Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нам трэба вытрымаць, выстаяць і зрабіць усё неабходнае, каб утрымаць нашу краіну


Новы працоўны тыдзень — новыя пасады. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак разгледзеў кадравыя пытанні. Новыя кіраўнікі з’явіліся ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання і ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. 


«Трэба абараняць і развіваць сваё»

Сяргей Масляк — новы міністр прырордных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Да гэтага ён працаваў кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна была праведзена сур’ёзная нарада, прысвечаная выкарыстанню прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя. «Скажу проста: трэба капаць і шукаць. Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым напрамку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу — помнік можна ставіць у любым месцы», — паставіў задачу Прэзідэнт. Асабліва, паводле яго слоў, гэта датычыцца традыцыйных напрамкаў. Ёсць напрацоўкі ў здабычы мінеральных угнаенняў. «Але я не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты. У нас працуе адна кампанія, нядрэнная кампанія. Але канкурэнцыі няма», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Але, паводле яго слоў, трэба больш меркаванняў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў пільную ўвагу на ахову навакольнага асяроддзя. «Няма такога месца для жыцця людзей, якое падарыла нам, беларусам, прырода. І нам трэба гэта зберагчы. Я чалавек вельмі патрабавальны, які вырас у вёсцы, і я прывык беражліва ставіцца не толькі да жывёл, але і да раслін. Іх павінна быць болей. Шмат павінна быць. Вазьмі пад свой кантроль высаджванне дрэў на адхонах дарог, у няўдобіцах, канавах і гэтак далей. Усюды можа вырасці дрэва. А праз 80 гадоў гэта будзе добры лесаматэрыял, які змогуць скарыстаць нашы дзеці. Ды і нам гэта вельмі важна. Дрэва — гэта добрае паветра для дыхання людзей. Пасля балот лес з’яўляецца галоўным генератарам кіслароду на планеце. Таму ўсюды павінны быць высаджаны дрэвы, дзе толькі могуць расці», — паставіў задачы кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у гэтым напрамку трэба вельмі шмат працаваць.

Начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Яўген Каваленка назначаны міністрам юстыцыі. «Не мне табе тлумачыць, што такое юстыцыя і што такое міністэрства. Ты ўвесь час працаваў на адпаведных пасадах, асабліва ў апошні час у Адміністрацыі Прэзідэнта. Прыходзілася не проста сутыкацца, а збольшага кіраваць некаторымі працэсамі ў гэтым міністэрстве і сумесна па шматлікіх кірунках працаваць. Вельмі хачу, каб праца атрымалася», — наказаў новаму міністру кіраўнік дзяржавы.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў адрэкамендаваў Яўгена Каваленку як надзейнага чалавека, які добра праявіў сябе пры падрыхтоўцы важных нарматыўных прававых актаў.

«Адразу хачу сказаць, што міністэрства няпростае, з аднаго боку. З іншага боку, там чалавек ненадзейны (як кажуць „наш, не наш“) чужы чалавек працаваць не зможа. Ты гэта лепш за ўсіх ведаеш, таму што не проста сутыкаўся, а разам працавалі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова назначана кіраўніком ведамства. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці не баіцца яна гэтай працы. «Стандартызацыя для нас — пытанне сур’ёзнае. У тым ліку, гэта звязана і з абаронай нашага рынку, — сказаў Прэзідэнт. — Мы не павінны забываць, аб тым, што нам трэба абараняць і развіваць сваё». 

Тэрыторыі адказнасці 

Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пераважнай больнасці з іх давядзецца ўдзельнічаць у выпрацоўцы глабальных, стратэгічных рашэнняў нашай дзяржавы — чым будзе займацца Усебеларускі народны сход. «Таму мы яшчэ сур’ёзна пагаворым па асобных праблемах. Ды і ўвесь народ пачуе аб тых праблемах, якія сёння стаяць перад намі і якія трэба будзе нам у бліжэйшы час вырашаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вам трэба будзе кіраваць немалымі калектывамі. У вашу зону адказнасці ўваходзіць пэўная тэрыторыя. Прашу не забываць, што вы „прэзідэнты“ на гэтых тэрыторыях — у гарадах ці ў раёнах гарадоў, раённых цэнтрах. Работа будзе няпростая: год палітычны (вы гэта выдатна ведаеце), і многія пытанні давядзецца вырашаць».

