Вы тут

Адбыўся рэспубліканскі семінар з кіраўнікамі грамадскіх пошукавых аб’яднанняў


У семінары ўзялі ўдзел кіраўнікі грамадскіх пошукавых аб’яднанняў (клубаў, груп) нашай краіны, прадстаўнікі Міністэрства абароны, Генеральнай пракуратуры, абласных выканаўчых камітэтаў і горада Мінска, адказныя за арганізацыю працы па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн, супрацоўнікі абласных ваенных камісарыятаў і сталіцы, камандаванне 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі канкрэтныя дзеянні па кансалідацыі намаганняў дзяржаўных органаў, органаў выканаўчай улады і пошукавікоў грамадскіх арганізацый у рабоце па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн, вызначылі бліжэйшыя перспектывы развіцця пошукавага руху ў Беларусі, асноўныя кірункі і ўмовы ўзаемадзеяння грамадскіх пошукавых аб’яднанняў (клубаў, груп) з дзяржаўнымі арганізацыямі.


«Усенародны подзвіг — неад’емная частка нацыянальнай ідэі» 

Як звярнуў ўвагу памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі, актуальнасць сустрэчы, якая ўпершыню праводзіцца ў такім фармаце, дыктуе сам час. «Цалкам відавочна, што сёння гісторыя стала заложніцай вялікай палітыкі, дзе барацьба за гістарычную праўду, па сутнасці, з’яўляецца барацьбой за будучыню ўсяго свету, — падкрэсліў генерал-маёр. — Мы бачым, як у многіх заходніх краінах фальсіфікуецца гістарычная праўда аб падзеях Другой сусветнай вайны, масава разбураюцца помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, героямі абвяшчаюцца каты і забойцы. Усё выглядае так, як быццам не было ніколі прызнаных сусветнай супольнасцю вынікаў Другой сусветнай вайны. У краінах Балтыі, Украіне маршыруюць малойчыкі пад сцягамі дывізій СС, уладкоўваюцца факельныя шэсці, мацёрыя нацыяналісты без суда і следства спраўляюцца з тымі, хто не дае знесці помнікі воінам Чырвонай Арміі. А тыя, хто шануе памяць аб Вялікай Перамозе, з’яўляюцца ледзь не ворагамі нацыі». 

Па словах Леаніда Касінскага, беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя атакі і ўсемагчымыя фальсіфікацыі калектыўнага Захаду накіраваны таксама на разбурэнне гістарычнай памяці беларускіх грамадзян і наданне забыццю злачынстваў, учыненых нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў дачыненні да беларускага народа. «Падзеі ва Украіне наглядна дэманструюць, як скажэнне і перагляд гістарычнай праўды ў адносінах да падзей Вялікай Айчыннай вайны, літаральна за некалькі дзесяцігоддзяў прывялі да татальнай нацыфікацыі ўкраінскай дзяржавы і фактычнай страты незалежнасці Украіны, — тлумачыць ён. — У гэтых умовах праўда аб злачынствах фашызму служыць сур’ёзнай перасцярогай чалавецтву, а ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн набывае асаблівае маральнае значэнне. Для беларусаў, якія страцілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга, усенародны подзвіг з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай ідэі і падмуркам нашай дзяржаўнасці і грамадзянскай згоды».

Невыпадкова ў нашай краіне рэалізуецца палітыка, накіраваная на захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным мінулым беларускага народа. Важная роля ў гэтым працэсе адносіцца да дзейнасці ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл, 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна, прадстаўнікоў грамадскіх пошукавых аб’яднанняў. У тым ліку дзякуючы і апошнім наша гістарычная спадчына папаўняецца новымі артэфактамі, пошукавымі знаходкамі, якія з’яўляюцца носьбітамі праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. 

