Вы тут

Усе падрабязнасці ўступнай кампаніі ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы


На нядаўняй нарадзе аб стане і развіцці прамысловасці кіраўнік дзяржавы зноў узняў пытанне аб дэфіцыце працоўных кадраў: «Усё важна: інвестыцыі, тэхналогіі, якасць прадукцыі. Але важней за ўсё — кадры, кадры і яшчэ раз кадры. Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, недавучка загубіць справу». І падкрэсліў, што размова сёння ідзе не аб якасці падрыхтоўкі кадраў, а аб іх павальным дэфіцыце, асабліва рабочых.


Падняць прэстыж працоўнай прафесіі — задача няпростая. Над яе вырашэннем б’юцца кіраўнікі і спецыялісты не аднаго ведамства. Уключыліся ў гэтую работу і самыя зацікаўленыя ў прытоку маладых кваліфікаваных працоўных кадраў — прадпрыемствы і арганізацыі, якія ў гэтых кадрах адчуваюць дэфіцыт.

Якія прагнозы на гэты конт ва ўстановах адукацыі, як ідзе падрыхтоўка да ўступнай кампаніі, колькі патэнцыяльных кваліфікаваных кадраў гатовы прыняць на навучанне беларускія каледжы — аб гэтым размова з начальнікам упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрай Пятровай.

— Аляксандра Мікалаеўна, давайце пачнём з галоўнага. У Беларусі другі год дзейнічае Кодэкс аб адукацыі. Што змянілася з яго прыняццем для выпускнікоў дзявятых класаў і абітурыентаў каледжаў?

— Агульная адукацыя стала ўсеагульнай. У роўнай ступені для тых, хто вырашыў заканчваць 11 класаў, так і для тых, хто пакіне школьныя сцены і працягне адукацыю або на ўзроўні прафтэха, або сярэдняй спецыяльнай. У любым выпадку, паступаючы на аснове агульнай базавай адукацыі, навучэнец асвоіць адукацыйную праграму агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, разам з Кодэксам аб адукацыі была поўнасцю абноўлена структура спецыяльнасцяў і змест адукацыйных праграм.

— Колькі каледжаў на ўзровень ССА гатовы прыняць абітурыентаў у гэтым годзе?

— 162 установы ССА і 36 іншых устаноў адукацыі, якія таксама працуюць у сферы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — гэта філіялы ўніверсітэтаў, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, гімназіі-каледжы мастацтваў, вучылішча Алімпійскага рэзерву. План прыёму на 2024 год ужо сфарміраваны. І ён будзе амаль такі ж, як і сёлета. Праўда, мы ўнеслі карэкціроўкі па аб’ёме і структуры прыёму.

Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца ў параўнанні з мінулым годам і складзе амаль 29 тысяч чалавек. Колькасць платных месцаў прапарцыянальна скароцяць: замест леташніх 12,2 тысячы чалавек у 2024-м на ўмовах аплаты плануюць залічыць на навучанне 10,2 тысячы чалавек. На дзённую форму будзе значна большы набор на аснове агульнай базавай адукацыі — 19,9 тысячы чалавек, крыху менш на аснове агульнай сярэдняй — 6,8 тысячы чалавек. Таксама плануем на бюджэт прыняць 1,2 тысячы завочнікаў, з улікам прыёму па спецыяльнасцях кірунку адукацыі «Сельская гаспадарка» — 1,6 тысячы чалавек і каля трох тысяч завочнікаў на платнай аснове.

У правілах прыёму, якія ўступілі ў сілу ў 2024 годзе, павялічаны парог для прыёму на мэтавае навучанне. Раней мэтавікі складалі да 30% на ўсіх спецыяльнасцях, а па профілях «Сельская гаспадарка» і «Ахова здароўя» — да 60%. Цяпер па ўсіх спецыяльнасцях лічбы прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі павялічаны да 50 працэнтаў, па спецыяльнасцях сферы сельскай гаспадаркі і аховы здароўя ранейшы парог захаваўся.

— Сёння патрабаванні наймальнікаў не тыя, што былі 10–20 гадоў таму. На вытворчасці, у арганізацыях іншых сфер эканомікі чакаюць спецыялістаў прынцыпова новага ўзроўню.

— У гэтым годзе будзе ажыццяўляцца прыём па новых спецыяльнасцях ССА. Напрыклад, «Тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці», «Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі» з прысваеннем кваліфікацыі «Вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі 5-га разраду». Такім будуць навучаць ва ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій». «Эксплуатацыя сродкаў вымярэння» — такая новая спецыяльнасць з’явіцца сёлета ў філіяле «Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе» ўстановы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». Новая спецыяльнасць «Лабараторны аналіз» плануецца ва УА «Гомельскі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж». У цэлым па краіне ў 2024 годзе 16 устаноў ССА пашырылі на 17 пазіцый пералік спецыяльнасцяў, па якіх будуць ажыццяўляць падрыхтоўку.

