Вы тут

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе


Тэрмін «антыаксіданты» з’явіўся адносна нядаўна, але яшчэ ў антычнасці людзі высветлілі вопытным шляхам тое, што сёння пацвярджаюць навукоўцы: свежая зеляніна — важны кампанент здаровага рацыёну. Асабліва яна неабходная ў перыяд звычайнага для нашай кліматычнай зоны вясновага авітамінозу.


Зеляніна падтрымлівае імунітэт, дабратворна ўплывае на страўнікава-кішачны тракт, дапамагае арганізму ператраўляць і засвойваць тлустую ежу, умацоўвае сасуды і паляпшае настрой — невыпадкова дыетолагі паўтараюць, што падаваць яе на стол трэба пры кожнай трапезе. Але ўсе гэтыя якасці раскрываюцца, калі зеляніна свежая, сарваная непасрэдна перад ужываннем і не «перакормлена» нітратамі. Калі солей азотнай кіслаты ў глебе зашмат — пры вырошчванні ўгнаенняў сыпалі «ад душы» — менавіта зеляніна іх асабліва актыўна назапашвае, і яе біяхімічны склад, адпаведна, становіцца іншым: скарачаецца колькасць вітамінаў і мікраэлементаў, а замест карысці можна атрымаць парушэнне работы страўніка і кішэчніка, галаўныя болі і алергію. Як правіла, «выкрываюць» лішак нітратаў лабараторныя даследаванні менавіта ў парніковых зімовых гародніне-садавіне, а таксама ў ранняй вясновай зеляніне — то-бок якраз у тых вітамінах, што ўвесну першымі паступаюць у продаж. Лідзіруе па назапашванні солей азоту (тых самых нітратаў) парніковая радыска, ліставая салата, кроп, пятрушка і сельдэрэй.

Засцерагчы сябе ад нітратаў у маладой зеляніне наўрад ці атрымаецца, і распаўсюджаны народны спосаб — вымочванне ў содзе — зусім не панацэя. Зрэшты, солі азотнай кіслаты ёсць абсалютна ў любых раслінах, галоўнае, каб узровень нітратаў не перавышаў устаноўленыя нормы (адносна бясшкодны для здароўя максімум — 5 мг на кілаграм вагі чалавека). Таму купляць зеляніну лепш у крамах і на рынках, дзе ёсць лабараторны кантроль, а ў прадаўца — дакументы аб тым, што прадукцыя гэты кантроль прайшла.

Беларуская цыбуля, краснадарская радыска

Што да зялёнага асартыменту гэтай вясны, то ён сапраўды шырокі. Як кажуць, чаго душа пажадае: ад рукалы, «айсберга», кінзы, шпінату і рознага роду мікразеляніны (парасткаў сланечніка, буракоў, гароху, капусты і г. д.) да «класікі» нашых шырот — зялёнай цыбулі, ліставой салаты, кропу-пятрушкі. На сталічнай Камароўцы зеляніны шмат. Калі яшчэ пару тыдняў таму пераважала імпартная, то сёння падрасла і айчынная.

— Беларускай зеляніне даверу больш?

— Так. Некаторыя прадаўцы, напрыклад, пішуць на цэнніках што радыска — вытворчасці РБ, хоць па факце яна цяпер на Камароўцы ўся краснадарская, — распавядае прадавец Дар’я. — Калі будуць казаць, што беларуская — не верце.

— Цыбуля хоць беларуская?

— Цыбуля, кроп, пятрушка ўжо нашы, айчынныя. Свайго дабра нарасло, няма чаго вазіць аднекуль.

У радах з прыгожай выкладкай за цыбулю-пяро просяць ад 70 капеек да 1,20 за 100 г, беларускія кроп і пятрушка каштуюць 1,20-1,50 за той жа аб’ём. Свежая зеляніна ў асноўным пакуль з поўдня Беларусі — з Брэстчыны і Гомельшчыны. Краснадарская маладая радыска абыдзецца ў 3,50-4,90 за кіло ў залежнасці ад знешняга выгляду. Ліставая салата ў продажы пакуль імпартная — італьянская. Каштуе і зялёная і фіялетавая, з гарчынкай, сорту «Лола Роса» 1,80 за 100 г. Салата-латук таннейшая — рубель за той жа аб’ём. Іранская салата «айсберг» абыдзецца пакупніку ад 4,90 да 8,50 за кіло, сельдэрэй адтуль жа — 4,90 за кілаграм. Маладая капуста з Узбекістана, дарэчы, таннейшая за «айсберг» (3,50-3,80 за кілаграм) і здольна ў салаце яго замяніць. Калі вы любіце свежую кінзу, за 100 г давядзецца выкласці 3,50 (як за ўзбекскую, так і за беларускую), столькі ж каштуе 100 г рукалы.