Аб маштабах гэтай работы сведчаць наступныя лічбы. У 2023 годзе ў правядзенні палявых пошукавых работ прынялі ўдзел 167 пошукавікоў з дзесяці пошукавых грамадскіх аб’яднанняў, атрадаў, клубаў. Раскопкі праведзены на больш як 60 пошукавых аб’ектах, падняты астанкі 481 ваеннаслужачага Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, адноўлены звесткі аб 35 з іх.

У плане палявых пошукавых работ — 123 аб’екты 

На бягучы пошукавы сезон, які пачаўся 26 сакавіка, — не менш амбіцыйныя задачы. Начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Сяргей Корнеў лічыць сімвалічным, што ён праходзіць пад эгідай 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Сёлета, улічваючы знакавую дату для нашай рэспублікі, ваенным ведамствам сумесна з органамі мясцовай выканаўчай і распарадчай улады будзе праведзена рэспубліканская патрыятычная пошукавая акцыя „Беларусь памятае: эстафета памяці“, дзе ў пэўны прамежак часу паэтапна сумесна з пошукавікамі грамадскіх аб’яднанняў будуць праведзены работы ў месцах бітваў, баёў па ўстанаўленні няўлічаных воінскіх пахаванняў», — удакладніў ён.

Усяго, па словах Сяргея Корнева, у рамках палявых пошукавых работ, якія пройдуць на тэрыторыі ўсіх абласцей, на месцах правядзення баёў запланавана адпрацаваць 99 аб’ектаў, на 24 аб’ектах палявыя пошукавыя работы будуць ажыццяўляцца ў межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Генеральнай пракуратурай.

Як расказаў кіраўнік следчай групы Генеральнай пракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа — начальнік упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Валерый Талкачоў, Генеральная пракуратура працягвае расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа. «Калі казаць пра бліжэйшыя планы, то органамі пракуратуры плануецца накіраванне шэрагу крымінальных спраў у суд у дачыненні да памагатых нацысцкіх злачынцаў па аналогіі з крымінальнай справай у дачыненні да Катрука, якая сёлета была разгледжана ў Вярхоўным Судзе, быў вынесены абвінаваўчы прысуд, — канкрэтызаваў ён. — Таксама працягваецца работа сумесна з Міністэрствам абароны па ўстанаўленні, пошуку новых, раней невядомых месцаў знішчэння і масавага пахавання мірнага насельніцтва, ваеннапалонных. Гэта работа прыносіць свае вынікі. Толькі ў мінулым годзе намі праведзена 40 такіх пошукавых мерапрыемстваў у розных месцах рэспублікі, сёлета плануем прыкладна столькі ж».

Валерый Талкачоў расказаў, што працягваюцца пошукавыя мерапрыемствы і ва ўрочышчы Уручча пад Мінскам. «Мы ўжо працуем там трэці год і пастаянна знаходзім новыя пахаванні мірнага насельніцтва і ваеннапалонных, — адзначыў начальнік упраўлення. — Дзякуючы рабоце пракурораў, 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны быў знойдзены жэтон чырвонаармейца. Мы прызначылі адпаведную экспертызу. Па выніках экспертных даследаванняў быў цалкам ідэнтыфікаваны надпіс медальёна і такім чынам усталяваны чырвонаармеец. Такім чынам, з забыцця вернута яшчэ адно імя — героя, чырвонаармейца, які трапіў у палон і быў такім жахлівым, варварскім спосабам знішчаны так, як і іншыя нашы ваеннапалонныя. Работа працягваецца. Думаю, што гэта не апошні салдацкі медальён». 

