Вы тут

Магнолія зацвіла ў Гомелі


Палюбавацца прыгажосцю далікатных кветак экзатычнага дрэва можна на тэрыторыі Гомельскага праваслаўнага храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць». 


Вядома, што ўпершыню ў гісторыі горада над Сожам рэдкую аранжарэйную расліну для сваёй калекцыі выпісаў з-за мяжы былы ўладальнік Гомельскага палаца — князь Фёдар Іванавіч Паскевіч. Ён жа быў заснавальнiкам Зiмовага саду ў парку.

Прыхаджане гомельскага храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» дапамагаюць даглядаць за экзатычным дрэвам. Магнолія ўжо амаль на працягу дзесяці гадоў цешыць вока наведвальнікаў прыходу. Расцвітае арыстакратка расліннага свету ў красавіку і дорыць кветкавую тэрапію звычайна на працягу двух тыдняў. 

— У свой час у паломніцкай паездцы за мяжой настаяцелю царквы протаіерэю Вадзіму Качану былі перададзены парасткі гэтага экзатычнага дрэва. Іх пасадзілі каля храма, даглядалі іх, і, нягледзячы на тое, што магнолія не прыстасаваная да жыцця ў беларускім клімаце, яна прынялася. Першыя гады дрэўца даводзілася ўкрываць на зіму. Апошнія гады зімуе без ужо ўкрыцця і добра пераносіць нашы беларускія маразы, — распавяла прыхаджанка храма, сястра міласэрнасці Галіна Жытнік.

Па яе словах, гамяльчане прыязджаюць нават з другіх раёнаў горада, каб палюбавацца цвіценнем магноліі і сфатаграфавацца. Буйныя ружовыя кветкi не пакідаюць нікога раўнадушнымi. Лiсце актыўна пойдзе у рост пасля таго, як пялёсткі лягуць дываном вакол дрэва. 

У звыклых кліматычных умовах — Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы, Паўднёва-Усходняй і Усходняй Азіі, на астравах Суматра і Ява — магноліі растуць да чатырох метраў у вышыню. Гомельская прыгажуня прыкладна такая ж.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.