Зменлівую патрэбу рэгіянальных рынкаў працы мы адсочваем пастаянна і хутка рэагуем. У бягучым годзе прыпынены прыём па кваліфікацыях прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пры гэтым адкрыта падрыхтоўка па 149 новых для асобных устаноў адукацыі кваліфікацыях.

Акрамя таго, сёлета ў каледжах уводзяць новую спецыяльнасць для прыцягнення да працоўнай дзейнасці маладых людзей з адхіленнямі ў здароўі — «Фларыстычны дызайн» з прысваеннем кваліфікацыі «Фларыст» трэцяга разраду.

— Якія спецыяльнасці найбольш папулярныя ў абітурыентаў?

— На ўзроўні ССА папулярныя спецыяльнасці, якія звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, сферай аховы здароўя, педагогікі. Расце папулярнасць тэхнічных спецыяльнасцяў для высокатэхналагічных галін. Традыцыйна высокі конкурс на спецыяльнасці сферы мастацтва, архітэктуры.

На ўзроўні ПТА больш як 70 працэнтаў абітурыентаў паступаюць на спецыяльнасці профілю адукацыі «Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны», яшчэ 13 працэнтаў — па профілі «Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя». У цэлым каля 75 працэнтаў у структуры падрыхтоўкі кадраў займаюць спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі. Хачу адзначыць, што сур’ёзных карэкціровак па наборы навучэнцаў па агучаных профілях у 2024 годзе не плануецца.

— Колькі каледжаў гатовы прыняць абітурыентаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі?

— У Беларусі прыём будуць ажыццяўляць 154 каледжы, тры філіялы ўстаноў вышэйшай адукацыі і філіял УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі».

Плануем прыняць у цэлым 26,8 тысячы чалавек: 25,7 — на дзённую форму, завочную — 300, вячэрнюю — 776 і дыстанцыйную —15 чалавек. Гэтыя лічбы, як і статыстыка гэтага года па ССА, крыху вышэйшыя за сто працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Дарэчы, сёлета мы працягваем тэндэнцыю павелічэння долі прыёму на аснове агульнай базавай адукацыі — дзесьці на 4,5 працэнта. Лічба невялікая, але рост паслядоўна адбываецца ўжо не першы год.

— Калі пачнецца прыём дакументаў?

— Сёлета каледжы будуць прымаць дакументы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай з 20 ліпеня да 3 жніўня за кошт сродкаў бюджэту. А таксама платнікаў, якія здаюць творчыя іспыты: на аснове агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з 20 ліпеня да 13 жніўня для любых катэгорый.

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём дакументаў пачынаецца 15 чэрвеня і працягнецца да 23 жніўня.

— У правілах прыёму нешта змянілася?

— Залічэнне абітурыентаў, як і раней, будзе праходзіць па конкурсе на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Па творчых і спартыўных спецыяльнасцях на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі неабходна здаваць адпаведныя ўступныя іспыты. Разам з тым з 2023 года адкрылася магчымасць ажыццявіць дадатковы набор на месцы, якія пасля залічэння абітурыентаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі засталіся вакантнымі. Таксама працягнецца практыка падаўжэння прыёму на ўзровень сярэдняй прафесійнай адукацыі да 15 верасня ў тых установах адукацыі, дзе навучальныя групы не ўкамплектаваны поўнасцю. Ёсць яшчэ адзін важны нюанс — з мінулага года таксама стала магчыма павялічыць колькасць прыёму абітурыентаў на найбольш запатрабаваныя ў эканоміцы краіны спецыяльнасці ў дзённай форме навучання. Для гэтага мы выкарыстоўваем інфармацыю, якую атрымліваем ад арганізацый — заказчыкаў кадраў. І калі па гэтай інфармацыі такая патрэба ёсць, павялічваем колькасць месцаў. У мінулым годзе такім чынам мы прынялі дадаткова 500 абітурыентаў.

— Што б вы пажадалі выпускнікам школ?

— У кожнага павінна быць мара. Дабіцца вышынь у кар’еры, стаць значным і паважаным — вынаходнікам або канструктарам, архітэктарам або аўтамабільным магнатам. Адважвайцеся! Але памятайце аб тым, што многія з прамыслоўцаў з сусветным імем зрабілі свой першы крок да поспеху і славы ў якасці рабочых. У нашай краіне для моладзі створаны ўсе ўмовы, каб ісці далей і наперад, развівацца і ўдасканальвацца. Галоўнае — зрабіць першы крок і знайсці сябе ў прафесіі.

І з прыземленага: самы доўгі працэс у падрыхтоўцы да паступлення — гэта праходжанне медкамісіі і атрыманне неабходных даведак. Так што не зацягвайце, прыступайце да гэтага загадзя.

Лічбы

У 2023/2024 навучальным годзе ў Беларусі навучаюцца 107,8 тысячы навучэнцаў 9-х класаў і 57,5 тысячы 11-х класаў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Загаловак у газеце: Крок да поспеху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.