Маральны абавязак 

У апошнія гады дзейнасць па ўвекавечанні памяці ў нашай краіне істотна актывізавалася. У сувязі з гэтым актуалізаваліся новыя праблемныя пытанні, якія, па меркаванні Міністэрства абароны, патрабуюць комплекснага вывучэння і ўзгодненых рашэнняў. Адно з іх датычыцца дазволу членам грамадскіх пошукавых аб’яднанняў праводзіць разведку на мясцовасці і самастойна ажыццяўляць палявыя пошукавыя работы. У сувязі з гэтым у дзяржаўных органаў ёсць аб’ектыўныя асцярогі. Па-першае, пашырэнне правоў пошукавых грамадскіх аб’яднанняў можа спарадзіць людзей, якія новыя магчымасці будуць выкарыстоўваць у карыслівых мэтах. Па-другое, ажыццяўляць пошукавыя работы без падрыхтаваных ваеннаслужачых яшчэ і небяспечна — месцы баёў дагэтуль захоўваюць зброю і боепрыпасы. Таму ці варта рызыкаваць жыццём і здароўем людзей, якія на добраахвотных пачатках ажыццяўляюць палявыя пошукавыя работы, гэтым самым выконваючы ганаровую місію па пошуку зніклых без вестак і вяртанні іх імён. 

Як расказаў камандзір пошукавага атрада «Эстафета памяці» (Светлагорскі раён) Раман Цярэшчанка, за пяць гадоў, колькі існуе атрад, намаганнямі пошукавікоў падняты 851 баец Чырвонай Арміі. «У асноўным, працуем у Светлагорскім і Акцябрскім раёнах, — удакладніў ён. — За гэты час паднялі звыш 20 медальёнаў, ордэны, медалі. Устанавілі 18 імён. Таксама вядзём работу па ўстанаўленні імён, якія дагэтуль не былі ўвекавечаны на тэрыторыі раёна. Такім чынам, работа вядзецца па розных кірунках. Праводзім ўрокі мужнасці ва ўсіх школах раёна. Ва ўсіх школах раёна арганізаваны музеі, пакоі баявой славы. Пры Парыцкай сярэдняй школе створаны дзіцяча-маладзёжны пошукавы атрад. Дзецям гэта цікава. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх перапахаваннях». 

У пошукавым атрадзе «Эстафета памяці» — усяго сем чалавек. У кожнага з яго членаў нехта са сваякоў загінуў на фронце. У кіраўніка атрада падчас Вялікай Айчыннай вайны загінулі два яго дзяды. «Пошукавая работа — наш маральны абавязак перад памяццю сваіх блізкіх, іншых, хто загінуў, змагаючыся за Радзіму. Хто калі не мы?!», — падкрэсліў Раман Цярэшчанка.

Кіраўнік пошукавай групы «Бацькаўшчына» Аляксандр Дударонак расказаў, што грамадскае аб’яднанне ажыццяўляе пошукавую дзейнасць з лютага 1992 года. За гэты час зроблена нямала: падымаюцца астанкі байцоў, устанаўліваюцца іх імёны. Гэтаму папярэднічае вялікая работа з архіўнымі дакументамі, фотаздымкамі. Напрыклад, дзякуючы нямецкім фатаграфіям пошукавікі з дакладнасцю ўстанаўліваюць месцы пахаванняў байцоў Чырвонай Арміі. 

«Мы выкупілі шэраг фотаздымкаў, атрымалі іх копіі, выйшлі на гэтыя месцы, застаецца толькі з пошукавым батальёнам пераканацца, што там ляжаць нашы хлопцы, зафіксаваныя на нямецкіх фотаздымках, — заўважыў Аляксандр Дударонак і агучыў праблему, якая хвалюе пошукавікоў: — На жаль, каштоўныя сёння фотаздымкі ідуць міма тых структур, дзе яны сёння павінны знаходзіцца. Яны павінны захоўвацца ў архівах, музеях, а не ў прыватных калекцыях, недаступных тым, хто зацікаўлены ў захаванні гістарычнай памяці. Дзе ёсць магчымасць, мы выхопліваем гэтыя фотаздымкі. Дзе няма — імкнёмся атрымаць хаця б копію. Гэта таксама нітачка, за якую можна разматаць клубок гісторыі той ці іншай падзеяй, звязанай з нашай Беларуссю». 

У завяршэнні семінара прадстаўнікі Узброеных Сіл, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага архіва і пошукавых грамадскіх аб’яднанняў сталі ўдзельнікамі цырымоніі ўрачыстага старту рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае: эстафета памяці».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».