Вы тут

Шлях ад поля да талеркі


Талачынскі кансервавы завод славіцца не толькі смачнымі яблычнымі ды ягаднымі сокамі, нектарамі і віннай прадукцыяй, але і бульбай. А нядаўна на прадпрыемстве пачалі выпускаць паўфабрыкаты бульбы фры, таму ўжо наведвальнікі вядомых сетак фаст-фуду могуць быць запэўненыя ў тым, што гарачыя залацістыя долькі ад самай зямлі беларускія — натуральныя.


Зачын будучага ўраджаю

10 красавіка Талачынскі завод, уладальнік самага вялікага бульбянога поля краіны, прыступіў да пасадкі «другога хлеба». У ваколіцах вёскі Трацылава на плошчы з папярэдне нарэзанымі разорамі выйшлі чатыры пасадачныя агрэгаты, з кожным днём колькасць тэхнікі, задзейнічанай на пасадцы, павялічваецца. 

А такіх бульбасеялак у прадпрыемства дзесяць адзінак.

Сёлета аграрыі кансервавага завода будуць вырошчваць свой брэнд агародніны на плошчы ў адну тысячу гектараў. 

У бягучым годзе пасадку пачалі раней — гэтаму паспрыяла надвор’е: зямля на грэбні прагрэлася да 9-10 градусаў. Вырошчванне бульбы — няпросты тэхналагічны працэс, але вопытныя талачынскія працаўнікі ўсе этапы вывучылі даўно і давялі да аўтаматызму. Падрыхтоўка глебы пачалася з восені, своечасова ўнеслі калійныя ўгнаенні, гліфасаты і апрацавалі ад захворванняў пасадачны матэрыял. Цяпер, захоўваючы тэхналогію пасадкі, на палях гаспадаркі штодзень шчыруюць механізатары.

Акцэнт у бягучым сезоне зроблены на вырошчванні пяці сартоў як айчыннай, так і замежнай селекцыі: «Інаватар», «Гала», «Юлія», «Мастак» і «Чэленджар». Ва ўсіх — розныя групы спеласці, для завода важна як мага раней атрымаць першы ўраджай для вытворчасці бульбы фры. Менавіта пад іх у гаспадарцы адводзіцца пераважная частка палёў, невялікія плошчы разлічаны пад вырошчванне харчовых сартоў і бульбы на насенне.

Адначасова з пасадкай вядзецца ўзворванне, уносяцца фосфарныя ўгнаенні, наразаюцца барозны. У ліку тых, хто першым выйшаў на палі ў новым аграрным сезоне, — механізатар Яўген Шкуратаў. «Наша задача — справіцца ў аптымальныя тэрміны. Надвор’е хоць і радавала цяплом у пачатку красавіка, цяпер ноччу — „мінус“. Але тэхніка падвесці не павінна: сам узімку даводзіў да ладу пасадачны агрэгат», — дзеліцца настроем на сезон-2024 механізатар.

Новы падыход

Стравы з «другога хлеба» даўно сталі нацыянальнай «разынкай» беларусаў, але бульба фры да нядаўняга часу заставалася непакоранай вяршыняй. Гэту задачу нарэшце вырашыў менавіта Талачынскі кансервавы завод. У 2022 годзе тут запусцілі лінію па вытворчасці паўфабрыкатаў, магутнасць якой дазваляе выпускаць дзве тоны прадукцыі ў гадзіну.

Перафармаціраванне сусветных рынкаў паставак і лагістыкі ў 2022 годзе канчаткова падштурхнула прадпрыемства да таго, каб стаць буйным пастаўшчыком бульбы фры на экспарт і ўнутраны рынак, замясціўшы пастаўкі з-за мяжы. Ад ідэі да запуску лініі прайшло тры гады. Для вытворчасці пабудавалі новы цэх, замовілі ў шведскай кампаніі па выпуску абсталявання лінію. Стартаваў буйны і, як паказаў час, паспяховы праект 29 кастрычніка 2021 года.

Цікавы факт: асноўны сорт, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці бульбы фры, — галандскі «Інаватар», але і некаторыя экзэмпляры беларускай селекцыі цяпер рыхтуюць да перапрацоўкі. Для атрымання аптымальнай сыравіны завод працуе з навукоўцамі з Інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва НАН. Беларускія сарты, дарэчы, ідэальна падыходзяць для вытворчасці паўфабрыкату бульбы «па-вясковаму». Агародніну для вытворчасці паўфабрыкату трэба закладваць на захоўванне пры пэўнай тэмпературы — 8-9 градусаў, тады адбываецца правільны рэсінтэз крухмалу і цукроў.

Лупіну з бульбы на заводзе не зразаюць, а здымаюць парай пад ціскам у 22 атмасферы. Потым кожны клубень праходзіць кантроль, пасля сыравіна наразаецца трыма відамі ў залежнасці ад шырыні і даўжыні, якая патрабуецца. Пасля бульба двойчы праходзіць бланшыроўку, сушку і нарэшце апускаецца ў фрыцюр. Велізарная фрыцюрніца з 750 літрамі алею запякае бульбу за 60 секундаў пры 180 градусах. Потым долькі ахалоджваюцца і ідуць у шокавую замарозку пры мінус 20 градусах. Канчатковы пункт — фасоўка і адпраўка на склад, дзе такое кулінарнае вынаходніцтва можа захоўвацца да 12 месяцаў, але, падобна, доўга ляжаць у сховішчы яму не давядзецца. Адходы, якія застаюцца пасля вытворчасці, перапрацоўваюцца ў крухмал — з мінімумам фінансавых страт для прадпрыемства.

З пачатку 2024 года завод без малога ўжо выпусціў больш як 700 тон запатрабаванай прадукцыі. Спецыялісты асвоілі каля дзясятка найменняў бульбы фры і разнастайных бульбяных долек. Сёння Талачынскі кансервавы завод працуе практычна з усімі вядучымі прадпрыемствамі грамадскага харчавання і рознічнага гандлю Беларусі. Заключаны доўгатэрміновыя кантракты з замежнымі партнёрамі — прыкладна каля 50 працэнтаў вырабленых паўфабрыкатаў накіроўваецца на экспарт у Расійскую Федэрацыю. Пробныя партыі прадукцыі пастаўленыя таксама ў Абхазію і Казахстан.

У Год якасці прадпрыемства на дасягнутым не спыняецца. Цяпер вядзецца будаўніцтва сучаснага бульбасховішча на 20 тысяч тон. Там плануюць выкарыстоўваць новае тэхналагічнае рашэнне: пры тэмпературы 9 градусаў па камеры будзе распыляцца этылен, які перашкаджае прарастанню і псаванню клубняў.

Імпартазамяшчэнне ў самым прамым яго сэнсе. Выдатны прыклад талачынскіх аграрыяў паказвае, што для беларускага народа няма нічога немагчымага. А натуральная і якасная прадукцыя пад брэндам «Зроблена ў Беларусі» вядомая далёка за межамі нашай краіны і карыстаецца попытам. Яшчэ праз невялікі прамежак часу, заходзячы ў аб’екты грамадскага харчавання, можна будзе з упэўненасцю замаўляць духмяныя бульбяныя палачкі і атрымліваць асалоду ад нашага айчыннага фаст-фуду.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».