль Пятровіч. — Яго заўсёды цікавіла, што ў нас адбываецца. Ён быў чалавек надзвычай кантактны і добразычлівы. Васіль Шаранговіч — у першай лінейцы асоб, якімі мы ганарымся. 

А таксама радуемся, што маем працяг творчай дынастыі.

Яго ўнучка абрала творчасць і выкладанне сваёй прафесіяй. Пры тым, што ў яе дзядулі першапачаткова змагаліся дзве іпастасі — матэматыка і мастака — яшчэ са школы, потым ваганні працягваліся ў вучылішчы. То ён захапіўся шахматамі — а гэта матэматычнае майстэрства. Перад ім нават паўстаў выбар: ці сысці ў шахматы, ці застацца мастаком? А калі выбар быў зроблены, то парваў з шахматамі. Напэўна, каб не расцярушваць сілы. Але яго матэматычная сутнасць рэалізавалася ў сыне, які стаў праграмістам.

Цікава, што і ў іншых (асабліва ў вучнях) Васіль Шаранговіч цаніў неардынарнасць і разумеў, што шлях у мастацтва можа быць няпростым. Так здарылася, напрыклад, у Валерыя Славука, які з’яўляецца прафесарам кафедры жывапісу і графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Калі я паступаў, быў конкурс 8–12 чалавек на месца. А я прыйшоў без спецыяльнай адукацыі. Пасля трох гадоў арміі. Пасля работы на Жодзінскім аўтазаводзе ў цэху зборкі пярэдніх і задніх мастоў... Васіль Пятровіч прымаў экзамены пры паступленні, але ў адборачнай камісіі быў яшчэ прафесар Любамудраў. Паглядзеў «калякі-малякі», што я прывёз з сабой. Сказаў, што гэта цікава, але ж трэба яшчэ здаць экзамены, маўляў, можаш рызыкнуць... Тады экзамены праходзілі па-іншаму. Васіль Пятровіч не хацеў браць ката ў меху і доўга размаўляў з чалавекам. Я сканцэнтраваўся на экзаменах. Але пасля дайшло да кампазіцыі, дзе трэба было паказаць чалавека ў працы — а ў мяне быў такі досвед і армейскі, і працоўны, і ў сельскагаспадарчым тэхнікуме ў свой час вучыўся, ведаю, што такое работа ў калгасе, дзе я амаль год працаваў. Пачаў рабіць. Васіль Пятровіч падышоў, калі я працаваў над пятай ці шостай кампазіцыяй. Паляпаў мяне па плячы: «Ты ж глядзі, нікуды не з’язджай»... Мяне прынялі з умовай, што калі не замацуюся ў першым семестры, то каб ніякіх крыўдаў. І я ўцягнуўся. Атрымалася. І цяпер маю практычна ўсе званні, якія толькі могуць быць у Беларусі.

Згодна з успамінамі вучня, Васіль Пятровіч не быў «добранькім» прафесарам, а быў даволі строгім і патрабавальным выкладчыкам. Калі 
чалавек ленаваўся, то Васіль Пятровіч вызначаў, ці патрэбны ён наогул кафедры.

З моладдзю працаваў і калі стаў сакратаром у Беларускім саюзе мастакоў, падкрэсліла дачка Васіля Шаранговіча Наталля, якая з’яўляецца вядомым мастацтвазнаўцам: «Тое пакаленне — Шчамялёў, Вашчанка, іншыя асобы — людзі, якія фарміравалі беларускую мастацкую школу на мяжы 70-80-х гадоў. Але яны ніколі не пазбягалі грамадскай работы. Яны лічылі, што Саюз мастакоў — гэта арганізацыя, у якой могуць расці творчыя сілы. Ён пайшоў працаваць у Саюз, нягледзячы на тое, што ўжо працаваў як загадчык кафедры графікі, і сам пры гэтым хацеў рэалізоўвацца як мастак. Ён стаў сакратаром па моладзі. Маладзёжныя выстаўкі тады былі вельмі папулярныя. Моладзь неабходна было прыцягваць. На з’ездах кіпелі жарсці, ішлі актыўныя спрэчкі — усё пра мастацтва. А калі згадаць выстаўкі тых гадоў, то яны былі прысвечаны пэўным дзеячам культуры Беларусі. Творцы адкрывалі для сябе беларускую культуру і праз розныя сродкі мастацкай мовы выяўлялі Беларусь».

Васіль Пятровіч скончыў вучылішча як жывапісец, а ў тэатральна-мастацкім інстытуце вучыўся і далей рэалізоўваўся як графік. У Беларусі тады толькі пачала закладвацца на ўзроўні ВНУ кафедра графікі (на той час у СССР графікаў рыхтавалі наогул у выбраных ВНУ). А тут падарунак — адкрылася спецыяльнасць у Мінску. Мажліва, Васілю Пятровічу спадабалася магчымасць хуткага выказвання, тыражавання кніжнай ілюстрацыі, а калі стаў вучыцца, то яму вельмі спадабалася. Ён быў мастак, які валодаў усімі тэхнікамі графікі. Сам навучыўся і навучаў сваіх вучняў, што ў беларускай школе графікі было важна. Малюнак лічыў асновай любой школы. Па гэтым ацэньваў прафесіяналізм: умее чалавек маляваць ці не. Людзі, якія добра ведалі Васіля Шаранговіча, адзначаюць яго перфекцыянізм, які быў і рысай характару, і выяўляўся ў творчасці. Нездарма большасць яго знакавых работ знаходзіцца ў музеях.

Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, кажа, што з мастаком у іх склаліся вельмі цёплыя адносіны. Дзякуючы гэтаму ў фондах музея захоўваецца 108 мастацкіх прац Васіля Шаранговіча: 10 ілюстрацый да вершаў Якуба Коласа і серыя ілюстрацый да паэмы «Новая зямля». Гэта адна з самых запатрабаваных серый мастацкіх работ, што захоўваюцца ў музеі. «Ведаю, што Васіль Пятровіч з асаблівай любоўю ставіўся да творчасці Якуба Коласа. Вельмі тонка адчуваў хараство слова народнага Песняра, і тое, пра што пісаў Колас, было блізкае яго сэрцу. Напэўна, таму ў мастака атрымалася маляўніча, яскрава і рэалістычна перадаць тое, пра што казаў Якуб Колас. Нездарма ў кнізе „Новая зямля“, якая была выдадзена на трох мовах (беларускай, польскай і англійскай), былі выкарыстаныя яго ілюстрацыі. І ў 2014 годзе была выдадзена „Новая зямля“ на беларускай мове — таксама з ілюстрацыямі Шаранговіча. Гэтыя кнігі станавіліся падарункамі ганаровым гасцям, і цяпер іх знайсці немагчыма».

Цяжка ўявіць год, калі б мастацкія працы Васіля Пятровіча не выстаўляліся ў музеі Якуба Коласа. Яго ілюстрацыі да «Новай зямлі» ўдзельнічаюць у розных выставачных праектах музея не толькі ў Беларусі, але і за межамі. І, магчыма, здарыцца момант, калі серыя ілюстрацый да «Новай зямлі», якая складаецца з 95 работ, будзе выстаўленая цалкам…

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які сёлета адзначае 80-годдзе стварэння, таксама можа пахваліцца неблагой калекцыяй твораў Васіля Шаранговіча. Словы Купалы ён чуў з дзяцінства: маці ведала на памяць шмат вершаў і чытала іх сваім дзецям. Дыпломная работа Васіля Пятровіча ў тэатральна-мастацкім інстытуце была прысвечана творчасці Купалы. Ён стварыў ілюстрацыі значных паэм Песняра. 17 ілюстрацый з гэтай серыі папоўнілі фонды музея ў 2021-м — гэта быў падарунак аўтара. «Мастацкая „Купаліяна“ нашага музея самая багатая ў свеце: у фондах музея больш за 2000 работ, прысвечаных Янку Купалу, з іх 137 — творы Васіля Пятровіча Шаранговіча, — гаворыць галоўны захавальнік Купалаўскага музея Надзея Саевіч. — Ён змог улавіць сутнасць творчасці Купалы. А ў цэнтры ілюстрацыі „А хто там ідзе?“ сярод постацяў простых беларусаў, якія гатовыя змагацца за шчасце Айчыны, выяўлены бацька Васіля Пятровіча. Работы з нашага збору ўдзельнічаюць у розных праектах, якія ладзяцца з нагоды юбілею мастака. Адзін з іх — „Сны аб Беларусі“ — адбудзецца на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі краіны».

Шмат выставак сёлета прапануюць нам ацаніць творчую асобу Васіля Шаранговіча з розных бакоў. З 18 красавіка вялікая вялікую экспазіцыю прадстаўляе Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Выстаўлены класічныя работы мастака: серыя, прысвечаная паэме Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін», вялікая серыя «Памяці вогненных вёсак» і такія вядомыя творы, як партрэты Францыска Скарыны, Максіма Танка. Таксама малюнкі і акварэлі, што прысвечаны яго роднай Мядзельшчыне, Нарачанскаму краю (некаторыя з калекцыі сям’і мастака). Другая частка экспазіцыі прысвечана вучням Васіля Пятровіча: каля 70 графічных работ вядомых выпускнікоў акадэміі мастацтва, сярод якіх Мікалай Селяшчук, Валерый Славук, Віктар Александровіч... Калі склалі спіс усіх вучняў, то атрымалася чатыры старонкі імён тых, хто вучыўся ў розныя гады. Немагчыма было паказаць усіх, таму ёсць толькі выбраныя работы асобных аўтараў: каб паказаць, што ў добрага настаўніка ўсе вучні розныя. Яны могуць працаваць не толькі ў розных тэхніках, а нават у розных кірунках мастацтва, яны ўздымаюць розныя тэмы. Варта паглядзець, каб упэўніцца: у Беларусі была, ёсць і будзе цудоўная школа графікі. Куратар выстаўкі «Васіль Шаранговіч. Асоба. Мастак. Настаўнік» Аляксей Мацюшонак запэўнівае, што выстаўка прадстаўляе ўсе магчымыя тэхнікі, у якіх працавала кафедра графікі: лінагравюра, літаграфія, ксілаграфія, афорт, змешаныя тэхнікі, акварэль.

...Вялікі цыкл, створаны паводле Адама Міцкевіча, мастак таксама пакінуў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Дачка згадвае: праілюстраваўшы паэму Міцкевіча, якая была выдадзена, Васіль Пятровіч атрымаў прапанову ад варшаўскага нацыянальнага музея прадаць гэтыя творы ў Польшчу, але яго рашэнне было імгненным і адназначным: «Усё мае мастацтва павінна застацца ў Беларусі!»

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Творы-сны аб Беларусі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.