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на самую важную на сёння тэму для раёных цэнтраў — на пасяўную кампанію і ў цэлым на сельскую гаспадарку. Ён адзначыў, што надвор’е стаіць адносна нядрэннае. Аднак, цалкам магчыма, што вялікая колькасць ападкаў можа прывесці да засушлівага лета. «Трэба да гэтага рыхтавацца. Таму кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну нам трэба бачыць і своечасова ўсё зрабіць. І гараджане павінны падключыцца і дапамагчы. Нам трэба сёлета не проста сябе забяспечыць на будучы год, але і зрабіць задзел на будучыню» , - акрэсліў задачы Прэзідэнт.

Цікавым варыянтам кіраўнік дзяржавы назваў пераход Ігара Бурмістрава з пасады памочніка камандуючага ўнутранымі войскамі — начальніка ўпраўлення мабілізацыйнай падрыхтоўкі і тэрытарыяльнай абароны на пасаду старшыні Наваполацкага гарвыканкама. «Ведаю, што ты і сам у гэтым зацікаўлены. Для мяне вельмі цікавы такі варыянт. Ваенныя людзі ў дастаткова маладым узросце заканчваюць службу (і армейцы, і ўнутраныя войскі, і іншыя), і адседжвацца дома — гэта неяк не для іх. Я перакананы, што ваенныя людзі справяцца і з цывільнай работай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым, ён заўважыў, што Наваполацк няпросты рэгіён. «Я вельмі чакаю, што вы ўвойдзеце ў курс справы і возьмеце пад кантроль усё, што датычыцца функцыянавання прадпрыемстваў і людзей, і я буду чуць толькі добрае аб вашай рабоце. Але абавязкова пабуду ў Наваполацку, пагляджу на гэты варыянт кадравага прызначэння», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да новага кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Аляксея Васючэнка, які раней працаваў кіраўніком спраў Гомельскага гарвыканкама, Прэзідэнт заўважыў, што ў Гомелі сёння нямала праблем. «Трэба падключацца да сельскай гаспадаркі перш за ўсё: у нас больш за ўсё праблем там. І, нягледзячы на гарадскія клопаты, вам трэба будзе працаваць і там», — падкрэсліў ён.

За сацыяльную сферу Магілёўскай вобласці цяпер будзе адказваць Алег Стэльмашок, узгоднены на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Новы кіраўнік з’явіцца і ў Касцюковіцкім райвыканкаме — на гэтае месца ўзгоднены Вячаслаў Максачоў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вельмі добра ведае гэты раён. «Касцюковічы і іншыя раёны ажыццяўляюць маю пэўную задуму па развіццю ўсходу Магілёўскай вобласці, якую таксама ў свой час падвергнулі чарнобыльскай атацы. Пажадана, каб Касцюковічы былі паказальным раёнам», — адзначыў ён. 

«Увогуле, мужыкі, працы хапае. Я не магу сказаць, што яе будзе менш. І сітуацыя не будзе прасцейшай. Будзе складаней, можа быць, чым цяпер. Але, як у нас кажуць, час выбраў нас, не мы яго выбіралі. Таму нам трэба вытрымаць, выстаяць і зрабіць усё неабходнае, каб утрымаць нашу краіну. Як я гавару, дайце эканоміку. Дадзіце эканоміку — астатняе я гатовы ўзяць на сябе», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Дзмітрыя Кадргулава старшынёй Бераставіцкага райвыканкама, Сяргея Мядзвецкаса — старшынёй Астравецкага райвыканкама. Аляксей Жураўлёў узначаліў Глускі райвыканкам. Андрэй Болтрык прызначаны кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. Сяргей Лукашэвіч цяпер першы намеснік міністра замежных спраў. Юрый Горбіч — першы намеснік міністра аховы здароўя, а Аляксандр Старавойтаў — намеснік міністра аховы здароўя. Святлана Нячай — намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрачом Беларусі. Вольга Рыбаключава — дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.

