Вы тут

Пісьменніцкі суботнік каля Нацыянальнай бібліятэкі


Па традыцыі Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў красавіцкі суботнік ў Пісьменніцкім парку, які заснаваны па праспекце Незалежнасці побач з Нацыянальнай бібліятэкай краіны.


Пачынаючы з 2022 года, наладжана новая традыцыя — высаджваць імянныя дрэвы ў знак увагі да творчасці класікаў і сучасных літаратараў. Першым быў высаджаны дуб у сувязі з 85-годдзем народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца. Трэба заўважыць, што парк быў арганізаваны менавіта па яго прапанове і пры яго дзейсным удзеле. У 2023 годзе былі высаджаны дрэвы ў знак памяці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра, а таксама — у памяць пра народнага паэта Беларусі Пімена Панчанку. 

Восенню 2023-га Саюз пісьменнікаў Беларусі арганізаваў Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі. На чале са старшынёю Саюза пісьменнікаў Башкартастана Айгізам Баймхаметавым у Мінск прыехала прадстаўнічая дэлегацыя башкірскіх паэтаў і празаікаў. На многіх мерапрыемствах, у тым ліку і пры перадачы кніг башкірскіх пісьменнікаў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, згадвалася імя першай жанчыны-раманісткі Усходу — Хадзіі Даўлетшынай. Яна ў 1936 годзе наведвалася ў Мінск, удзельнічала ў пленуме Саюза савецкіх пісьменнікаў. У гонар пісьменніцы таксама было пасаджана дрэва ў Пісьменніцкім парку беларускай сталіцы. Цяпер, наведваючыся на экскурсію да бібліятэкі, мінчане і госці горада могуць адкрыць для сябе новае літаратурнае імя. 

А сёлетняй вясной дрэвы ў Пісьменніцкім парку саджалі разам з вядомымі паэтамі і празаікамі дзеячы культуры і мастацтва — вядомы акцёр тэатра і кіно, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, намеснік старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндаровіч, рэжысёр, кінадраматург Сяргей Гіргель, прадзюсар «Белроскіно» Аляксей Бязуглы і іншыя творчыя асобы. Былі пасаджаны, акрамя імяннога дрэва парламентарыя і акцёра Руслана Чарнецкага, дрэвы ў знак памяці народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914 — 1978), народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (1921 — 2004), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэта Міколы Мятліцкага (1954 — 2021). 

З просьбай пракаменціраваць падзею мы звярнуліся да Яўгена Арэндаровіча. І вось што пачулі ў адказ: 

— Супольная праца дзеячаў розных відаў мастацтва і культуры праявілася ў сённяшняй добрай справе. Сапраўды, чаму б перад вачыма сучаснікаў і нашых наступнікаў не павінны шумець галіны розных дрэў, якія нагадаюць усім, хто пажадае адпачыць у іх ценю, што ў гісторыі нашай культуры, у гісторыі Беларусі ёсць такія асобы, як Іван Шамякін, Мікалай Чаргінец, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка... Дарэчы, ведаю, што і Куляшоў, і Чаргінец, і Шамякін — літаратары, якія цесна звязаны з беларускім кінематографам. І таму мне асабліва прыемна ўдзельнічаць у сённяшнім суботніку!..

Да размовы з добрым настроем далучыўся і намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі перакладчык, публіцыст Аляксей Чарота

— Час паказвае, што наш Пісьменніцкі парк разрастаецца, набывае новыя абсягі. Мяркую, што тут некалі можна будзе праводзіць сапраўдныя літаратурныя экскурсіі. І веру, што праз некалькі гадоў мы разам з калегамі высадзім не адзін дзесятак дрэў у знак памяці пра народных пісьменнікаў Беларусі, пра любімых беларусамі аўтараў. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.