На радах прыватнікаў гандлююць уласным першым ураджаем, і прадаўцы наракаюць, што зеляніны людзі сталі браць менш — дорага, ды і наогул пакупнікоў мала ў будні. Цэны ў прыватнікаў супастаўныя з «прыгожымі» прылаўкамі і нават крыху вышэйшыя. У сярэднім цыбуля-пяро па рублі за 100 г, кроп-пятрушка — па 1,50. Калі прыйсці бліжэй да вечара ў будні дзень, аддадуць за дзве траціны ранішняй цаны. Хоць не заўсёды і не ўсё, вядома: прыватніку ж трэба адбіць выдаткі на вытворчасць зеляніны і яе перавозку.

У сеткавых гіпермаркетах цэны на зеляніну адчувальна вышэйшыя. Зялёная цыбуля айчыннай вытворчасці ў сярэднім 1,36 за 70 г, хаця ёсць і варыянт 1,50 за 50 г; кроп, таксама беларускі, — тыя ж 1,36 за 70 г і 1,65 за 60 г; пятрушка вытворчасці РБ — ад 1,23 за 70 г да 1,51 за той жа аб’ём (на этыкетцы пазначана «фермерская»). Беларускі шпінат абыдзецца пакупніку ад 2,99 за 100 г да 3,79 за 70 г, хоць па выглядзе лісцікі аднолькавыя. Беларускі базілік гэтай вясной проста «залаты» — каля 3 рублёў за 30 г, даражэйшы нават за свежы размарын (1,97 за тыя ж 30 г). Салату «айсберг» прадаюць у гіпермаркетах па 11-12 рублёў за кіло, а самая банальная і звыклая ліставая салата абыдзецца ў 2,20-2,25 за 50 г.

Салата для лянівых

Асобная катэгорыя зеляніны з гіпермаркетаў — ужо гатовыя зялёныя салаты ў пачках, якія прадстаўнікі прадуктовых крам па ўсім свеце стабільна называюць адной з самых запатрабаваных катэгорый прадуктаў харчавання. Пры гэтым прадукт выклікае нямала спрэчак. Прынята лічыць, што ва ўжо нарэзаных салатах менш карысных рэчываў — вітамінаў і мікраэлементаў, — чым у цэлай ліставой гародніне і зеляніне. Акрамя таго, некаторыя перакананы, што такія салаты могуць быць небяспечныя з-за ўтрымання на лісці шкоднасных бактэрый, бо далёка не ўсе гаспадыні мыюць змесціва пачка, перш чым заправіць салату.

На справе абодва сцвярджэнні памылковыя, пішуць дыетолагі. Сапраўды, нарэзаная ліставая гародніна ў параўнанні з цэлымі качанамі або сцёбламі губляе больш карысных рэчываў. Але, з іншага боку, пакаванне спрыяе паніжэнню ўтрымання кіслароду вакол нарэзаных лісцікаў, а гэта не дае разбурацца таму ж вітаміну С ці фолійнай кіслаце. Што ж датычыцца наяўнасці хваробатворных бактэрый, яны прысутнічаюць на любой гародніне. Сучасныя тэхналогіі вытворчасці салатаў у пакаванні зводзяць гэтую рызыку да мінімуму, хоць усё ж дадаткова прамыць у друшляку салату перад запраўкай лішнім не будзе.

Так што рызыкі пры спажыванні нарэзаных салатаў у пакаванні ў спажыўца не ўзнікае. Затое карысць ад паўсюднага ўкаранення гэтага віду прадукту адзначаюць медыкі ў многіх краінах. Справа ў тым, што з папулярнасцю пакетаваных нарэзаных зялёных салат людзі сталі ўводзіць у сваё меню ў разы больш зеляніны. 

А значыць, іх харчаванне стала значна больш здаровым.

У гіпермаркетах прадстаўлены пераважна айчынныя салатныя сумесі. І гэта правільна: чым хутчэй ужо парэзаная зеляніна пападае на стол спажыўца, тым больш карысці прынясе арганізму. У ідэале гэты тэрмін не павінен перавышаць 24 гадзіны з моманту фасоўкі.

Адзіны мінус такіх салатаў для айчыннага спажыўца — цана. Яна адрозніваецца ў залежнасці ад складу салатнай сумесі: ад проста парэзанага «айсберга» (вытворца можа дадаць таксама нашынкаваную тонкімі слайсамі моркву) да 5-6 відаў зеляніны. Чым даражэйшыя інгрэдыенты, тым даражэйшая ў цэлым сумесь, але наогул дыяпазон цэн — ад 2,87 да 4,11 — 4,50 рубля, а вага зеляніны ў пакеце складае звычайна ад 110 да 150 г.

Сам сабе аграном

Ну, а калі вы ўсё ж асцерагаецеся «наесціся нітратаў», або вам шкада траціць гэтулькі грошай на «ўсяго толькі зёлкі», зеляніну можна вырасціць самастойна. Напрыклад, на агародзе: сёе-тое можа ўзысці ўжо цяпер. Напрыклад, шнііт-цыбуля, якая не баіцца замаразкаў. Або цыбуля-слізун, прыгожая і карысная: агароднікі кажуць, што яе ўраджай можна спажываць у салатах з ранняй вясны да позняй восені, «ад снегу да снегу». Яшчэ адна катэгорыя непатрабавальнай зеляніны — шматгадовая цыбуля-батун.

