Вы тут

У Віцебску актыўна рыхтуюцца адразу да некалькіх святаў


Сёлетні год для горада на Дзвіне напоўнены мноствам значных падзей і юбілеяў. Цяпер у Віцебску ўся інфраструктура актыўна рыхтуецца да 1050-годдзя горада, Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Фота з адкрытых крыніц

Нягледзячы на ўмовы надвор’я, якія рэзка змяняюцца ад красавіцкага цяпла да не па-вясноваму зімняй завеі, увесь горад падобны на адну вялікую будоўлю. А цэнтр, дзе размяшчаюцца значныя сацыяльныя аб’екты, паходзіць на мурашнік, у якім і днём і ноччу шчыруюць спецыялісты.

Зайграе фарбамі амфітэатр

Мадэрнізацыю галоўнай фестывальнай пляцоўкі — Летняга амфітэатра, які з’яўляецца сімвалам форуму мастацтваў, — плануюць правесці ў два этапы. Цяпер новае аблічча набывае закулісная прастора сцэны. Пасля «Славянскага базару» зоймуцца дахам над глядзельнай залай, заменяць полікарбанат, апрацуюць усе металаканструкцыі, установяць дэкаратыўную падсветку і новыя крэслы ў чатырох сектарах.

А вось у культурна-спартыўным цэнтры амфітэатра ўжо сёння поўным ходам вядуцца работы па дэмантажы лесвіц, даху, інжынерных сетак, каб да пачатку канцэртнага сезона гэты аб’ект звонку здабыў сучаснае аблічча. Таксама каля культурна-спартыўнага цэнтра, згодна з праектам, з’явіцца дзіцячы інтэрактыўны гарадок. А падчас правядзення буйных мерапрыемстваў тут плануюць арганізаваць фуд-прастору.

Самая вялікая плошча ў Беларусі

Плошча Перамогі, якая з’яўляецца самай вялікай у краіне і адной з найбуйнейшых у СНД, таксама сустрэне лета ў новым выглядзе. Там плануюць устанавіць унікальны для горада плоскасны фантан з падсветкай. Цяпер на плошчы вядуцца работы па прыладзе чар пад фантаны, манціруюцца падмуркі пад дзве помпавыя станцыі, пачынаюцца маналітныя работы па заліванні чары пад басейн. Далей на чарзе ўстаноўка фарсунак для фантанаў, якіх будзе 118, напрыканцы адновяць пліткавае пакрыццё.

Згодна з канцэпцыяй праекта, фарсункі будуць размешчаны групамі па тры рады з прамежкам у цэнтры для апраўлення візуальнай дамінанты — манумента «Тры штыкі». Максімальная вышыня бруй — пяць метраў. Фантан будзе дынамічным: колер бруй, іх вышыня і дынаміка змогуць змяняцца па запраграмаваных сцэнарыях, уключаючы тэматычныя святломузычныя праграмы для розных свят: Дня Перамогі, Дня горада, фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» і іншых.

На фасадзе цэнтральнага дома ўжо абнавілі надпіс «Подвиг советского народа бессмертен!», а некалькі дзён таму работнікі камунальных службаў паклалі на праспекце новае асфальтавае палатно.

Цэнтр культуры і дзелавых сустрэч

Будаўнічыя работы ў канцэртнай зале «Віцебск» выходзяць на фінішную прамую. З сярэдзіны мая пачнецца камплектацыя абсталяваннем і мэбляй. Памяшканні на трэцім паверсе ўжо гатовыя, там засталося толькі ўстанавіць сістэму кандыцыянавання. Аздабленне ў круглай зале і прылеглым да яе фае на 90 працэнтаў выканана. Дызайн памяшканняў будзе кардынальна адрознівацца ад ранейшага. У аздабленні выкарыстоўваюцца кампазітныя матэрыялы, шкло, у залах з’явіцца шмат люстэркаў, цікавае і яркае падсвечванне.

Да канца месяца аб’ект зайграе новымі фарбамі. З’явіцца таксама іншае дэкаратыўнае падсвечванне адміністрацыйнага будынка і пешаходнага мастка.

Толькі на рэканструкцыі канцэртнай залы будзе асвоена больш як 80 мільёнаў рублёў. Такую лічбу агучыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін на абласным штабе па падрыхтоўцы аб’ектаў да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Гістарычны брэнд у сучаснай апрацоўцы

Гасцініца «Віцебск», якае прымае гасцей з 1973 года, зменіцца да непазнавальнасці. Фасад будынка захавае першапачатковае аблічча, але да яго гістарычнага вобразу будуць дададзены яркія фарбы, выкананыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій — падсвечвання, аздаблення і вітражоў. З’явіцца новая зручная стаянка для аўтобусаў. Для яе будаўніцтва прыйшлося зрэзаць старыя дрэвы, аднак замест іх будуць зроблены кампенсацыйныя пасадкі. У выніку рэканструкцыі абновіцца ландшафтная арганізацыя тэрыторыі, зменіцца схема аўтамабільнага руху каля гасцінічнага комплексу.

Лагістыка руху гасцей у холе не зведае істотных змен, але дзякуючы навацыям стане больш зручнай. На цэнтральным уваходзе плануюць устанавіць дзверы рэвальвернага тыпу (аўтаматычныя дзверы круглай канструкцыі са створкамі, як пялёсткі вакол цэнтральнай восі). Абновіцца зона прыёму і рэгістрацыі гасцей. Хол напоўніцца сэрвіснымі аб’ектамі: банкаматам, кава-аўтаматам, цырульняй. Скароціцца колькасць, але павялічыцца грузападымальнасць ліфтаў: іх будзе два, яны змогуць адначасова развезці па паверхах 24 чалавекі.

Усяго да паслуг гасцей плануюць адкрыць 201 нумар на 290 месцаў. У тым ліку шэсць нумароў падрыхтаваны для прыёму асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Новаўвядзенне — нумары-студыі, дзе прадугледжаны невялікая кухня, гасцёўня, спальня, пашыраная ванная. Іх галоўная «разынка» — панарамныя вокны, дзякуючы чаму госці атрымаюць дадатковы бонус у выглядзе незабыўнага віду на старажытны горад і берагавую лінію Заходняй Дзвіны.

У перспектыве плануецца прайсці сертыфікацыю гасцінічных паслуг і пацвердзіць адпаведнасць патрабаванням катэгорыі «тры зоркі». Галоўнае, што пасля такой маштабнай перазагрузкі кошт пражывання не выйдзе за межы сярэдняга сегмента.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.