У тэму 

Павышэнне якасці працы, клопат адб людзях і ўкараненне навацый

Прызначэнцы падзялілся з журналістамі сваімі планамі на новых пасадах. Каментуючы сваё назначэнне, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк заўважыў, што ў Беларусі магчымы такія выпадкі кар’ернага росту, калі спецыяліста ацэньваюць па яго прафесійных якасцях. «Звычайны хлопец, які вырас у звычайным раёне, у маім выпадку — Заводскім, прайшоўшы пэўны этап у сваім жыцці, можа дабіцца вынікаў, дзякуючы сваёй працы. А ўжо ацэнка маёй працы — справа вышэйстаячага кіраўніцтва», — сказаў ён. 

Новы міністр юстыцыі Яўген Каваленка расказаў, што ў ведамстве будзе працягнута работа па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Размова ідзе пераважна аб падзаконных актах, рашэннях рэспубліканскіх ведамстваў і мясцовых органаў улады. «Таксама стаіць пытанне аб павышэнні якасці нарматворчай дзейнасці, павышэнні аператыўнасці падрыхтоўкі праектаў дакументаў па важнейшых для краіны пытаннях», — сказаў ён.

Як адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова, акцэнт у рабоце яе ведамства будзе зроблены на абароне ўнутранага рынку, зніжэння бар’ераў допуску прадукцыі ў іншыя краіны, абароны ад небяспечнай прадукцыі з трэціх краін, аказання дапамогі айчынным вытворцам для допуску на рынкі іншых краін. «Механізмаў забеспячэння якасці і бяспекі дастаткова. Яны павінны проста працаваць ва ўзаемасувязі ў нашых інтэграцыйных утварэннях. Гэта і Саюзная дзяржава, і Еўразійскі эканамічны саюз, і СНД. На гэтых пляцоўках мы прасоўваем і работы па тэхнічным рэгуляванні, і абарону нашых вытворцаў, вырашэнне тых ці іншых праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць», — сказала Алена Маргунова. Яна паведаміла, што Дзяржстандартам замацаваны абавязак курыраваць складанне і аналіз рэалізацыі рэспубліканскага плана Года якасці. Па словах Алены Маргуновай, вынікі гэтай працы за першы квартал радуюць. «Усе нашы суб’екты гаспадарання ўключыліся ў такую работу, дзе кожнае мерапрыемства нясе за сабой пэўныя алічбаваныя паказчыкі, якія выконваюцца», — сказала старшыня Дзяржстандарту. 

Старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей Мядзвецкас падкрэсліў, што няглядзячы на тое, што візітная картка Астравецкага раёна — Беларуская атамная станцыя, неабходна на высокім узроўні развіваць і іншыя напрамкі. Па яго словах, у першую чаргу, трэба звяртаць увагу на нарошчванне паслуг у галіне сацыяльнай інфраструктуры. «Так, у нас сучасныя аб’екты аховы здароўя, школы. Разам з тым гэта трэба падтрымліваць у належным стане. Важна ўлічваць і прапановы грамадзян для развіцця рэгіёна. Трэба памятаць, што Астравец — гэта горад для людзей, а не людзі для горада», — сказаў ён. Сяргей Мядзвецкас звярнуў увагу і на аграры сектар, дзе хапае задач, якія патрабуць вырашэння. «У нас ёсць разрыў паміж заработнымі платамі. Калі гаворым пра атамную электрастанцыю, там сярэдняя зарплата ад чатырох тысяч рублёў і вышэй, на вёсцы — 1400. Таму, адназначна, трэба адшукваць рэзервы, магчымасці для далейшага павышэння зарплаты і прыцягнення кадраў на вёску», — перакананы кіраўнік райвыканкама. 

Старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Вячаслаў Максачоў заўважыў, што Прэзідэнт быў у Касцюковічах неаднаразова, добра ведае гэты раён. Таму адно з даручэнняў ад кіраўніка дзяржавы — зрабіць Касцюковічы лакаматывам паўднёвага ўсходу краіны. «Трэба надаць асаблівую ўвагу стварэнню прадпрыемстваў, рэалізацыі задачы „Адзін раён — адзін праект“. Касцюковічы — гэта прамысловы раён. У нас ёсць Беларускі цэментны завод, гэта наша горадаўтваральнае прадпрыемства. Але неабходна ствараць і іншыя прадпрыемствы. У нас ёсць такія праекты, мы зараз над імі працуем, і яны будуць рэалізаваны ва ўстаноўленыя тэрміны. У прыватнасці, гэта праект па выпуску металавырабаў з тонкаліставога металу», — сказаў Вячаслаў Максачоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.