Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Архангельская вобласць — даўні і вельмі надзейны партнёр Беларусі


Першым прамым авіярэйсам з Архангельска ў Мінск прыляцела ўрадавая дэлегацыя Архангельскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Цыбульскім. Самае важнае мерапрыемства ў насычаным графіку дэлегацыі — сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. 


Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі знакавым, што са сваім першым візітам у якасці кіраўніка рэгіёна ў Беларусь Аляксандр Цыбульскі прыляцеў першым прамым авіярэйсам Архангельск-Мінск. «Добры пачатак. І для бізнэсу, для людзей з аддаленых куткоў Расіі прыехаць у Беларусь, і не толькі пазнаёміцца з Беларуссю, але і атрымаць адпаведныя санаторна-курортныя працэдуры, — сказаў ён. — У нас вельмі шмат расіян бывае. Мы змагаемся за першае-другое месца сярод расійскіх грамадзян па наведвальнасці замежных краін. Хаця я лічу, што для Расіі Беларусь ніколі не была замежнай дзяржпавай». 

«Архангельская вобласць — даўні і вельмі надзейны партнёр Беларусі. Мы пакуль не дасягалі завоблачных лічбаў у тавараабароце, але ўсё наперадзе. Бо з 2020 года ідзе планамернае павелічэнне аб’ёмаў узаемнага гандлю. Пяць гадоў назад мы казалі аб дасягненні максімальнага на той момант абмену таварамі ў памеры 46 мільёнаў долараў. Але ўжо ў 2023 годзе намі ўстаноўлены новы рэкордны вынік — амаль 85 мільёнаў долараў тавараабороту», — сказаў Прэзідэнт. Ён назваў выдатным тое, што ў пачатку гэтага года захоўваецца станоўчая дынаміка. Тавараабарот павялічыўся амаль у тры разы — да 27 з паловай мільёнаў долараў. Пры гэтым апераджальнымі тэмпамі вырас імпарт з Архангельскай вобласці — у 4,6 раза, практычна да 22 мільёнаў долараў. Беларускі экспарт расце больш сціплымі тэмпамі — усяго на 7,7 працэнта. «Але мы, вядома, настроены рашуча, і думаем, што падяцягнемся яшчэ ў бліжэйшы час», — заўважыў беларускі лідар.

Ён спыніўся на галоўных напрамках і перспектывах супрацоўніцтва з Архангельскай вобласцю.

Першае. Машынабудаванне

«Флагманскі напрамак — экспарт тэхнікі БЕЛАЗ, якая сябе выдатна зарэкамендавала, у тым ліку ва ўмовах Крайняй Поўначы. Сёння актыўна вядуцца перагаворы па пастаўцы партыі кар’ерных самазвалаў для Першай гарнаруднай кампаніі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Наступны блок — пасажырскі транспарт. «Мы ўдзячны за выбар сучасных аўтобусаў МАЗ для маштабнага перааснашчэння перавозак у сталіцы вашага рэгіёна», — падкрэсліў беларускі лідар. Агульная пастаўка ў канцы 2022 — пачатку 2023 года склала 150 машын. «Гарантыйнае і постгарантыйнае абслугоўванне для беларускіх вытворцаў — прыярытэтная задача. Ведайце, што ўсе недахопы, якія могуць быць выяўлены падчас эксплуатацыі, будуць выпраўлены неадкладна», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што беларускія прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у арганізацыі абслугоўвання тэхнікі на месцах: «Калі трэба будзе, мы сваю тэхніку будзем абслугоўваць самі. Мы можам паставіць некалькі інжынераў і набраць у вас людзей. Мы іх навучым, і яны будуць пад кіраўніцтвам нашых інжынераў абслугоўваць тэхніку, якую мы вам будзем пастаўляць».

