Вы тут

Наталля Качанава правяла нараду па пытаннях рэкламы


Да гэтай тэмы Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску, звяртаецца рэгулярна. Ні адна нарада з прадстаўнікамі Мінгарвыканкама не абыходзіцца без акцэнтавання ўвагі на эстэтычным абліччы сталіцы, у тым ліку ў пытаннях вонкавай рэкламы. Пры гэтым спікер скіроўвае адказных асоб не толькі да прыгажосці і гарманізацыі рэкламнай прадукцыі, а і яе якаснага тэматычнага напаўнення. 


Фота: БелТА

Размова падчас нарады ішла не толькі аб сталіцы, а і аб Мінскай вобласці — у частцы, якая датычыцца Мінскай кальцавой дарогі. «Гэта задача не новая — па эстэтызацыі гарадскога асяроддзя, вонкавай рэкламе, асвятленні, падсветцы, добраўпарадкаванні, — удакладніла Наталля Качанава. — Перад намі стаяць вельмі сур’ёзныя задачы, бо мы разумеем, што горад Мінск — гэта сталіца, аблічча нашай краіны, і таму мы павінны зрабіць усё, каб сталіца выглядала сучасна, эстэтычна і добраўпарадкавана для свайго насельніцтва».

Наталля Качанава нагадала, што задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы і іх трэба выконваць. «Да 1 мая мы павінны поўнасцю навесці парадак з вонкавай рэкламай у Мінску, — канкрэтызавала спікер. — Не проста з устаноўкай білбордаў і яшчэ нейкіх канструкцый, а менавіта са зместам рэкламы. У сталіцы праходзяць сур’ёзныя мерапрыемствы. Рыхтуемся да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачынае сваю работу Усебеларускі народны сход, шэраг іншых мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца і праводзяцца ў нашай краіне. Таму, вядома, і змест рэкламы павінен адлюстроўваць наша жыццё — тое, што адбываецца ў нашай краіне».

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі ў Савеце Рэспублікі. «Мае калегі практычна кожны тыдзень праязджаюць горад у розных яго частках, — паведаміла спікер. — Пачнем з таго, што мы пакажам, якая рэклама ў нас на сённяшні дзень ёсць і дзе ёсць яшчэ нейкія праблемы. Але 1 мая — для ўсіх нас час, калі мы павінны гэтую працу завяршыць».

Дарэчы, парламентарыі ажыццявілі вялікую работу па ўдасканаленні заканадаўства па пытаннях рэкламы. Найважнейшыя праблемныя моманты, якія даўно патрабавалі заканадаўчага ўрэгулявання, разглядалася на пасяджэнні экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі. Праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы» быў адобраны членамі Савета Рэспублікі на пасяджэнні 11-й сесіі Савета Рэспублікі 29 снежня 2023 года. Яго асноўныя палажэнні ўступяць у сілу 11 ліпеня 2024 года.

У прыватнасці, павялічыцца час для размяшчэння рэкламы ў радыё- і тэлепраграмах, якія транслююцца з 18.00 да 22.00, знімецца забарона на размяшчэнне рэкламы ў выглядзе накладання, у тым ліку спосабам «бягучага радка», у перадачах працягласцю менш за 15 хвілін. Мяняюцца падыходы да ўзгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце: цяпер яна будзе ўзгадняцца з мясцовымі органамі ўлады. Удакладняюцца патрабаванні па размяшчэнні рэкламы на помніках архітэктуры і іншых аб’ектах нерухомай матэрыяльнай спадчыны. Уводзіцца забарона на аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы ў інтэрнэце юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не ўключаны ў Рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў і інш. 

Як паведаміла ў размове з журналістамі дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінскрэклама» Таццяна КАЛІЦІНА, на сённяшні дзень у Мінску дзейнічае больш як 20 буйных сеткавых аператараў, вялікая колькасць шчытавых рэкламных канструкцый і канструкцый, прызначаных для размяшчэння вонкавай рэкламы. «Гэтае пытанне — штодзень на кантролі ў горадзе, маніторынг праводзіцца сістэматычна, — удакладніла яна. — Безумоўна, выяўляюцца парушэнні, якія тычацца як тэхнічнага стану шчытавых рэкламных канструкцый, так і якасці і актуальнасці сюжэтаў вонкавай рэкламы. Гэтаму ўдзяляецца ўвага. Пры выяўленні парушэння выносіцца прадпісанне, адпаведна, кантралюецца да ліквідацыі парушэнне». 

Таццяна Каліціна заўважыла, што змяненні ў заканадаўства аб рэкламе прымаліся выключна на падставе практычнай дзейнасці. Па яе словах, новаўвядзенні як дадуць магчымасць упарадкаваць усю вонкавую рэкламу ў горадзе Мінску, так і прывесці яе ў годны стан, які ўвасабляе сталіцу.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.