Вы тут

Сенсацыйны надпіс знайшлі ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку


Унікальныя графіці знайшлі ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку. Адзін з надпісаў з’яўляецца сенсацыйным. Такую інфармацыю размясціў на сваім сайце Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе БелТА.


Фота Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Спаса-Праабражэнская царква Полацка адкрывае новыя старонкі старажытнай гісторыі Беларусі. Храм з’яўляецца не толькі ўнікальным помнікам старажытнага дойлідства, але і сапраўднай «бібліятэкай» старажытных надпісаў-графіці. Яны датуюцца ХІІ-ХІХ стагоддзямі, а іх колькасць дасягнула чатырох тысяч. У красавіку ў выніку рэстаўрацыйных работ на паўночных дзвярах храма быў расчышчаны фрагмент сцяны, на якой былі знойдзены новыя графіці.

Памінальны запіс у пяць радкоў памерам 17×6,5 см прачытала вядучы спецыяліст цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы, дацэнт Іна Калечыц.

Графіці было зроблена ў ХІІ стагоддзі, аб чым сведчаць палеаграфічныя даныя. Чалавек, які пакінуў надпіс, быў звыклы да пісьма. Графіці ён прадрапаў упэўненай рукой, хоць і крыху экспрэсіўна, некаторыя рыскі — па некалькі разоў. Магчыма, ён быў уражаны смерцю свяшчэнніка. Цітлы, якія аўтар графіці ставіць над скарочанымі словамі, адрозніваюцца па напісанні: для слоў, якія перадаюць святасць, ён выкарыстоўвае прамыя цітлы з рыскамі, для простых слоў і лічбаў — вугалкі.

Даволі кароткі памінальны надпіс, па сутнасці, разгортвае біяграфію чалавека, які прыехаў з Візантыі і быў, хутчэй за ўсё, будаўніком або майстрам фрэскавага жывапісу. Пасля работы ў храмах Полацка і, магчыма, удзелу ў будаўніцтве або роспісе Спаскай царквы, ён застаўся ў горадзе, прыняў свяшчэнства, стаў свяшчэннікам у Спаскай царкве і памёр 1 сакавіка.

Такім чынам, дзякуючы вывучэнню старажытных графіці стала вядома імя яшчэ аднаго чалавека, майстра і свяшчэнніка Аўдакіма, які жыў у часы прападобнай Ефрасінні Полацкай і якога можна паставіць у адзін рад з вядомым дойлідам Іаанам і не менш вядомым майстрам Лазарам Богшам. З графіці Спаса-Праабражэнскай царквы вядомы таксама імёны іканапісца Кузьмы і будаўніка Савы, а таксама свяшчэннікаў і ігуменняў манастыра, якія не згадваюцца ў іншых пісьмовых помніках.

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.