Важным пытаннем з’яўляецца лесанарыхтоўчая тэхніка. Архангельская вобласць з’яўляецца адным з ключавых лясных рэгіёнаў Расіі. «Тэхніка „АМКАДОР“ у вас працуе, аднак некаторыя ўсё яшчэ арыентуюцца на машыны з недружалюбных краін. Прывозяць запчасткі па шэрых схемах утрая даражэйшыя, а то і ў пяць разоў даражэйшыя, разбіраюць па вінціках зламаныя асобнікі. Гэта неэфектыўна. Ужо сёння ў Петразаводску рэалізуецца ўнікальны праект. Ствараецца першае ў Расіі вытворчасць лясных машын „Амкадор“. Галаўное прадпрыемства ў Мінску і „Амкадор-Анега“ ў Карэліі зараз адточваюць якасць і падладжваюцца пад запыты менавіта расійскага пакупніка. Спадзяюся, у архангельскіх лесанарыхтоўшчыкаў вельмі хутка будзе цікавасць да новай саюзнай тэхнікі. Прашу вас падтрымаць гэты важны і выгадны праект для нас і вас», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Другі напрамак. Мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў

Перш за ўсё размова аб лесаперапрацоўчых, суднабудаўнічых, суднарамонтных магутнасцях. «Па беларускія сучасныя станкі і абсталяванне сёння, на шчасце, выстраіліся чэргі да канца 2024 года. Але рэзервы ў нас ёсць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У бліжэйшы час расіянам трэба будзе вырашаць пытанні, звязаныя з істотным нарошчваннем перавозак па Паўночным марскім шляху. Для гэтага неабходна будаваць судны ўзмоцненага лядовага класа. Нам гэтая тэма таксама актуальная». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэтая тэма актуальная не толькі таму, што беларусы могуць быць карысныя для будаўніцтва суднаў. Беларусі вельмі важна асвоіць Паўночны марскі шлях, па якім можна перавозіць дзясяткі мільёнаў тон грузаў. Калі прымаць да ўвагі, што ў сувязі з санкцыямі заходнія краіны закрылі свае порты — пытанне архіважнае. «У нас застаецца таксама як і ў Расіі паўночны, паўночна-усходні напрамак і іншы. Таму для нас вельмі важна асвоіць Паўночны марскі шлях. Мы свае тавары ў невялікай колькасці паспрабавалі пастаўляць па гэтам шляху, асабліва ў Кітайскую Народную Рэспубліку, на Далёкі Усход Расіі. Гэта вельмі выгадны для нас шлях. Таму для нас будзе вельмі вялікая цікавасць працаваць з Архангельскай вобласцю. Магчыма, мінуючы порты, якія мы ствараем пад Ленінградам і Мурманскам, напрамую ў вашы порты. Думаю, ў бліжэйшы час мы вызначымся, як быць», — падсумаваў Прэзідэнт.

Трэці напрамак. Лагістыка і транспарт

Аляксандр Лукашэнка назваў стратэгічнай задачай для Беларусі знайсці новыя магчымасці для перавалкі экспартных грузаў. «Мы ведаем спецыфіку партовай інфраструктуры Архангельска. Яна не прызначана, на жаль, для нашага галоўнага экспартнага прадукту — калійных угнаенняў. А гэта 15 мільёнаў тон у бліжэйшы час. Ваша спецыялізацыя — кантэйнеры, генеральныя грузы. У гэтым вы можаце быць цікавыя нашым вытворцам лесу і металапрадукцыі. Але канкурэнцыя ў дадзеным пытанні вострая, у тым ліку на Паўночным Захадзе. Эканоміка перавозкі на першым месцы. Таму мы гатовы працаваць разам, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Архангельск традыцыйна з’яўляецца адной з апорных кропак для Паўночнага завозу. Ваш рэгіён — вузел перавалкі грузаў, у прыватнасці будаўнічых матэрыялаў для буйных аб’ектаў па здабычы карысных выкапняў у Арктычнай зоне». Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў бліжэйшых планах — развіццё Архангельскага транспартнага вузла для больш актыўнага ўключэння ў засваенне Паўночнага марскога шляху. Па яго словах, Беларусь і Архангельская вобласць тут таксама могуць быць карысныя адна адной. 