А наогул, у сувязі з цэнамі на маладую зеляніну шматлікія гаспадыні абзавяліся «садкамі зеляніны» на падаконніках ці на балконах. Форумаў «хатніх агароднікаў» у інтэрнэце шмат, як і парад па вырошчванні зеляніны і нават гародніны не выходзячы з дому. 

І, мяркуючы па іх колькасці, хатнія агароды — новая мода для ўсіх узростаў.

Напэўна, многія спрабавалі вырошчваць у кухні на падаконніку зялёную цыбулю, кроп і пятрушку. Вырошчванне больш нетрадыцыйных для нашых падаконнікаў культурных раслін патрабуе пэўных ведаў і вопыту. Але ў прынцыпе, калі не замахвацца на нешта вельмі ўжо незвычайнае, то вырасціць свежую зеляніну ў кватэры пад сілу нават агародніку-пачаткоўцу пры ўмове, што ён падыдзе да пытання ўважліва і добрасумленна. Так сцвярджаюць тыя, хто ўжо паспрабаваў і ў каго атрымалася. Шмат і тых, хто скардзіцца: маўляў, «выраслі тры сцябліны цыбулі і тры лісцікі салаты». Але, так ці інакш, паспрабаваць, напэўна, варта, хаця б са «спартыўнай цікавасці». Тым больш агульныя рэкамендацыі нескладаныя.

  • Для вырошчвання ў кватэры — на балконе, падаконніку або зашклёнай лоджыі — лепш выбіраць нізкарослыя і не галінастыя віды і сарты. Расліны, якія патрабуюць шмат месца, лепш «пасяліць» усё ж на дачным або прысядзібным участку. Зрэшты, ёсць людзі, якія расцяць на падаконніку не толькі цыбулю і кроп, але нават памідоры (часцей за ўсё чэры), агуркі, перац і патысоны. У гэтым выпадку трэба выбіраць сарты і гібрыды, створаныя спецыяльна для ўмоў кватэры (так-так, у нашы дні ёсць і такія, і іх нямала). Яны нізкарослыя і здольныя жыць у невялікай ёмістасці. У памідораў гэта, напрыклад, «Балконны цуд» ці «Татэм», агуркі для падаконніка — гібрыды «Вясна», «Бэбі міні», «Татоша» і г. д. Зразумела, усе яны не патрабуюць апылення: наўрад ці, калі наступяць цёплыя дзянькі, вас узрадуе суседства з роем пчол. Дома памідоры-агуркі вырошчваюць па класічнай схеме — таксама пачынаючы з расады ў асобных збанках.
  • Чым большы аб’ём мае ёмістасць, тым, адпаведна, больш грунту ў распараджэнні вашага «гадаванца» і тым лепш будзе адчуваць сябе расліна.
  • Для «агарода на падаконніку» не падыходзіць лясная глеба, зямля з поля. Нават зямля, узятая з агарода, не занадта ўдалы варыянт: агародны грунт можа ўтрымліваць зародкі шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб. Лепш набыць гатовы ўніверсальны грунт у краме.
  • Для паліву не выкарыстоўваецца вада з-пад крана. Ёй трэба даць адстаяцца.
  • Як і ўсе жывыя істоты, расліны розных відаў бываюць несумяшчальныя. Гэта трэба ўлічваць, вырашаючы, каго з кім «пасяліць» у адным кантэйнеры. У кватэры з зеляніны выдатна растуць, акрамя «класікі» — цыбулі, пятрушкі, кропу, ліставай салаты, — таксама маяран, арэгана, базілік, размарын (іх можна вырошчваць побач).

Тыя, хто захапляецца «агародніцтвам на падваконніку», часам вырошчваюць нават дастаткова нязвыклыя для нашых шырот зёлкі. Напрыклад, эстрагон: духмяныя лісточкі і маладыя тонкія сцяблінкі эстрагону — выдатная заправа пры кансервацыі салёных агуркоў і памідораў, а таксама пры квашанні капусты (капуста з эстрагонам набывае незвычайны водар і «хрусткасць»).

Вядома, калі сур’ёзна затлуміцца, прыйдзецца раскашэліцца на фіталямпу, падкормкі і многае іншае. Але пачаткоўцу-«агародніку на падаконніку» па мінімуме ўкласціся можна толькі ў ёмістасці (тут разбежка цэн вялікая, але ў сярэднім самы просты кантэйнер вы набудзеце рублёў за пяць), зямлю (ад 1,60 за 5 л да 6,5-6,8 за 25 л) і само насенне (хопіць аднаго пакуначка кожнай расліны — і за кожны вы заплаціце ў сярэднім рублі тры — тры з паловай). Ну, і, вядома, яшчэ давядзецца ўкласці працу і цярпенне. Затое як вынік намаганняў атрымаеце незвычайнае інтэр’ернае ўпрыгожванне, уласны ўраджай і дакладна чысты склад зеляніны.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Першыя вітаміны сезона

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.