Чацвёрты напрамак. Жыллёвае будаўніцтва

У Архангельскай вобласці вырашаецца важная сацыяльная задача па перасяленні людзей са старога жылля. «Вы апярэджваеце прыкладна на год гэту праграму. Хоць аб’ём работ немалы. Думаю, што ў пастаўках будаўнічых матэрыялаў, ў дапамозе будаўнікамі ў пэўным аб’ёме мы таксама маглі б прапрацаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Пяты напрамак. Навукаёмістыя, імпартазамяшчальныя праекты на моцнай рэгіянальнай базе

Перспектыўная сфера, па словах беларускага лідара, — распрацоўка тарфяных радовішчаў з наступнай вытворчасцю высокатэхналагічных прадуктаў, такіх як рэгулятары росту раслін, актыўныя кармавыя дабаўкі для сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, нафтаздабычы. У Беларусі вырабляецца ўсё неабходнае абсталяванне для здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэта далёка не поўны пералік сфер для партнёрства Беларусі і Архангельскай вобласці. Ён прапанаваў абмяркоўваць не адзінкавыя праекты, а адразу план дзеянняў, «дарожную карту», пакетны падыход па кожным кірунку. «Праз год ці два зможам падвесці вынікі праведзенай працы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

У Беларусі і Архангельскай вобласці вялікі патэнцыя для ўзаемадзення

У сваю чаргу Аляксандр Цыбульскі падзякаваў за прыём. Ён расказаў, што ў складзе дэлегацыі Архангельскай вобласці — прадстаўнікі выканаўчай улады, бізнэсу, прадпрыемстваў. «Нягледзячы на тое, што мы самы паўночны суб’ект Расійскай Федэрацыі, знаходзімся, як здаецца, на краі зямлі, на беразе Белага мора, тым не менш, у Рэспублікі Беларусь і Архангельскай вобласці ёсць вялікі патэнцыял для ўзаемадзення. У наступным годзе споўніцца 10 гадоў, як у нас падпісана асноўнае пагадненне аб супрацоўніцтве. У мінулым годзе на Форуме рэгіёнаў ва Уфе быў падпісаны план дзеянняў на 2023-2026 гады, там даволі падрабязна апісаны напрамкі супрацоўніцтва. Але сённяшняе жыццё дыктуе нам новыя ўмовы, мы павінны аператыўна рэагаваць на змяненні, якія адбываюцца», — сказаў Аляксандр Цыбульскі. 

У размове з журналістамі Аляксандр Цыбульскі расказаў, што пытанне Паўночнага марскога шляху аднолькава актуальна і для Беларусі, і для Архангельскай вобласці. «Архангельск мае кампетэнцыі і магчымасці для перавалкі грузаў на экспарт. Мы прапанавалі свае магчымасці для перавалкі экспартных грузаў з Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя адпаведныя даручэнні, гэта пытанне зараз адпрацоўваецца, для таго каб паглядзець у частцы, тарыфа, фарміравання кошту перавалкі. Упэўнены, што ў бліжэйшай будучыні, Архангельскі порт будзе для беларускіх экспарцёраў вельмі цікавым. Рашэннем урада Расійскай Федэрацыі пачынаецца праект па развіцці Архангельскага транспартнага вузла, што дасць зусім іншыя магчымасці па суднах, па іх размяшчэнні. Але і сёння ў нас ёсць магчымасці дадаткова перавальваць праз наш порт. Развіццё Паўночнага марскога шляху нязменна ідзе, з’яўляецца адным з прыярытэтаў эканамічнай палітыкі Расіі. І гэта дакладна павінна прынесці карысць усім нашым сяброўскім суседнім краінам, у тым ліку і Беларусі», — адзначыў Аляксандр Цыбульскі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.